17 частка. Пачатак працоўнай дзейнасці
Ішоў 1975 год. Пасля паспяховай здачы выпускных экзаменаў і абароны дыплома, я з гонарам атрымала з рук дэкана энергетычнага факультэта чырвоненькую кніжачку, дыплом аб заканчэнні БПІ па спецыяльнасці інжынер-цеплаэнергетык. Памятаю, у якім выдатным настроі я ехала ў тралейбусе дадому. У галаве і сэрцы ўсё спявала ад радасці і незвычайнага адчування шчасця: "Ура! Я скончыла інстытут, больш ніякіх экзаменаў і залікаў здаваць не трэба! Воля!" Што ні кажы, я адчула, што з маіх юных плячэй зляцеў велізарны груз адказнасці і хваляванняў. Вядома ж, ва ўзнагароду я атрымала адпачынак, хоць і невялікі – усяго месяц да пачатку сваёй працоўнай дзейнасці. І гэты час мне ўдалося выкарыстаць з вялікай карысцю для сябе.
Паездка з аднакурсніцай на паўднёвы бераг Крыма, у Гурзуф, першы раз у жыцці ўбачыць мора, пакупацца, пазагараць, аб'ездзіць найпрыгожае крымскае ўзбярэжжа на прагулачным катэры – стала для мяне выдатным падарункам лёсу, пра што я дагэтуль успамінаю з падзякай.
Дзве сястрычкі, мае "правадніцы", прывезлі мяне ў цудоўны казачны куток Зямлі, дзе мора, якое злівалася за гарызонтам з небам, іскрылася ў прамянях сонечнага святла, а ўсё ўзбярэжжа патанала ў цвеце. Я ўпершыню ўбачыла субтропікі – пальмы і кіпарысы, любавалася гарыстым крымскім узбярэжжам, удыхала п'янлівае марское паветра.
Але ўжо ў жніўні ў мяне пачаліся звычайныя працоўныя будні, якія здаліся тады зусім не цяжкімі. Маладосць, добры настрой, новыя сяброўкі і цікавасць да прафесіі дазволілі мне хутка ўключыцца ў працу ў навукова-даследчым энергетычным інстытуце, у які я размеркавалася. Мяне адразу ж "падключылі" да новай у той час вобласці распрацовак, для мяне зусім незнаёмай. Я пачала вывучаць праграміраванне. Новыя кнігі па праграміраванні, алгарытмы трывала занялі месца на маім працоўным стале. Ні пра якія персанальныя камп’ютары ў той час у нас у інстытуце яшчэ не было нават гаворкі.
Першая вылічальная машына, на якой я навучылася працаваць і адладжвала сваю праграму, напісаную на мове Фартран, называлася ЕС ЭВМ-1022. Гэтыя машыны ў той час ужо выпускаў Мінскі завод вылічальнай тэхнікі. Вялікая зала на трэцім паверсе нашага інстытута была запоўненая металічнымі шафамі з электронным абсталяваннем. Каб завесці ў машыну праграму, кожны аператар якой набіваўся на асобнай перфакарце на спецэяльным перфаратары, было прадугледжана ўстройства для счытвання закадзіраванай інфармацыі з калоды перфакарт. Пасля апрацоўкі гэтай інфармацыі транслятарам і кампаноўшчыкам, машына запускала праграмны модуль на выкананне. У канцы адпрацоўкі праграмы можна было распячатаць тэкст праграмы і выхадныя вынікі ў выглядзе форм ці табліц на спецыяльным прынтары. Як працаваць на ЭВМ я хутка сцяміла, назіраючы за працай больш дасведчаных праграмістаў, а вывучыўшы мову праграміравання Фартран, углыбіўшыся ў сутнасць тэхналагічных алгарытмаў, я паступова асвоілася ў напісанні праграм.
Першая электрастанцыя, для якой я пісала і адладжвала свае праграмы, была Канакоўская ДРЭС, падмаскоўная электрастанцыя з васьмю энергаблокамі па 300 Мвт. Чатыры гады разам з такімі ж праграмістамі, як сама, і алгарытмістамі я ездзіла на гэту электрастанцыю ў камандзіроўкі. Звычайна камандзіроўкі выпадалі на зіму, калі заканчваўся дагавор са станцыяй, і "падціскаў" тэрмін здачы ў эксплуатацыю нашых праграм. У Маскве мы пераязджалі з Беларускага на Ленінградскі вакзал па кальцавой лініі метро, а затым на электрычцы ехалі ў невяліки гарадок Канакова, размешчаны на Волзе рацэ. Тады я ўпершыню ўбачыла ў Маскве Чырвоную плошчу, ГУМ, ЦУМ, вуліцу Горкага (цяпер Цвярскую), Арбат, дзе любіла перакусваць у невялікай "забягалаўцы" смачным гарачым курыным булёнам з булачкай. У той час мы прывозілі дадому з Масквы тое, чаго ў Мінску не было – мандарыны, глазураваныя сыркі, натуральную каву з Елісееўскага ўнівермага, імпартныя ніткі для вязання, павлапасадскія хусткі, шапкі, дзіцячыя цацкі і адзежу, фотаальбомы, кнігі. Усяго ўжо не запомніць. З Масквы ў Канакова везлі сухую каўбасу, сала, сыр для вячэры і сняданку, абедалі ж мы на станцыі, а ў крамах у гэтым гарадку выбар прадуктаў быў не вялікі.
На станцыі ў той час працавала найноўшая па тых часах вылічальная машына М-400-40, якая ўжо была аснашчана прыборамі сувязі з датчыкамі, устаноўленымі на энергаблоках. Аднак мы не займаліся прывязкай праграм да станцыйнай інфармацыі. На электрастанцыі быў спецыяльны аддзел праграмістаў, які займаліся гэтай працай. Ім мы і здавалі распрацаваныя намі праграмы. Праз клавіятуру чорна-белага манітора ўручную трэба было ўвезці неабходныя для працы праграм рэальныя значэнні інфармацыі, каб праверыць правільнасць сваіх разлікаў. Станцыя давала нам час для працы звычайна ў ноч. Таму пад вечар мы здзяйснялі пешы шпацыр з мястэчка на ДРЭС ўздоўж змёрзлай ракі, а раніцай вярталіся назад у гасцініцу гарадка. Усе мы былі маладыя, і мароз нам быў не страшны.
18 частка аповесці
22.08.23