Новая кватэра ў новым мікрараёне і новыя сябры
Тры новенькія ярка жоўтыя пяціпавярховыя хрушчоўскія дамы №5, №7, №9 па вуліцы імя героя Савецкага Саюза В. Скрыганава выстраіліся ў шэраг і ў сонечны дзень нагадвалі жоўтаротых куранят, якія толькі што вылупіліся з яек. Коліна і Таніна сям'я пасялілася ў доме №5, у трэцім пад'ездзе, а сям'я Танінай сяброўкі Люды – у першым. Сярожа і Ігарок, з якімі сябравалі дзяўчынкі на старой кватэры, апынуліся зусім у іншым раёне Мінска. Тым летам Таня, Люда і Коля пазнаёміліся са сваімі аднагодкамі, якія жылі ў новых дамах. І не важна, што ўсе дзеці хадзілі ў розныя школы, бо шмат каго з іх бацькі не пераводзілі ў новую школу, якая толькі што адкрылася побач. Усім дзецям было вельмі цікава сустракацца адно з адным. Дзеці пасябравалі, яны гулялі ў мяч, каталіся на арэлях. А яшчэ дзяўчынкі даволі часта бегалі глядзець кіно, таму што драўляны кінатэатр "Нёман" размяшчаўся недалёка ад іх дома, каля моста праз вуліцу Апанскага. Рафаэль – гэты элегантны малады чалавек з аднайменнай кінастужкі зачараваў усіх дзяўчынак. Каб палюбавацца на яго і паслухаць яго пяшчотныя песні, сяброўкі хадзілі ў кінатэатр некалькі разоў. І заўсёды выходзілі з кіназалы з мокрымі ад слёз вачамі. Іх юныя сэрцы перапаўняла пачуццё кахання да гэтага прыгожага іспанскага спевака і акцёра.
У тыя гады ў Мінску ўжо будаваліся вялікія кінатэатры, таму што запатрабаванне на іх было велізарным. Нягледзячы на тое, што ў многіх кватэрах з'явіліся чорна-белыя тэлевізары, каляровы шырокаэкранны фільм, усё-такі, дастаўляў нашмат большае задавальненне, чым прагляд фільма па тэлевізары.
– Сёння мы з дзяўчынкамі паедзем у кінатэатр "Беларусь" глядзець цікавы фільм, потым я табе яго распавяду, – тлумачыла Таня маме. Яна разумела, што ў матулі няма часу хадзіць у кіно.
Улетку дзяўчынкам, вядома ж, хацелася павесяліцца. Дыскатэк у той час у горадзе яшчэ не ўладкоўвалі, а на маладзёжныя танцавальныя вечары ў Дом прафсаюзаў ім хадзіць яшчэ было ранавата.
Часам у гарачае надвор'е дзеці бегалі да Камсамольскага возера. Яно знаходзілася не далёка ад іх новага месца жыхарства. Трэба было толькі перасекчы чыгуначныя пуці, а потым прайсці праз старыя Татарскія могілкі і спусціцца ўніз да ракі. На возеры можна было пакупацца і пазагараць.
– Гэта возера штучнае, – аднойчы распавяла мама Вольга сваім дзецям. – Яго вырылі ўручную маладыя людзі перад самай вайной. І я ўдзельнічала ў гэтай працы. Вайна перашкодзіла нам урачыста адкрыць новае возера, таму што ў прызначаны для адкрыцця святочны дзень, гэта была нядзеля 22 чэрвеня 1941 года, пачалася вайна.
Гэты аповед на рускай мове
29.08.24