Будучы аўтамабіліст - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Будучы аўтамабіліст
Будучы аўтамабіліст
Цяпер час аўтаматызацыі, робататэхнікі, нанатэхналогій. Навукоўцы вывучаюць магчымасці паляпшэння экалогіі нашай планеты. Пра гэта ведаюць усе. Але ў вялікіх гарадах усе двары "завалены" аўтамабілямі, якія выхлапнымі газамі псуюць паветра побач з жылымі дамамі. Добра, калі твой двор зялёны, і дрэвы могуць хоць трохі ачышчаць паветра. А калі ў новым мікрараёне поруч шматпавярховак, падобных на запалкавыя скрынкі, зусім няма дрэў ці кустоў, іх яшчэ не пасадзілі. Як тады ратавацца ад дрэннай экалогіі?      У маладых сем'ях падрастаюць дзеці, і ўсе яны, не гледзячы ні на што, мараць у будучыні стаць вадзіцелямі, кіраваць уласным аўтамабілем. Бо гэта так класна! Можна паехаць куды заўгодна, хоць на край света.
     Вось і Мікіта марыў пра гэта. У яго сям'і была машына, толькі не маміна, а татава. Але гэта было даўно, і хлопчык дрэнна запомніў паездкі з татам на яго аўтамабілі. А потым тата чамусьці з'ехаў жыць у іншы горад і зусім перастаў наведваць іх з мамай. Мікіта моцна перажываў разлуку з татам, але калі мама ўсё яму добра растлумачыла, ён зразумеў, што тата здрадзіў ім.
     З тых часоў прайшло некалькі гадоў. Мікіта падрос, ён вучыцца ў пятым класе і сам марыць пра свой аўтамабіль. Хлопчык глядзіць на машыны, якія выстраіліся пад акном, і ўжо вывучыў іх маркі. "Калі я вырасту, то абавязкова зараблю грошы і куплю такі аўтамабіль", – марыць Мікіта. І гэта яго мара, вядома ж, калі-небудзь спраўдзіцца, бо хлопец расце мэтанакіраваным і працавітым.
     Нядаўна іх клас вадзілі на экскурсію на Мінскі аўтамабільны завод. Ён размешчаны зусім недалёка ад школы хлопчыка. Да таго ж, на заводзе працуе мама і яго дзед. Яны таксама добра, можа нават лепш, чым Мікіта, разбіраюцца ў аўтамабілях. У дзеда калісьці быў легкавы аўтамабіль, але ён яго прадаў.
     Экскурсія на завод аказалася супер класнай. Хлопчык убачыў увесь працэс зборкі грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. А яшчэ экскурсавод распавяла гісторыю завода. Аказваецца, МАЗ быў створаны 9 жніўня 1944 года. У той час Мінск быў нашмат меншы, чым цяпер, і пляцоўку для завода абралі ў сямі кіламетрах ад горада. Гэта месца называлася "Чырвонае ўрочышча". Ужо тады там, на старым даваенным заводзе пачалі зборку грузавых аўтамабіляў, якія былі вельмі патрэбныя для аднаўлення разбураных гарадоў і мястэчкаў.
     Пасля наведвання гэтай экскурсіі, Мікіта вырашыў, што пасля заканчэння школы пойдзе працаваць на завод і паспрабуе паступіць ва ўніверсітэт, каб вывучыцца на інжынера. "Я б хацеў навучыцца канструяваць прыгожыя і зручныя аўтамабілі, толькі каб яны працавалі на экалагічна чыстым паліве", – марыў хлопчык.
     – Мама! Пасля школы я буду працаваць на вашым заводзе, я так вырашыў, – сказаў Мікіта. – Але я не ведаю, куды мне трэба будзе паступіць, каб стаць канструктарам аўтамабіляў?
     – А ты спытай у дзеда, калі ён прыйдзе з працы, ён калісьці даўно скончыў політэхнічны інстытут (БПІ) і з тых часоў працуе інжынерам на нашым заводзе, – адказала мама.
     Дзядуля не паленаваўся і з дапамогай смартфона адшукаў разам з унукам тую спецыяльнасць у сваім Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ), зараз ён так завецца, якую захацеў абраць для сябе Мікіта.
     – Табе трэба будзе паступаць на АТФ (аўтамабільна-трактарны факультэт), – усміхнуўся стары.
     – Там ёсць канструяванне?
     – Ёсць, глядзі, "аўтаматызаванае праектаванне аўтамабіляў". У цябе будзе спецыяльнасць – інжынер-канструктар.
     – Ура! – узрадаваўся хлопчык. – Я буду працаваць і вучыцца, зараблю сабе грошай і куплю аўтамабіль.
     – Але ты ж хочаш яго сканструяваць ці не? – спытаў дзед.
     – Я спачатку вывучуся, а потым сканструюю аўтамабіль для сябе і для другіх, – вырашыў Мікіта.
     Яны пераглянуліся і чамусьці засмяяліся.
     – Не, ты не смейся, – сказаў сур'ёзна Мікіта, – я ўжо хутка куплю сабе класны аўтамабіль. Вось убачыш.
     – Абавязкова купіш, але спачатку табе трэба скончыць школу і ўніверсітэт, а яшчэ зарабіць грошы. Усё будзе так, як ты жадаеш, ты зацяты і смелы, не лянуешся працаваць, – сказаў дзед. – А калі купіш аўтамабіль, то пакатаеш мяне на ім?
     – Абавязкова! Ты і мама – мая сям'я, з вамі мы аб'ездзім увесь свет! – паабяцаў Мікіта.
     Так пажадаем жа яму поспехаў у рэалізацыі яго планаў і шчаслівага жыццёвага шляху.
     
      Гэты аповед на рускай мове
9.09.23