Сняжок - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сняжок
Сняжок
Самае вялікае багацце і самая вялікая радасць, што толькі і былі ў старога Мацвея, дык гэта малады конь па манушцы Сняжок і кабыла Сонейка. Белы, як першы выпаўшы снег, з вялікімі разумнымі вачыма конь ніколі не рабіў нічога дрэннага, цярпліва выконваў сваю працу. Гаспадар вельмі шанаваў яго, як свайго надзейнага памочніка ў цяжкай працы на зямлі. Але была ў Сняжка адна слабасць – ён кахаў кабылу. А калі той здаралася быць побач, конь забываў пра ўсё на свеце.      Кабыла была зусім не падобная на каня, няглядзячы на тое, што жыла побач з ім. Агніста рудая, як сонца, яна адрознівалася няўрымслівым характарам і вольным норавам. Яе цяжка было прымусіць хадзіць з плугам, кабыла фыркала і брыкалася. І Мацвей, змірыўшыся з яе наравістым характарам, не вельмі загружаў сваю прыгажуню. А кабыла прывязалася да Кацярыны, малодшай дачкі Мацвея. Дзяўчынка даглядала яе – чысціла кароткую шэрстку і вадзіла купацца на раку.
     Распешчаная кабыла не заўважала кахання каня, а конь не зводзіў з яе вачэй, у стайні цёрся храпай аб яе шыю і нават цалаваў. Белы Сняжок тыкаў носам у бліскучую грыву кабылы, лавіў ноздрамі пах яе цела, і яго вочы слязіліся ад шчасця.
     Мацвей бачыў любоўную прыхільнасць свайго працавітага каня. Стары выдатна разумеў адчуванне ўлюбёнага. І Мацвей быў калісьці малады, прыгожы, і ў яго, здаралася, у душы разгараліся любоўныя пачуцці. Як жа без кахання? Яно патрэбна чалавеку і ўсякаму стварэнню. Каханне сагравае душу, не дае ёй астыць і ўзлавацца, а нагод для гэтага ў жыцці звышдастаткова…
     Калгас. Навошта ён патрэбен Мацвею, калі жадае адняць у яго самае дарагое, тое, што нажыта цяжкай працай. Усё, што ёсць цяпер у старога, не падарунак лёсу. Два кані, дзве каровы, свінні, авечкі, каза – колькі часу і сіл спатрэбілася селяніну, каб купіць іх!
     У яго сям'і восем дзяцей, тры старэйшыя сыны ўжо цалкам самастойныя, але малодшых яшчэ трэба паднімаць – карміць, вучыць. Мацвей зусім не жадаў камусьці дарыць, а дакладней сілком аддаваць багацце, нажытае працай усяго свайго жыцця. Аднак старшыня калгасу, гэты малады бязвусы Ігнат, дакладней Ігнацішка, нахабна жадае адняць у яго каня.
     – Гэй, кулак! Калі не аддасі, – крычыць ён, – сілай возьмем і частку надзелу забяром у прыдачу!
     Вось і вырашыў Мацвей пайсці на хітрасць. Хай бярэ каня. А ён, Мацвей, ведае, як Сняжка вярнуць назад. “Не, не аддам калгасу каня, няхай вазьму грэх на душу, але конь вернецца да мяне!” – думаў стары…
     " Разлучылі. Навошта нас разлучылі?" – тужыў Сняжок, панура патупіўшы свае вялікія, быццам медныя пятакі, вочы ў зямлю. Ужо шмат дзён, як ён не бачыў сваю сяброўку, не адчуваў яе паху, не дакранаўся да яе дрыготкага цела. Яго Сонейка! Цяпер яна у чужой стайні, а вакол яго шмат коней, але каханай няма нідзе. Дзень пры дні конь тужыў і чакаў, што раптам кабыла зноў прыйдзе да яго.
     А тым часам кароткія цёплыя летнія ночы, калі ўсё неба абсыпана зоркамі, і можна паціху, стоячы, спаць прама тутака ж, на лузе каля вогнішча пастуха, змяніліся больш прахалоднымі, восеньскімі. І вось ужо пажоўкла і апала лісце з клёнаў, асін і рабін, бярозкі змянілі зялёны бісер на залаты. Цяпер Сняжок замярзаў па начах, з сумам успамінаючы сваю сяброўку. Не было побач з ім той, што сагравала яго…
     У хаце стары Мацвей, крэкчучы, варочаўся на ляжанцы каля напаленай печы. Яму не спалася. Ён успамінаў свайго любага каня: " Дзе мой Сняжок, дзе мая падмога? Пашлю-ка я да яго кабылу. У цемры ночы на пашы конь не можа не адчуць яе. Ён прыйдзе дахаты следам за ёй!" Вось такім чынам і надумаў хітры Мацвей вярнуць свайго каня.
     Цёмнай бязмесячнай ноччу абудзіў бацька дачку і загадаў ёй скакаць на кабыле да пашы, дзе пасвіліся калгасныя коні. Мацвей не памыліўся. Не прайшло і гадзіны, як Кацярына прывяла за сабой каня. Вось што значыць каханне! Конь адразу ж пачуў сваю каханую сяброўку, варта было ёй апынуцца на той жа пашы, што і ён. Конь пайшоў за ёй следам, ціха, не чмыхнуўшы і не заржаўшы.
     Калі раніцай пастух заўважыў згубу, конь быў ужо дома, у свайго ранейшага гаспадара. Але, нажаль, да раніцы каня ўжо не стала. Толькі душа беднага Сняжка лётала поруч роднай хаты, дзе засталася яго сяброўка. Так стары селянін ажыццявіў свой план. Хай на свеце ўжо ніколі не будзе яго працавітага каня, але Мацвей не аддаў яго нахабнаму калгаснаму злодзею!
     
     p.s. па ўспамінам з жыцця маёй маці Вольгі Андрэеўны.
     
      Гэты аповед на рускай мове
15.10.24