Мае дзіцячыя цацкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мае дзіцячыя цацкі
Мае дзіцячыя цацкі
У шафе, дзе стаіць посуд для гасцей, сядзіць пухнатае жоўтае медзведзяня. Яно паціху пазірае на ўсіх з-за шкла, яму сумна там аднаму. Мой сын, якому падарылі цацку ў дзяцінстве, вырас. Ды ён амаль і не гуляў з ёй, таму што мядзведзя падарылі, калі ён быў ужо школьнікам. Цацка амаль новая. Я вырашыла зберагчы яе для ўнукаў.      Калі я сама была дзіцем, у мяне была адзіная анучная лялька з пластмасавай галавой. Я яе вельмі берагла і любіла. Але калі маёй малодшай сяброўцы купілі "нямецкую" ляльку з вачамі, якія маглі заплюшчвацца, я вельмі зайздросціла ёй. На такую ляльку ў маёй мамы тады не было грошай, бо тая лялька была вельмі дарагая.
     І вось я падрасла. Мне было ўжо трынаццаць гадоў. Неяк мы з мамай былі ў Гуме і ўбачылі нашу "савецкую" таннейшую ляльку з такімі ж вачамі. Яна была ў прыгожай ярка-жоўтай сукеначцы і з сапраўднымі касічкамі. Хоць я ўжо вырасла з лялечнага ўзросту, мама купіла яе мне. Аднак я не гуляла з лялькай, толькі разглядала яе і любавалася, пасадзіўшы на бачнае месца ў серванце. Там яна прабыла вельмі доўга, пакуль не нарадзіўся мой сын. Ён быў невымоўна рады, калі ляльку клалі да яго ў ложачак. Ды і потым ён даволі доўга з ёй гуляў.
     А яшчэ лялькамі майго дзяцінства былі намаляваныя і выразаныя з кардона лялькі, для якіх я малявала адзежу і аздабляла яе каляровымі алоўкамі.
     З сяброўкай Людай мы любілі рабіць у двары сакрэты. Пад шкельца на зямлі клалі кветачку, прыгожы каменьчык. Засыпалі шкельца зямлёй, але месца запаміналі і потым паказвалі свае сакрэты адна адной. Мы вельмі любілі гуляць у класікі, скакалку, мяч, у хованкі. Толькі сыдзе снег, а мы ўжо малюем на зямлі класікі і скачам у іх.
     
      Гэтае апавяданне на рускай мове
8.08.24