Музычныя радасці - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Музычныя радасці
Музычныя радасці
У шэры непагодлівы летні дзянёк дзеці сядзелі дома. Ім зусім не хацелася ісці гуляць. У гэты бязрадасны для іх дзень усё неба завалаклі аблокі, і ніводны праменьчык святла не праглядваў скрозь іх.      Маша і Янка ўсю раніцу праседзелі, уткнуўшыся ў свае смартфоны. Толькі адзін Санька вырашыў ісці на прагулку. Ён паклаў сваю любімую флейту, з якой хадзіў у музычную школу, у футарал і накіраваўся да уваходных дзвярэй.
     – Ты куды? – спыталі яго брат і сястра.
     – Гуляць.
     – Так надвор'е дрэннае.
     – А я люблю такое надвор'е, – бадзёра адказаў хлопчык, зачыняючы за сабой дзверы.
     У двары нікога не было. Нават бяздомныя каты не вылазілі з падвала, а вароны, галкі і галубы не тапталіся каля пад'езда. Але Санька не здаваўся. Цяпер яму не хацелася сядзець на лаўцы і глядзець у смартфон. Хлопчык пайшоў далей, на бярозавую алею за дом. Праходзячы па ёй і любуючыся на стройныя высокія бярозы, ён дастаў з футарала флейту і зайграў.
     І раптам адбыўся цуд. На небе з'явіліся сонечныя праменьчыкі. Яны дакрануліся да зялёнай лістоты, і яна заіскрылася! Потым аднекуль прыляцелі птушкі. Санька пачуў, як яны падпяваюць яго флейце. Сініцы звінелі, вераб'і цвыркалі, вароны каркалі. Ім усім раптам захацелася спяваць. Толькі флейта ў гэтым хоры была галоўнай!
     Неўзабаве да Санькі падышлі Маша і Янка. Дома з акна яны ўбачылі ў небе сонца і пачулі Санькіну флейту. Маша ўсміхалася, а Янка, жартам, ствараў штосьці накшталт танца.
     Ва ўсіх падняўся настрой. І гэта было выдатна! Аказваецца, нават сонечныя праменьчыкі любяць слухаць выдатную музыку. Яны прабіваюцца скрозь змрочныя аблокі, каб быць бліжэй да яе і пакружыцца ў музычным рытме.
     
      Гэта казка на рускай мове
9.07.24