Аб чым марыць Волечка? 3 частка. Смоўжык
Ура! Я яшчэ на дачы, мае канікулы працягваюцца!" – усміхнулася Волечка, салодка пацягнуўшыся са сну. Яна ўспомніла, што ўчора дзядуля абяцаў ёй яшчэ адзін шпацыр у лес, каб адшукаць дупло Вавёрачкі, той самой, якая паказала амялушкам дарогу да рабінушкі.
– Ты ўжо прачнуўся? – спытала Волечка ў дзядулі, хуценька апрануўшыся і вызірнуўшы ў двор.– Так, унучачка. Я нават сняданак прыгатаваў, ідзі, паснедай, ён на стале стыне.
– А калі мы пойдзем у лес, ты ж абяцаў? – спытала ўнучка, заўважыўшы, што дзядуля заняўся нейкай іншай працай у садзе.
– Зараз пойдзем, збірайся.
Дзядуля не забыўся пра сваё абяцанне. Не прайшло і гадзіны, як Волечка апынулася ў тым самым лесе, на той жа сцяжынцы, па якой яны ўчора выходзілі з лесу.
Але ці жыла ў гэтым лесе тая самая Вавёрачка, пра якую распавядаў дзядуля? Гэта не вядома. Хутчэй за ўсё ў лесе жыла вавёрачка, але ўжо зусім іншая. Магчыма, яна таксама пазнаёміла амялушак, якіх надоечы бачылі нашы сябры, з рабінавымі месцамі свайго лесу.
– Глядзі, дзядуля, вавёрачка сядзіць на галінцы поруч дупла, – унучка паказала ўгару на высокую хвою. Там, на вышыні, рыжахвостая вавёрка рабіла запасы на зіму – складала ў дупло лясныя арэхі і жалуды. Згледзеўшы ўнізе людзей, яна зусім не спалохалася, а толькі натапырыла вушкі для асцярожнасці.
– Вавёрка зусім не баіцца жыць на вышыні! – захапілася дзяўчынка.
Волечка звярнула ўвагу на шурпаты ствол і тоўстыя карані старога дрэва, якія выглядвалі з-пад зямлі. Унізе, пад хвояй, дзяўчынка заўважыла яркі жоўты каменьчык, падняла яго і добра разгледзела.
– Я знайшла каменьчык, ён нават свеціцца! – унучка паказала дзядулю сваю знаходку.
– Зусім магчыма, што гэта кавалачак смалы. Ён калісьці адарваўся ад хвоі і зваліўся на зямлю, – адказаў стары, праціраючы ад бруду каменьчык, пакуль той не заззяў.
– Смала хвоі ператвараецца ў бурштын, я пра гэта чула, – узрадавалася Волечка. – Бачыш, каменьчык падобны на Смоўжыка! – захапілася яна. – Я адвязу яго дамоў. У маёй калекцыі казачных фігурак няма Смоўжыка.
– Вось і добра! Ты адшукала ў лесе для сябе казачны падарунак, – пахваліў яе дзядуля.
– Шкада, што гэта вавёрачка не звяртае на нас увагі, – Волечка з дакорам паглядзела ўгару на хвою.
– Яна працуе, не адцягвай яе, – параіў дзядуля. – Ёй трэба падрыхтавацца да зімы: насушыць грыбоў, сабраць арэхаў, жалудоў, а мы з табой ёй замінаем. Пойдзем лепш, проста пагуляем па лесе.
– Добра. Тады я буду збіраць прыгожыя лісточкі для гербарыя, – пагадзілася ўнучка. Яна ўспомніла, што ў школе настаўніца дала заданне – на канікулах насушыць лісця і кветак для гербарыя.
Са шпацыру Волечка вярталася з вялікім букетам яркай восеньскай лістоты і нават лугавых кветачак, якія яна адшукала на палянцы. Каб атрымаўся добры гербарый, іх трэба было правільна засушыць, а гэта дзяўчынка ўмела рабіць. Акрамя таго, пасля такога ўдалага шпацыру ў яе з'явіўся чароўны Смоўжык. Волечка паціху сціскала яго ў сваёй далоньцы, прыгаворваючы:
– Хутка ты пазнаёмішся з маімі сябрамі. Яны жывуць дома на камодзе. Іх шмат, ты пасябруеш з імі. Усе яны прыйшлі да мяне з казак. Я іх люблю, а яны любяць мяне. Ты будзеш іхнім новым сябрам.
Маленькі лясны бурштынавы Смоўжык, не сапраўдны, а казачны, слухаў Волечку і быў рады, што ўсё так атрымалася. Смоўжык ужо даўно ляжаў на волкай зямлі ў лесе, дзе яму было непрыемна і сумна. Ён разумеў, што зараз у яго пачынаецца новае шчаслівае жыццё.
Гэта казка на рускай мове
11.11.23