
Дзень Перамогі праз 80 гадоў пасля вайны
Горад Мінск рыхтаваўся да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941– 1945 гадоў. Напярэдадні свята ўвесь горад упрыгожылі букетамі кветак, транспарантамі, сцягамі, партрэтамі герояў вайны, якія вызвалілі народы нашай планеты ад фашыстаў і падарылі ўсім мірнае шчаслівае жыццё.
Бабуля Зіна, трымаючы за руку ўнука Сашу, падыходзіла да плакатаў і партрэтаў ваенных, распавядаючы хлопчыку пра тое, колькі людзей загінула тады на франтах вайны, колькі было закатавана фашыстамі ў акупацыі і канцэнтрацыйных лагерах, а таксама памерла ў тыле ад недаядання і цяжкай фізічнай працы.Саша, хаця яшчэ не хадзіў у школу, ужо добра разумеў усё, пра што яму казала бабуля. Шкада, што ён не нарадзіўся трохі раней, калі яшчэ быў жывы яго прадзядуля, бабулін тата. Падчас Вялікай Айчыннай вайны дзядуля быў зусім маладым, ён лятаў на самалёце і скідаў бомбы на фашыстаў. У бабулінай скрыначцы захоўваюцца дзядулявы медалі і ордэны. Саша вывучыў іх і ведае, за які подзвіг яго дзядуля атрымаў кожную з гэтых узнагарод. Хлопчык ганарыцца сваім прадзедам і лічыць сябе яго пераемнікам, прадаўжальнікам слаўных спраў. "Калі фашысты зноў прыйдуць сюды, я буду абараняць маму, тату і бабулю. А калі я вырасту, то стану моцным і адважным, такім, якім быў мой прадзядуля", – вырашыў Саша.
Сёння бабуля прывяла яго ў музей Вялікай Айчыннай вайны, каб ён сам убачыў прадметы, якія захаваліся з тых далёкіх часоў, адчуў атмасферу таго часу і лепш зразумеў, хто падарыў яму і ўсім, хто нарадзіўся пасля вайны, мірнае шчаслівае жыццё.
На падыходзе да будынка музея Саша пачуў урачыстую музыку, яна нагадала яму тыя песні, якія ён часам слухаў дома па радыё. Гэта былі песні пра вайну, іх любіла бабуля, яна распавядала яму, як яны складаліся. Бо аўтарамі гэтых простых шчырых, а парой вельмі адважных песень былі тыя самыя байцы, якія ваявалі на фронце і вельмі любілі сваю радзіму. Яны верылі ў перамогу Чырвонай Арміі і сваё вяртанне дахаты пасля заканчэння вайны. Саша ведаў, што не ўсе маладыя войны, хто вельмі жадаў убачыць родных, дажыў да канца вайны. Колькі іх пахавана ў брацкіх магілах па ўсёй зямлі, не злічыць! Як горка і сумна станавілася на душы ў хлопчыка, калі ён думаў пра гэта…
– У Чырвонай Арміі ваявала шмат маладых людзей, нават дзяцей, падлеткаў, працягнуць вучобу ў школе ім перашкодзіла вайна, – сказала бабуля. – У шматлікіх дзяцей бацькі і маці загінулі на фронце ці ў акупацыі ад рук фашыстаў. Гэтыя дзеці ненавідзелі фашыстаў і ўсімі шляхамі імкнуліся патрапіць на вайну, каб адпомсціць крывавым злачынцам за смерць сваіх родных. Акрамя такіх маладых байцоў, шмат дзяцей дапамагала дарослым у партызанскіх атрадах і ў тыле.
– А што яны рабілі ў партызанскіх атрадах? – спытаў Саша.
– Знішчалі немцаў, падрывалі чыгуначныя пуці, выведвалі планы фашыстаў, выконвалі іншыя даручэнні камандзіраў партызанскіх атрадаў. Яны помсцілі немцам за сваіх родных, якія загінулі на вайне. Нажаль, шмат дзяцей, якія ваявалі на фронце, не дажылі да перамогі. Яны загінулі ў баі ці ў палоне, але не здаліся ворагу.
– Не толькі людзі ваявалі на вайне, – працягвала распавядаць бабуля, – ім дапамагалі навучаныя сабакі, паштовыя галубы. Сабакі выконвалі адмысловыя даручэнні: выяўлялі месцы, дзе немцы падклалі міны, падрывалі варожыя танкі. Галубы праносілі праз поле бою важныя лісты ад разведчыкаў, калі ім самім было цяжка дабрацца да камандзіраў.
У музеі Вялікай Айчыннай вайны Саша ўбачыў шмат баявой тэхнікі, якая ўдзельнічала ў бітвах: танкі, самалёты, кулямёты, вінтоўкі, пісталеты, каскі байцоў са слядамі куль, тыя самыя гімнасцеркі, якія насілі салдаты і, вядома ж, іх ордэны і медалі. Са старых здымкаў на хлопчыка глядзелі твары маладых байцоў, герояў вайны. Саша зразумеў – яны былі такімі ж, як і сучасныя салдаты і генералы, якіх ён бачыў на ваенным парадзе летась.
– Як шкада, што ўсе яны загінулі, – сумна прамовіў хлопчык.
– Вельмі шкада, – падтрымала яго бабуля Зіна. – Але мы з табой будзем памятаць пра іх, яны самі загінулі, абараняючы нас. Усе мы жывём на свеце, дзякуючы гэтым мужным людзям, якія не пашкадавалі свайго жыцця дзеля нашага шчасця і міру на роднай зямлі.
– Вялікае дзякуй вам! – гучна сказаў Саша і з павагай яшчэ раз агледзеў партрэты войнаў.
Дома ён распавёў маме аб усім, што ўбачыў, а яна сказала:
– Мы будзем заўсёды з падзякай успамінаць усіх, хто ваяваў на гэтай страшнай вайне, таму што для нас яны самі і іх подзвіг неўміручыя.
"Я ніколі не забуду іх", – вырашыў Саша і, задумаўшыся, паглядзеў у акно.
А там, за акном, у двары, спявалі птушкі, звінелі дзіцячыя галасы, а на мірным блакітным небе ярка свяціла сонейка. Пад вокнамі іх кватэры пышна квітнеў бэз. Яго водар напаўняў пакоі.
– Заўтра мы з табой пойдзем на парад Перамогі, – сказала мама, – і нарвём з сабой букет бэзу.
– Я падару букет бэзу самаму старому ветэрану вайны, – сказаў Саша.
– Хай будзе так, – падтрымала яго мама. – І тады ён успомніць, як такі ж букет яму дарылі людзі ў нашым горадзе Мінску, калі ён разам з іншымі салдатамі вярнуўся з Берліна пасля заканчэння вайны ўвесну 1945 года.
Гэтэ аповед на рускай мове
9.05.25