Забытыя цацкі
У маленькай Віялеты заўсёды было шмат цацак. Іх ёй прыносілі ў падарунак яе бабулі, мама і тата. Спачатку яна гуляла з новай цацкай, але неўзабаве цацка надакучала дзяўчынцы. Яна кідала яе на самае дно скрыні для цацак, і са слязамі прасіла падарыць ёй новую цацку. А цацкі крыўдзіліся, ім было вельмі непрыемна, што малая так дрэнна абыходзіцца з імі і зусім не любіць іх.
– Я не буду табе купляць новую цацку, – казала мама дачушцы, – бо ты не беражэш свае старыя цацкі, не любіш іх, часта псуеш і пэцкаеш у бруд.Але праходзіў дзень ці два, і мама, бачачы, як нервуецца і нудзіцца яе дачка, ішла з ёй ў краму цацак. Там яны куплялі новую цацку, якая, здавалася, так спадабалася яе капрызулі.
Так да пятага дня нараджэння Віялеты ў яе пакоі было столькі цацак, што нават маленькаму мячыку не было месца ў скрыні.
– Дачушка! Пойдзем гуляць у двор, – неяк сказала мама. – Паглядзі, якое добрае надвор'е, пясок у пясочніцы блішчыць на сонейку. Вазьмі з сабой самыя любыя цацкі, пагуляеш у пясочніцы з імі.
Дзяўчынка паслухалася і вынесла ў двор вялікі кошык са сваімі цацкамі. А яны як узрадаваліся! Ніколі яшчэ ім не было так весела! Бо дома дзяўчынка так рэдка гуляла з імі.
Неўзабаве ўсе гэтыя цацкі апынуліся ў пясочніцы. Віялета ўзяла шуфлік і пачала сыпаць пясок на кожную з цацак. А тыя пакрыўдзіліся: "Малая зноў выпацкае нас", – падумалі цацкі. Пластмасавая лялька Каця, адчуўшы пясок на сваіх доўгіх раснічках, тут жа заплюшчыла ад спалоху вочкі.
– Якая нядобрая дзяўчынка! – затрашчалі галкі, седзячы на даху альтанкі. – Яна выпацкала ўсе свае цацкі.
А кветкі на кветніку пераглянуліся і дакорліва памахалі галоўкамі.
Але Віялета не заўважыла гэтага і працягвала пэцкаць цацкі. Нарэшце, гэта ёй надакучыла, і яна ўцякла з пясочніцы. На ўгаворванне мамы вярнуцца, дзяўчынка расплакалася:
– Я не жадаю з імі гуляць у пясочніцы! – крыкнула капрызуля. – Пойдзем дадому.
– А цацкі? – спытала мама.
– Яны пагуляюць самі, – вырашыла дзяўчынка.
Да вечара Віялета так і не выйшла ў двор, каб пазбіраць свае цацкі і вярнуць іх у хату. А яны чакалі дзяўчынку, і, не дачакаўшыся, заснулі. Усю наступную раніцу да поўдня цацкі прабылі ў пясочніцы адны.
Нарэшце, дваровая Котка заўважыла іх, пачысціла ад пяску лапкамі і хвосцікам:
– Пойдзем са мной, – сказала яна ляльцы Каці. – Я прывяду цябе ў іншы двор. Там шмат дзяцей. І Котка адвяла ляльку.
Потым прыляцела Сарока. Узяла ў дзюбу шуфлік з вядзерцам і панесла да сябе ў гняздо.
– Я таксама хачу знайсці новых сяброў, – сказала плюшавае Медзведзяня. Яно села на пластмасавы Грузавік, і яны паехалі ў іншы двор.
Затым з пясочніцы сталі знікаць астатнія цацкі. Гумовы Мячык спадабаўся шчанюку хлопчыка Янкі, бліскучую перламутравую птушачку Варона аднесла ў гняздо сваім птушанятам.
Калі на наступны дзень да пясочніцы падышла Віялета, там не засталося ніводнай цацкі. Дзяўчынка, нарэшце, успомніла пра іх.
– Хтосьці выкраў мае цацкі! – гучна заплакала капрызуля, каб усе ў двары пачулі яе.
– Іх не выкралі, яны самі сышлі ад цябе, таму што ты іх кінула, – тут жа затрашчалі галкі.
– Ніхто іх не краў, – сказаў стары дзядуля. Ён часта сядзеў на лаўцы ў двары і бачыў усё тое, што адбылося. – Ты выпацкала іх, потым кінула адных. Вось таму яны пакрыўдзіліся і сышлі ад цябе.
Віялета паглядзела на дзядулю, і ёй стала няёмка. Яна надзьмула губкі і сышла дахаты. Будзем спадзявацца, што гэта гісторыя навучыць дзяўчынку берагчы свае цацкі і не крыўдзіць іх.
Гэта казка на рускай мове
7.09.25
