Да стагоддзя Беларускага Радыё
Да стагоддзя Беларускага Радыё
Пятнадцатага лістапада 2025 года спаўняецца сто гадоў нашаму Беларускаму радыё. Прачнуўшыся раней звычайнага, яшчэ лежучы ў пасцелі, я ўспамінала, колькі ў маім жыцці было яркіх падзей, звязаных з ім. Не, абыйсці гэта свята мне ніяк нельга. Усё, што ведаю, памятаю, я напішу ў гэтым эсэ.      Мая мама ўспамінала, як у 20-е гады мінулага стагоддзя ў яе вёсцы на слупе вісеў чорны рэпрадуктар, з якога былі чутныя нечыя галасы. Мама нарадзілася ў 1917 годзе, а Беларускае радыё пачало сваё вяшчанне ў 1925 годзе. Атрымліваецца, што радыё ўвайшло ў жыццё маёй матулі толькі яшчэ з'явіўшыся на свет. У той далёкі час яно стала для неадукаваных людзей вялікай падзеяй, узбагаціла іх жыццё і пашырыла далягляд.
     З ранняга дзяцінства радыё ўвайшло і ў маё жыццё, але ўжо як само сабой зразумелае. У пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя ў адзіным жылым пакоі маёй сям'і на вуліцы Розы Люксямбург горада Мінска прама над ложкам, дзе я спала разам з брацікам і мамай, на сцяне вісеў карычневы радыёпрыёмнік. Ён працаваў ад радыёсеткі і ніколі не выключаўся. З боем Курантаў і гімнам Савецкага Саюза ў шэсць гадзін раніцы прачыналася наша працаўніца мама, а ў поўнач засынала ўся сям'я. У дзесяць гадзін раніцы па радыё гучалі радыёпастаноўкі для дзяцей з чароўнымі галасамі артыстаў тэатра, якія мы з брацікам з задавальненнем слухалі. Гэтак жа, як і цяпер, напачатку кожнай гадзіны перадавалі "апошнія паведамленні" пра важныя падзеі ў краіне і за мяжой. Я ж вельмі любіла слухаць музычныя перадачы з галасамі знакамітых спевакоў таго часу: К. Шульжэнкі, І. Казлоўскага, С. Лемешава, М.Бернэса, М.Крысталінскай і шмат каго яшчэ.
     Час бег наперад. У наша жыццё прыйшло тэлебачанне і трохі пацясніла любімае радыё. У школе, а затым у інстытуце я захапілася песнямі папулярных у той час спевакоў: У. Абадзінскага, Э. Пьехі, Л. Сенчынай, С.Ратару, Ю. Антонава, вакальна-інструментальных ансамбляў “Самоцветы”, “Песняры”, “Цветы”, “Пламя”, “Верасы” і іншых. Мы, дзяўчынкі, упісвалі словы спадабаўшыхся песень у свае спеўнікі і часта з любоўю напявалі іх.
     Паступіўшы на працу пасля заканчэння інстытута, маё радыё з любімымі песнямі як бы адышло на другі план. Аднак, усё-такі, яно не магло надоўга знікнуць з жыцця маладой дзяўчыны. Справа ў тым, што ў пакоі, дзе ўсе супрацоўнікі нашага інстытута сядзелі круком над навуковымі распрацоўкамі, быў радыёпрыёмнік. Гэтак жа, як і дома, ён уключаўся ў разетку радыёкропкі. Вядома, увесь працоўны дзень мы не слухалі радыё. Але ў адзінаццаць гадзін раніцы ўсе дружна ўставалі на пятнадцацімінутку і з дапамогай дыктара радыё ў музычным суправаджэнні рабілі вытворчую гімнастыку.
     Праз некалькі гадоў я выйшла замуж, нарадзіла сына, і тысяча праблем і клопатаў ізноў адвяла мяне ад любімага радыё. Хаця, доўга я ўжо не магла жыць без яго. Што ж дапамагло мне зноў вярнуць душэўную сувязь з ім? Маленькі радыёплэер, які настройваецца на FM дыяпазоны. Такія плэеры замежнай вытворчасці з'явіліся ў нашай краіне ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Для мяне гэта было сапраўднае адкрыццё. Патрапіўшы на любімую хвалю, апрануўшы маленькія стэрэа навушнікі, можна было выконваць любую хатнюю працу, атрымліваючы задавальненне ад праслухоўвання выдатнай музыкі ці цікавых радыёперадач.
     Да з'яўлення плэера ў маім жыцці быў яшчэ адзін важны момант, звязаны з радыё. Гэта радыёпрыёмнік Акіян. Я вельмі марыла пра такі радыёпрыёмнік. Яго я змагла купіць пасля вяселля на падораныя нам з мужам грошы. Гэты радыёпрыёмнік вельмі доўга паднімаў маёй сям'і настрой. Я адвезла яго на дачу, там ён добра лавіў галасы розных радыёстанцый: “Юнасці”, “Маяка” і нават замежных.
     А той старэнькі плэер цешыць мяне дагэтуль. Цяпер на FM радыёстанцыях нашай краіны можна паслухаць усё, што захочаш: “Радыё Рокс”, “Радыё Победа”, Радыё Мінск”, “Радыё Сталіца”, “Радыё Культура”, “Першы нацыянальны канал Беларускага радыё” і шмат іншых. Па раніцах на першым я слухаю сямейныя радыёперадачы, "Актуальны мікрафон", "Настрой", "Навіны", на “Радыё Культура” - музычныя перадачы, дзіцячую перадачу ДНК. У дзевяць гадзін вечара “Радыё Культура” перадае для дзетак "Вячэрнюю казку". І мой удзел у гэтай перадачы ёсць. Артыстка Ліка Пташук, дачка знакамітага рэжысёра Міхася Пташука, прачытала ў гэтай перадачы шмат маіх казак на беларускай мове, за што я ёй вельмі ўдзячная.
     Мой сын Аляксей у дзяцінстве захапіўся радыётэхнікай. Відаць цяга да вывучэння гэтай навукі яму перадалася ад майго брата Мікалая, які ў юнацкасці выпісваў часопіс "Радыё" і вельмі любіў канструяваць розныя радыёпрылады. Цяпер аматарам радыё не трэба выпісваць такі часопіс. Усё можна знайсці ў інтэрнэце, і мець зносіны з такімі радыёаматарамі, як сам, можна ў інтэрнэце.
     Цікавы падарунак сканструяваў мне мой мын, калі адключылі радыёкропку. Набыты намі радыёпрыёмнік дрэнна лавіў радыёстанцыі. І тады Аляксей стварыў сваю мадэль радыёпрыёмніка, які чыста ловіць у інтэрнэце неабходныя нам радыёхвалі. Алёшын радыёпрыёмнік ужо некалькі гадоў стаіць ў нас на кухні і цешыць музыкай, радыёперадачамі, галасамі любімага Беларускага радыё.
     Хочацца пажадаць, каб Беларускае радыё працягвала жыць і квітнець гэтак жа, як і сто гадоў назад, даносячы да слухачоў важную інфармацыю, узбагачаючы іх жыццё цікавымі культурнымі радыёперадачамі. Усім супрацоўнікам Беларускага Радыё я жадаю моцнага здароўя, творчых поспехаў, матэрыяльнага дабрабыту і мірнага неба над галавой.
     
     14.11.25
17.11.25
Каталог TUT.BY Rambler's Top100