Бабуля. апавяданне
Калі Яніна была маленькай, бабуля Надзя часта забірала яе да сябе. Дзяўчынцы падабалася жыць у бабулі. Яна карміла яе смачнымі блінцамі з тварагом, дранікамі, а часам нават духмянымі пірагамі. Бабуля гуляла з ёй у розныя гульні, разам яны прыдумлялі цікавыя казкі.
Калі Яніна падрасла, бабуля ўсё роўна часта запрашала яе да сябе ў госці. Яны хадзілі ў лялечны тэатр і ў кіно, у цырк, гулялі ў парку. А дома ў любую вольную хвілінку бабуля вязала. Яніна хадзіла ў звязаных бабуляй сукеначках, цёплых шкарпэтках, насіла рукавічкі, шалікі і капялюшыкі, зробленыя бабулінымі рукамі.І вось дзяўчынка стала зусім дарослай. Цяпер яна ўсё радзей і радзей зазірала да сваёй бабулі, хаця любіла яе як і раней. У дзяўчыны з'явілася шмат асабістых інтарэсаў. Яна нават не заўважыла, як яе бабуля зусім пастарэла. Але бабулька не забывала пра сваю дарагую ўнучачку. Аднойчы яна патэлефанавала да яе сама, папрасіўшы зайсці, бо вельмі жадала павіншаваць яе з днём нараджэння.
Яніне было прыемна сядзець за сталом у пакоі, дзе яна памятала кожны куток, і атрымліваць асалоду ад смачных пачастункаў. А перад сыходам дзяўчына атрымала ад бабулі яшчэ адзін падарунак - звязаную ёю мяккую пухнатую хустку. Не жадаючы пакрыўдзіць сваю бабулю, Яніна прыняла падарунак, але ў душы вырашыла, што ён ёй не патрэбны. Калі ёй насіць такую старэчую хустку?
Прайшоў час. Ужо няма на свеце дарогай сэрцу бабулі. Яніна не часта, але, усё-такі, успамінае бабульку і той шчаслівы час, які праводзіла разам з ёй. І гэтыя ўспаміны прыходзяць да яе менавіта тады, калі, стомленая пасля дзённых клопатаў, яна дастае з шафы бабуліну хустку і укрывае ёй свае плечы.
Цяпло, якое зыходзіць ад мяккай пухнатай хусткі, нагадвае Яніне цяпло бабуліных рук і той час, калі яна маленькай дзяўчынкай прыціскалася да бабулі, седзячы на канапе і складаючы разам з ёй чароўныя казкі.
Гэтае апавяданне на рускай мове
9.05.24