
Паездка да бабулі
Марына з Марыкам ніколі не гасцявалі ў бабулі, таму што жылі вельмі далёка ад яе. Мама казала, што да бабулі можна дабрацца за трое сутак на цягніку ці за тры гадзіны на самалёце. І дзеці ўжо не марылі, што калі-небудзь з'ездзяць да яе ў госці. Квіткі вельмі дарагія, у мамы на такую паездку няма грошай.
– Мы бачым бабулю вельмі часта па відэасувязі, – апраўдвалася матуля, але, усё-такі, сама марыла пра такую паездку да роднага чалавека.Аднойчы ёй пашанцавала. На працы яна атрымала вялікую прэмію.
– У бабулі сёлета юбілей. Нам трэба з'ездзіць да яе, – вырашыла яна.
– Ура! – узрадаваліся дзеці. І ўсе пачалі рыхтавацца да доўгачаканай паездкі.
Мама накупляла падарункаў, сабрала рэчы, і яны адправіліся ў дарогу. Тры гадзіны на самалёце праляцелі хутка, затым таксі давезла іх да бабулінай хаты.
Марына з Марыкам, паабдымаўшыся з бабуляй, перш за ўсё абследавалі яе фруктовы сад, агарод і кветнік. Дзяўчынка нават здолела злавіць маленькага бліскучага жучка, а хлопчык заўважыў жабу, але не стаў яе чапаць рукамі. У горадзе дзеці прывыклі да чысціні. Тутака ж было шмат такога, што яны бачылі першы раз у жыцці. Каровы пасвіліся на лузе, па бабулінаму двару хадзілі куры і гусі, рудая котка сядзела на плоце, а вялікі кудлаты сабака ляжаў побач і зусім не рэагаваў на яе.
Але калі да Марыны падышла гуска і грозна сыкнула, натапырыўшы сваю доўгую дзюбу, дзяўчынка спалохалася і ўцякла ў хату.
– Ты чаго? – спытала бабуля, убачыўшы спалоханую ўнучку.
– Там гусі, – спужалася Марына.
– Не бойся. Яны толькі шыпяць, але не дзяруцца, – супакоіла яе бабуля.
Увайшоўшы ў пакой, дзяўчынка ўбачыла на камодзе шмат цікавых мініяцюрных цацак. То былі маленькія фігуркі звяркоў і птушачак. Марына пакратала шкляную сінічку, затым звярнула ўвагу на яркую страказу з перламутравымі крылцамі. "Якая прыгожая!" – захапілася дзяўчынка. Паглядзеўшы праз дзвярны праём на запаленую люстру, Марына зачаравалася сняжынкамі, якія заззялі серабрыстымі праменьчыкамі на дзвярным шкле. Гэтыя застылыя сняжынкі былі незвычайныя. Здавалася, што іх туды прынесла з вуліцы Завіруха і пакінула назаўжды для ўпрыгожвання пакаёвых дзвярэй.
– Бабуля! Што гэта? Сняжынкі? – спытала Марына, паказаўшы на дзверы.
– Так, – памаўчаўшы, пагадзілася бабуля.
– Яны сапраўдныя?
– Вядома.
– Як яны тут апынуліся? – здзівілася дзяўчынка.
– Узімку, калі была віхура, я адчыніла акно, яны і ўляцелі, – усміхнулася бабуля.
– Няпраўда… – разгубілася ўнучка.
– Хочаш вер, хочаш не вер, – адказала бабулька.
– А цацачныя звяркі, яны таксама былі жывыя? – спытала дзяўчынка, паказаўшы на камоду.
– Не ўсе, – сказала бабуля, з любоўю агледзеўшы сваё цацачнае багацце.
– Так хто? – не сцішалася ўнучка.
– Сінічка.
– Яна таксама ўляцела? – яшчэ больш здзівілася Марына.
– Яна захварэла. Я яе карміла на падаконніку. А калі сінічка адважылася і сама заляцела ў пакой, то ўбачыла мае цацкі і засвістала ад радасці. Напэўна, ёй захацелася апынуцца ў іх кампаніі.
– І яна стала цацачнай?
– Так, – бабуля з хітрай усмешкай паглядзела на ўнучку.
А тая нават адкрыла рот ад здзіўлення і пайшла распавядаць брату пра цуды ў бабулінай хаце.
– Ты ведаеш! Наша бабуля – чараўніца! – распавяла яна Марыку, які мірна ганяў на ровары па прасёлкавай дарозе.
– Жартуеш?
– Не. Яна мне сама сказала.
– А ты паверыла.
– Яна і табе гэта скажа.
– Наша бабуля – казачніца. Ты што, не ведаеш?
– Ах, так! – успомніла дзяўчынка пра кнігу казак, якую летась ім даслала бабуля.
Марыне стала няёмка, што за ўвесь год яна не знайшла часу, каб пачытаць казкі сваёй бабулі. А калі праўду сказаць, дзяўчынка проста забылася пра гэту кнігу, яе больш захаплялі відэа на тэлефоне ў TikTok і Telegram.
Вярнуўшыся ў хату, Марына падышла да бабулі і ціхенька запытала:
– Бабуля, ты ўсё гэта прыдумала?
– Як ты здагадалася?
– Ты ж казачніца, я ведаю. І кніжка ў цябе ёсць, ты нам дасылала.
– А ты мае казкі чытала? – спытала бабуля.
– Трохі… – зманіла ўнучка. – Можа мы разам з табой цяпер іх пачытаем? – прапанавала яна.
Пасля бабулінай казачнай гісторыі, у якую Марына так паверыла, ёй захацелася бліжэй даведацца, пра што ж такое піша бабуля. Можа яе казкі нашмат цікавейшыя і займальнейшыя за ўсіх відэа на TikTok.
– Добра. Вось толькі павячэраем і адразу будзем чытаць, – пагадзілася бабуля.
Яна пайшла на кухню гатаваць вячэру, а яе ўнучка падышла да кніжнай паліцы і ўзяла ў рукі кнігу казак з яркімі малюначкамі. Марына адкрыла яе і прачытала на першай старонцы:
– Казкі бабулі для ўнучкі.
"Мая бабуля для мяне іх напісала", – зразумела Марына, з любоўю і падзякай паглядзеўшы на сваю дарагую бабулю.
Гэты аповед на рускай мове
17.01.25