
Вясновыя радасці (аповед)
Усю зіму, асабліва ў канцы яе, калі снег на зямлі амаль увесь растаў, неба часта хавалі шэрыя хмары, а сонца выглядвала вельмі рэдка і на кароткі час. Людзям надакучыла такое непагодлівае надвор'е, і ўсё чакалі прыходу вясны.
Увесну сонца ярка свеціць, неба ачышчаецца ад хмар і цешыць позірк сваім блакітам. Паветра чыстае і празрыстае, цёплы ветрык ласкава абдзімае твар. Вясна – гэта светла-зялёная траўка і маладыя лісточкі на кустах і дрэвах. Вясна дарыць радасць!Але Максу не пашанцавала. У канцы зімы ён захварэў грыпам і празяваў пачатак вясны. Да таго ж, ён не ўдзельнічаў у пасадцы маладых дрэў у скверы, размешчаным поруч яго школы. Гэта праца была запланавана яго класным кіраўніком Наталляй Сяргееўнай на самы пачатак вясны. "Як шкада, што я захварэў у гэты час", – перажываў Максім. Яго сябар і аднакласнік Сцёпка распавёў па тэлефоне, што іх клас пасадзіў у скверы шэсць саджанцаў – тры ліпы і тры бярозкі.
– Але леташняе смецце ў скверы мы не прыбіралі. Наталля Сяргееўна сказала, што гэта зробіць дворнік, – распавядаў хлопчык. – І як не сорамна людзям кідаць на зямлю недакуркі, паперкі, нават пластыкавыя бутэлькі! А нам потым трэба будзе паліваць дрэвы ў сухое надвор'е, каб яны добра прыжыліся, так сказала Наталля Сяргееўна, – паведаміў Сцёпка свайму захварэўшаму сябру.
– Малайцы, – пахваліў сяброў Максім. – Папраўлюся, дапамагу нашаму дворніку прыбраць смецце.
– Як хочаш, – адказаў Сцяпан.
У панядзелак, збіраючыся ў школу, Макс папрасіў у мамы працоўныя пальчаткі і ўзяў з сабой пакет. Праходзячы па скверы, ён звярнуў увагу на тое, што ўжо амаль усё смецце кімсьці прыбранае. Магчыма гэта зрабіў стары дворнік Сямён Андрэевіч, якога хлопчык ведаў у твар. Але пасля ўрокаў Максім стрымаў сваё абяцанне дапамагчы дворніку і пазбіраў ўсё старое смецце, а затым выкінуў яго ў пакеце ў смеццевую скрыню. Задаволены сваёй ініцыятывай, хлопчык весела пакрочыў дахаты, па дарозе аглядаючы пасаджаныя яго аднакласнікамі маладзенькія дрэўцы. "Яны такія далікатныя і тоненькія. Каб прыжыцца і не захварэць, ім патрэбен догляд. Буду іх даглядаць", – вырашыў ён.
А чараўніца-вясна кожны дзень працягвала адорваць людзей яркім сонечным надвор'ем. Як на дражджах паўсюль на зямлі вырасла і зазелянела траўка, а неўзабаве яе ўпрыгожылі жоўценькія галоўкі дзьмухаўцоў. На галінах дрэў і кустоў з набрынялых почак прадзяўбліся тоненькія лісточкі. Неўзабаве яны падраслі і апранулі расліны ў новыя зялёныя ўборы. Сквер у школы папрыгажэў. Нават на кветніках дзе-нідзе распусціліся першыя садовыя кветкі – нарцысы і цюльпаны.
Праходзячы каля высокіх дрэў, Макс назіраў, як птушкі будуюць новыя гнёзды на самых верхніх галінах. Дзікія галубы вяхіры, якія прыляцелі нядаўна з паўднёвай зімоўкі, гучна буркавалі, паведамляючы адно аднаму пра сваё месцазнаходжанне, а дразды трашчалі, нібы сарокі, адпужваючы ўсіх ад гнязда. Толькі шпакі ціха і мірна скакалі па траве, адшукваючы ў ёй штосьці для пражытку. Ім не трэба было будаваць гнёзды. Іх ужо падрыхтавалі для іх і павесілі на дрэвы добрыя людзі. Нажаль, сёлета Макс не пабудаваў ніводнай шпакоўні, але ў мінулым годзе ён майстраваў шпакоўню разам з аднакласнікамі, а потым яны павесілі яе на высокае дрэва поруч школы. Цяпер у гэтай шпакоўні ўжо хтосьці пасяліўся, хлопчык спадзяваўся на гэта.
У канцы красавіка ў скверы заквітнелі каштаны і распусціліся першыя бэзавыя і белыя кветачкі на гронках бэзу. Велізарная старая яблыня каля школьнай брамкі стала падобная на нявесту ў бела-ружовай вясельнай сукенцы. Яе далікатныя кветачкі прыемна пахлі і прыцягвалі пчол і нават чмялёў. "Як я люблю вясну!” – усміхаўся хлопчык, пазіраючы на блакітнае неба і белыя пухнатыя аблокі.
Так, людзі і птушкі любяць вясну. І не толькі яны. Вясну любяць коткі і сабакі, хатнія і бяздомныя. Колькі казурак нараджаецца ўвесну! Матылькі і мошкі, жучкі і вусені, конікі, на балоце – стракозы і камары. А мурашкі? Вы паглядзіце, як яны увесну без стомы працуюць, наводзячы парадак у мурашніку, і не толькі ў ім. Яны наводзяць парадак у лесе, ачышчаюць яго ад леташняга лісця і сухіх іголак. Якая ж радасць увесну для пчол! Колькі кветак распусцілася для іх паўсюль на палянках, лугах, палях і нават кветніках. А як пахне ўсё гэта вясновае багацце, колькі далікатных водараў напаўняе паветра ўвесну! Які салодкі нектар можна сабраць працаўніцам пчолкам з асяродкаў яркіх кветак!
Вясна – гэта радасць для ўсіх. Яна – чараўніца новага шчаслівага жыцця. Вось і наш знаёмы хлопчык Максім насычыўшыся вясновым паветрам і сонечным святлом хутчэй адужэе, каб працягнуць вучобу і паспрабаваць скончыць навучальны год з добрымі і выдатнымі адзнакамі.
Гэтае апавяданне на рускай мове
4.05.24