
Чароўныя сняжынкі
У самы звычайны снежаньскі вечар я вяртаюся з працы. Іду і імкнуся больш глыбей удыхаць прахалоднае паветра, атрымліваючы асалоду ад прыемнага спакойнага шпацыру пасля бурнага працоўнага дня. Праходзячы міма крам, мімаволі любуюся маляўнічым і яркім убраннем вітрын. За вялікімі шкламі заўважаю прыбраныя ў зіхатлівыя навагоднія аздабленні штучныя ялінкі, а на плошчы ля Палаца Спорту ўжо паспелі ўстанавіць высокую лясную ёлку. Яна ўся ззяе і пераліваецца. Гірлянды рознакаляровых лямпачак загараюцца і згасаюць у рознай паслядоўнасці, ствараючы ўражанне жывой каляровай мазаікі.
Раптам мне здалося, што дзесьці побач са мной хтосьці прамовіў: "Паглядзіце! Які цуд!". Узіраюся ў цемру і бачу: маленькія сняжынкі, нібы іскрынкі, кружаць і лётаюць у паветры! Яны ўсюды! На вуліцах, у аўтобусах, тралейбусах, у крамах і кіёсках, у легкавых машынах. Сняжынкі міргаюць і пераліваюцца, я нават чую іх меладычны звон, быццам гэта звіняць маленькія званкі, адчуваю іх водар – пах свежай маладой лясной ігліцы. Яны садзяцца да людзей на шапкі і паліто, нават залятаюць у кішэні і сумкі. Вось і да мяне падляцела зіхатлівая іскрынка-сняжынка і апусцілася прама на далонь. І ў тое ж імгненне, нібы па чараўніцтве, мяне ахапіў незвычайны захоплены, злёгку трывожны настрой. Я раптам ясна адчула ўсёй сваёй істотай, што набліжаецца штосьці дзіўнае і чароўнае.Так гэта ж Новы год! Гэта ён паслаў свае чароўныя сняжынкі дзеля таго, каб людзі ў паўсядзённай мітусні не забыліся пра яго. Гляджу і бачу вакол сябе ўсмешлівыя, ажыўленыя твары мінчан. У краме поруч прылаўка з ёлачнымі цацкамі тоўпіцца народ, у кагосьці ў руках маленькая лясная ялінка.
І мне стала ясна, што ў душах тысяч людзей гэтак жа, як і ў маёй душы, ужо запалілася навагодняя іскра трапяткога чакання надыходу самага добрага, самага чароўнага свята – Новага года!
Гэтае апавяданне на рускай мове
8.08.24