Восеньскі вечар
Вось і скончылася лета. Не, не каляндарнае, а тое, што позна распачаталася і доўжылася яшчэ цэлы верасень - першы восеньскі месяц па календары. І нават у кастрычніку было шмат цёплых сонечных дзён, і зусім не было дажджоў. Толькі жоўклае лісце і ўжо па-восеньскаму халодныя ночы злёгку прыадчыняюць накрыты сонечным вэлюмам твар восені.
Аднак, усяму ёсць пачатак і канец. І нішто добрае не можа працягвацца бясконца доўга. Бо такое наша жыццё, яно, як неба, цешыць вока бясконцым ясным блакітным абшарам, але раптам наплывуць аблокі, і вось ужо за імі схаваўся блакіт чыстага неба. А бывае, што ўсё неба атуляць цёмныя хмары.Так здарылася сёння. Да вечара неба зацягнула, і пайшоў халодны восеньскі дождж. Сонцы як не было. Парывісты вецер не змог разагнаць хмары і толькі нагадаў дрэнна апранутым людзям, штотрэба, так, ужо насамрэч прыйшла пара цяпло апрануцца, атуліцца парасонамі і прыгатавацца да капрызаў халоднай восені.
Іду да прыпынку. Вецер цягне мой парасон і імкнецца вырваць з рук, але нават без яго новае паліто з цёплым капюшонам надзейна абараняе мяне ад непагадзі. Праходжу поруч "Алесі". Пад елкамі поруч лавах прытуліліся лямпы-светлячкі. Аднак, нягледзячы на такі інтым, ахвотнікаў пасядзець на мокрых лавах няма. Усе спяшаюцца хутчэй дабрацца да хаты, каб перапрануць мокрую адзежу і абутак, а потым сагрэцца гарачым чаем. "Двухвокія свяцільні-кобры" выстраіліся ў шэраг на праспекце Пераможцаў поруч кінатэатра Масква. Іх святло падаена мокрую плітку, акуратна выкладзеную на тратуары, і здаецца, што ідзеш па кракадзілавай шкуры.
Падышоў аўтобус. Я ў ліку іншых, якія цярпліва чакалі транспарта, хутка ўскочыла ў яго, і аўтобус панёс мяне да майго дома на заслужаны адпачынак пасля напружанага працоўнага дня.
p.s. З таго дня, калі я пісала гэту замалёўку, прайшло 19 гадоў. Сёння 15.10.24. Шкада, што я даўно перастала пісаць свой літаратурны дзённік. Але хоць сёння трохі напішу пра тое, як я цяпер адчуваю набліжэнне восені. Я ўжо даўно на пенсіі і вялікую частку дня праводжу дома. Але ясна ўспамінаю той пахмурны восеньскі вечар, калі я ішла з працы дадому ў той далёкі ўжо цяпер для мяне год.
Шмат гадоў прайшло, але восень усё гэтак жа настае ў нас напачатку кастрычніка. Толькі некалькі дзён назад было па-летняму цяпло. А сёння ўжо халаднавата, і я хадзіла ў краму першы раз у восеньскім паліто. Але марозу яшчэ няма. Ды і дажджоў не так ужо шмат. Другая палова лета і пачатак восені былі вельмі засушлівымі. Увесь жнівень і амаль увесь верасень трымалася спякота. На маёй кухні было пад 30 градусаў, што мне вельмі не падабалася, і было цяжка гатаваць ежу.
Цяпер у нас ужо не тое спакойнае жыццё, што была ў 2005 годзе. Вакол нашай краіны ідуць войны. І таму настрой ва ўсіх не такі ціхамірны, які быў ў першыя гады дваццаць першага стагоддзя. Толькі хочацца верыць, што ўвесь гэты страх скончыцца, дай Бог, у наступным годзе, і мы зажывём спакайней. Дай Божа шчасця і міру нам, абарані ўсіх нас, спыні вайну!
Гэты аповед на рускай мове
15.10.24