Першая сняжынка Алёнкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Першая сняжынка Алёнкі
Першая сняжынка Алёнкі
Неяк у канцы восені выпадкова сустрэліся ў небе знаёмыя вятры – Паўночны – Сівер і Паўднёвы – Сухавей.      – Прывітанне! – крыкнулі яны адзін аднаму.
     Прыяцелі ляцелі па розных маршрутах: Сівер – з поўначы на ўсход, Сухавей – з поўдня на захад. Пасля кароткага прывітання яны ўжо хацелі разлятацца ў розныя бакі, але потым цікаўнасць спыніла Сівер, і ён спытаў:
     – І што ты робіш тут цяпер у канцы восені? Зямлі патрэбна прахалода, а ад цябе вее летняй спёкай.
     – Я дару раслінам і жывёлам апошнія цёплыя дзянькі перад зімовымі халадамі. Хутка восень скончыцца, і ў гэтыя краі прыйдзе марозная і снежная зіма. Хай зямля яшчэ трохі пагрэецца.
     – А я ўжо даўно гатовы прынесці сюды з поўначы ледзяны холад, ды толькі спадарыня Зіма такой каманды мне не дае, – сказаў Сівер. – Яшчэ не гатовы яе новы ўбор з крышталёвых перламутравых сняжынак і лёду. Але калі хочаш, я магу тут жа замарозіць і ператварыць у снег яе! – Сівер бліснуў ледзяным позіркам на дажджавую хмару, якая плыла побач з Сухавеям.
     – Ты не зможаш гэта зрабіць! – запярэчыў Сухавей, з усмешкай паглядзеўшы на самаздаволенага прыяцеля. – Твае сняжынкі хутка растануць.
     – Растануць, але не ўсе! – прамовіў Сівер. – Глядзі!
     І ён на ўсю моц дунуў на сагрэтую паўднёвым цяплом дажджавую хмару.
     У гэты момант ледзяны холад прабег па ёй. Яе дажджавыя кропелькі ўскрыкнулі ад нечаканасці і тут жа скурчыліся. Некалькі кропелек дажджу не вытрымалі такога холаду і ператварыліся ў ледзяныя кропелькі. А Сівер не жадаў супакойвацца. Ён з неймавернай сілай падзьмуў на хмару яшчэ раз, прымусіўшы яе абрынуцца ўніз да зямлі ў выглядзе халоднага восеньскага дажджу. Гэтым разам яшчэ больш дажджавых кропелек хмары ператварылася ў ледзяныя кропелькі.
     Неўзабаве на зямлю паліўся халодны восеньскі дождж. Разам з астылымі вадзянымі кропелькамі ў лужыны валіліся далікатныя перламутравыя сняжынкі…
     Вечарэла. Алёнка разам з мамай ішла з садка дахаты. Яна атулілася ад дажджу рознакаляровым парасонікам, а заўважыўшы ў лужынах бліскучыя сняжынкі, сказала:
     – Мама! Гэта ж снег!
     Дзяўчынка падставіла далоньку, і на яе звалілася самая чароўная сняжынка. Яна зіхацела, расправіўшы далікатныя ледзяныя крылцы, марачы застацца такой красуняй назаўжды.
     – Гэта першая сняжынка надыходзячай зімы? – спытала Алёнка.
     – Так, – адказала мама.
     А дзяўчынка нават не заўважыла, што сціплы падарунак Сівера ўжо растаў на яе далоньцы. Алёнка думала пра тое, што калі пайшоў снег, значыць хутка будзе зіма і Новы год. І тады мама сшые ёй да навагодняга ранішніка беласнежны ўбор Снягуркі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
24.11.24