
Мая новая кніга для дзетак
Дарагія сябры! Новы 2024 год надарыў мяне вялікай радасцю. Дзякуючы выдавецтву "Чатыры чвэрці" г. Мінска ўбачыла свет мая кніга для дзяцей - казачная аповесць "Чароўны Светлячок, ці зямныя прыгоды сыночка Поўні". Маладая мастачка з г. Гродна Людміла Сцяпанава з вялікай любоўю малявала ілюстрацыі да маёй аповесці пра Светлячка, які робіць добрыя справы і гэта прыносіць яму бязмерную радасць і шчасце. Такая бескарыслівая любоў жыве ў маленькіх дзецях. Як важна зберагчы яе і не разбурыць чыстую дзіцячую душу, веру ў каханне і сардэчнасць усіх, хто абкружае дзіцё.
Гэта новая казка пра жыццё малюсенькіх насельнікаў нашай планеты - казурак, назіраць за якімі я вельмі любіла ў дзяцінстве. Да дванаццаці гадоў маё жыццё праходзіла ў цудоўным кутку Мінска, на шчасце не разбураным падчас вайны. Гэты даваенны кавалачак сталіцы ў той час размяшчаўся недалёка ад Дама Ўрада. Ён запар складаўся са старых драўляны хат, абкружаных кветнікамі, агародамі і велізарнымі старымі дрэвамі.
З самага ранняга дзяцінства я разам з суседскімі дзецьмі шмат часу праводзіла ў двары дома №34 па вуліцы Розы Люксембург. (Нажаль, цяпер такога дома ўжо няма, ён, як і ўвесь стары раён, быў знесены ў сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя, пры будаўніцтве праспекта Дзяржынскага.)
Улетку гэты двор, як і ўвесь наш гарадскі квартал, патанаў у зеляніне, дзякуючы старанням добрасардэчных гаспадынь маленечкіх кватэр. Поруч ганкаў дома былі імі створаны кветнікі, на градках у агародзе пасаджана гародніна. З-за невысокіх агародж кветнікаў на дзетак глядзелі далікатныя тварыкі квітнеючых садовых рамонкаў і вяргіняў, гладыёлусаў і хрызантэм. Кветкі захаплялі і цешылі позіркі дапытлівых дзетак яркімі фарбамі і напаўнялі паветра прыемнымі кветкавымі водарамі. А ў гэта ж час ледзь далей ад кветнікаў, на градках у агародзе, зіхацелі на сонцы тонкія доўгія стрэлкі зялёнай цыбулі, злёгку калыхаліся касматыя хвосцікі морквы, буракоў і духмяныя парасонікі кропу.
Над усёй гэтай багатай расліннасцю гарадскога двара ззяла гарачае летняе сонейка, асвятляючы пырхаючых чараўнікоў з нябачанай казкі: рознакаляровых матылькоў, перламутравых стракоз, ярка чырвоных баговак, залацістых пчолак і чмялёў, вірлавокіх мух, бліскучых вусатых жукоў, касматых вусеняў-станожак. Гэтыя цудоўныя казуркі зачароўвалі дзяцей сваёй прыгажосцю і чароўнымі ўменнямі: узлятаць і садзіцца, гудучы як шрубалёт, імчацца з нябачанай хуткасцю, поўзаць па лісцікам і сцяблінкам, чапляючыся за іх сваімі тонкімі лапкамі. З высокай травы днём і пад вечар па двары разлівалася гучнае стракатанне конікаў. Але нават заўважыўшы такога "музыку", злавіць яго не траплялася ніякай магчымасці. Згледзеўшы надыходзячую небяспеку, гэта казурка куляй выстрэльвала з травы, тэрмінова пералятаючы ў іншае больш бяспечнае месца.
Але вось сонца хілілася да захаду, і ў гэты час пачыналася яшчэ адно прадстаўленне - прама пад галінамі дрэў пачыналі раіцца чароды малюсенькіх мошак. Які танец яны танчылі да позняга вечара, нікому акрамя іх не было вядома. Шкада, што частка з гэтых няўрымслівых дробак часта трапляла ў дзюбы сініц і вераб'ёў, ластавак і шпакоў.
У дварах гэтага патанаючага ў зеляніне раёна Мінска гнездавалася шмат птушак. Шпакі і сініцы сяліліся ў драўляных хатках, прыбітых кімсьці са сталых жыхароў дома да высокіх дрэў, сарокі і вароны самі вілі сабе гнёзды, вераб'інае цвырканне даносілася з разрослых кустоў бэзу і руж, а гнёзды ластавак можна было знайсці пад стрэхамі дамоў. Пад дахам аднаго з дамоў быў вялікі галубятнік, дзе яго гаспадар трымаў белакрылых паштовых галубоў.
Малышы з нашага двара, якія нарадзіліся ў першыя пасляваенныя гады, не маглі не заўважаць казачнае жыццё казурак і птушак, якое працякала побач з імі. Дзеці насычваліся прыгажосцю прыроды, назіралі за казуркамі і птушкамі, каб пранесці гэтыя дзіцячыя ўражанні праз сваё дарослае жыццё.
У казачнай аповесці "Чароўны Светлячок, ці Зямныя прыгоды сыночка Поўні" я сабрала вясёлыя і пазнавальныя гісторыі пра жыццё лесу і яго насельнікаў - казурак, раслін і птушак. Галоўны герой аповесці - маленькі чароўны і вельмі дапытлівы жучок, які валодае добрым і чулым сэрцайкам. Пра яго прыгоды, пра каханне, сяброўства і адданасць, пра спагадлівасць і павагу да старэйшых, пра адвагу і сумленнасць, пра ўменне адрозніваць дабро ад зла, пра імкненне быць патрэбным і дапамагаць тым, хто патрапіў у бяду, распавядзе мая новая кніга.
20.01.24