Пальчыкі Янкі
Жылі-былі пяць маленькіх пальчыкаў. Усе яны прыналежалі Янку, хлопчыку трох гадоў. Гэтыя пальчыкі на сваёй левай руцэ Янка часта пэцкаў, калі гуляў у двары, а дома мама прымушала сыночка адмываць бруд з пальчыкаў у вадзе з-пад крана. Часам Янка выпэцкваў далоньку і пальчыкі акварэльнымі фарбамі, калі маляваў, а яшчэ горш – зялёнкай, калі хварэў.
– Бяда нам з гэтым гарэзай, – шапталіся пальчыкі. – Чаму ён не пэцкае брудам, фарбамі ці зялёнкай пальчыкі на сваёй правай руцэ?І незадаволеныя выпацканыя пальчыкі з крыўдай і зайздрасцю глядзелі на чысценькія пальчыкі правай рукі хлопчыка.
– Вось дурненькія! Няўжо не зразумела, чаму так адбываецца? – сказаў акварэльны Пэндзлік. – Глядзіце! Янка ўзяў мяне ў правую руку і выпацкаў пэндзлікам левую далоньку і вас.
– Так, так, – пагадзіліся выпацканыя акварэльнымі фарбамі пальчыкі левай рукі.
Але аднойчы яны адпомсцілі заўсёды чысценькім пальчыкам правай рукі хлопчыка. Адбылося гэта тады, калі Янка пачаў пляскаць у ладкі і выпацканай левай далонькай выпацкаў сваю правую далоньку і пальчыкі.
– Так вам і трэба! – узрадаваліся пальчыкі левай рукі хлопчыка.
А іх суседзі на правай руцэ нічога не зразумелі і нават не пакрыўдзіліся, бо мыцца ім прыходзілася заўсёды разам са сваімі зайздроснымі суседзямі. Пад вадой абедзве далонькі і ўсе дзесяць пальчыкаў хлопчыка купаліся даволі часта, таму што мама ўважліва сачыла за іх чысцінёй і прымушала сыночка старанна мыцца.
Але прайшло некалькі гадоў, і Янка стаў больш акуратным. Ён ужо не пэцкае свае рукі ў бруд і акварэльныя фарбы. Хлопчык падрос, ён зразумеў, што яго рукі павінны быць заўсёды чыстымі. Гэта трэба для таго, каб не хварэць.
З тых часоў пальчыкі перасталі сварыцца і зайздросціць адно аднаму. А мама не лае сыночка за яго неакуратнасць.
Гэта казка на рускай мове
8.07.24