Залаты касмічны Праменьчык і птушачка Заранка
У бязмежным блакітным небе лятаў залаты касмічны Праменьчык. Ён сам не разумеў, хто яго бацькі, бо ён быў, хоць і залаты, як прамяні Сонейка, але, усё ж, іншы, касмічны. Праменьчык прыляцеў з далёкага космасу ў пошуках сябра, які б гэтак жа, як і ён, любіў спяваць.
Залаты касмічны Праменьчык валодаў абсалютным музычным слыхам. Яго далікатны звонкі галасок разліваўся па небе, адлюстроўваўся ад аблокаў і цешыў нябёсы. Часта Праменьчык засынаў у пухнатай пене белых аблокаў, а, прачнуўшыся, ізноў спяваў, і яго голас гучаў яшчэ прыгажэй.– Ляці ўніз, да Зямлі, – неяк пачуў ён параду старога сівога Воблака. – Там ты знойдзеш добрых сяброў.
– Яны ўмеюць спяваць? – спытаў Праменьчык.
– Умеюць.
– А хто яны? Такія ж, як і я, касмічныя прамяні?
– Не ведаю, – адказала сівое Воблака. – Але спяваюць яны вельмі далікатна і ласкава, табе спадабаецца.
Пачуўшы гэта, залаты касмічны Праменьчык набраўся адвагі і пачаў спускацца ўніз да незнаёмай планеты.
Змяркалася. Пакуль касмічны Праменьчык дабіраўся да Зямлі, зусім сцямнела. Ён асцярожна апусціўся на квітнеючы луг, у густую зялёную траву.
“Гэта не воблака”, – зразумеў Праменьчык, адчуўшы дакрананне тонкіх мяккіх травінак.
– Хто ты? – прашапталі травінкі. – Светлячок?
– Не, я – залаты касмічны Праменьчык, прыляцеў да вас з космасу. Я мару пасябраваць з тым, хто такі ж музычны, як і я, умее прыгожа спяваць.
– Тады кладзіся спаць, – адказалі травінкі. – Раніцай мы пазнаёмім цябе з нашай звонкагалосай спявачкай.
Узрадаваўшыся, што хутка адшукае сябра, Праменьчык заснуў. На досвітку, як толькі з-за гарызонту выплыў краёчак Сонейка, а па зямлі пабеглі яго залатыя праменьчыкі, зялёны луг пачаў прачынацца.
– Сонейка ўзыходзіць на неба, яно сагрэе нас! – шапталіся травінкі і яркія лугавыя кветкі.
Пачуўшы іх вясёлыя галасы, касмічны Праменьчык прачнуўся і выляцеў з травы.
– Якое ты прыгожае, ранішняе Сонейка! – радасна зазвінеў яго касмічны галасок. І тут Праменьчык зразумеў, што зусім побач з ім гучыць іншы звонкі голас. Гэта спявала маленькая птушачка. Яна цешылася ранішняму світанку цудоўнага малінавага колеру і далікатнымі пералівамі свайго голасу будзіла луг і ўвесь зямны абшар. "Ура! – узрадаваўся залаты касмічны Праменьчык. – Я знайшоў таго, хто любіць спяваць гэтак жа, як і я".
Ён падляцеў бліжэй да незнаёмкі ў яркім апярэнні, каб пазнаёміцца з ёй:
– Добрай раніцы, залатая птушачка! Як цябе завуць? – спытаў Праменьчык.
– Заранка! – адказала птушачка з памяранцавай плямкай на грудзях і на галоўцы. – Я заўсёды песняй сустракаю ранішняе Сонейка, бо яго вельмі люблю.
– А я – залаты касмічны Праменьчык, прыляцеў да вас з далёкага космасу. Твой звонкі галасок мне падабаецца, і сама ты такая прыгожая! Давай зранку будзем разам сустракаць наша дарагое Сонейка! – папрасіў ён.
– Добра, – адказала Заранка. – Я згодна, толькі калі ты будзеш мне падпяваць.
Вось так і пасябравалі зямная жоўтагрудая птушачка Заранка і залаты касмічны Праменьчык. З таго часу ўвесну і ўлетку на досвітку па лузе разліваецца цудоўная песня ў выкананні звонкагалосай птушачкі Заранкі і яе адданага сябра, залатога касмічнага Праменьчыка. Гэта песня вельмі падабаецца ўзыходзячаму Сонейку і выклікае захапленне ў слухачоў за сваю ні з чым не параўнальную прыгажосць.
Гэта казка на рускай мове
28.07.25
