3 частка. Як мы раслі – радасці, трывогі і выратаванне - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
3 частка. Як мы раслі – радасці, трывогі і выратаванне
3 частка. Як мы раслі – радасці, трывогі і выратаванне
     
Коля! Дай мне пакатацца на самакаце! – наперабой прасілі дзеці.      Хлопчыку, змайстраваўшаму самакат з дошак, цвікоў і некалькіх аўтамабільных падшыпнікаў, самому на ім некалі было катацца. Занадта шмат ахвотнікаў – усе дзеці са двара. І так кожны пагодлівы дзень. А каталіся ўсе ад высокага дрэва на горцы вуліцы Клары Цэткін уніз да калонкі. Калі ж вуліцы і тратуары заасфальтавалі, катацца стала наогул цудоўна.
     Коля быў майстар на ўсе рукі. Ён выточваў з дрэва самаробныя пісталеты, рабіў рагаткі і забяспечваў усім гэтым хлапчукоў. Але самакат дзяўчынкі шанавалі больш.
     Летнія забавы. Іх было не вельмі шмат. Дзеці гулялі ў двары ў хованкі, па чарзе круцілі скакалкі, скакалі праз іх, а яшчэ гулялі ў класікі. Як толькі ледзь-ледзь падсыхала зямля, малявалі на ёй класікі. Гулялі ў іх усім дваровым гуртом – хлопчыкі і дзяўчынкі. Часам хлопчыкі збіраліся і гулялі ў казакі-разбойнікі.
     Адна суседка, хто, я ўжо не памятаю, умела добра іграць на баяне. Яна выносіла інструмент і садзілася на лаўцы ля драўлянага стала, размешчанага ў цэнтры двара. Гэта было адмысловае месца. Вакол стала і лавак хтосьці калісьці пасадзіў кусты белых руж. Гэтыя кусты разрасліся. Таго, хто сядзеў у кустах, не было відаць. Цудоўная музыка разлівалася па двары, а я, у той час мне было гадоў пяць, не магла ўтрымацца і бегла да кустоў. Хаваючыся за імі, танчыла. Мабыць, музыкантка заўважыла гэта і сказала маме, каб яна аддала мяне вучыцца ў музычную школу. Але гэта адбылося, толькі калі мне споўнілася дзевяць гадоў. Пасля праслухоўвання, мяне залічылі ў 3-ю музычную школу, размешчаную ў Доме культуры танкасуконнага камбіната, яго бакавой частцы. Гэты будынак захаваўся дагэтуль. Да яго прыбудавалі Тэатр музычнай камедыі, а ранейшыя музычныя класы школы ператварылі ў грымёрныя.
     І хоць для мамы мая новая школа патрабавала дадатковых затрат, яна рызыкнула і ўсё-такі аддала мяне туды. Я вельмі ўдзячная ёй за гэта…
     
     Не вельмі прыемная, нават сур’ёзная гісторыя здарылася са мной у ранішні час дзяцінства.
     – Таня! Пайшлі да бабулі за семачкамі! – аднойчы прапанавала мне старэйшая па ўзросце, школьніца Ала, якая жыла у светлым пакоі на верхнім паверсе суседняга дома.
     Бабулька, якая гандлявала семачкамі, жыла праз дарогу ад нас у падвальным памяшканні па тых часах даволі багатага дома. Гэты дом быў абнесены высокім плотам. У яго двары каля брамкі часта збіралася некалькі гаспадарскіх сабак. Я была малой, нічога не ведала пра сабак і пра тое, хто жыве ў гэтым доме. А ў ім жыў бацюшка, які служыў у царкве на Ваенных могілках. Часам мы яго бачылі, калі ён вяртаўся дадому. Бабульцы ён даў прытулак і месца для жыцця. Яна купляла на базары семачкі, смажыла іх і потым, стоячы на вуліцы ля брамкі, прадавала прахожым. Мы, дзеці, часта завітвалі да бабулькі за смачным ласункам. За пяць капеек яна прадавала нам чорныя семачкі ў маленькім кулёчку з газеты. Але ў той дзень бабуля не стаяла ля брамкі. Ала пацягнула за ручку, брамка была на спружыне. Мы ўвайшлі ў двор. Ала пайшла да бабулі ў яе камнацёнку, а я засталася чакаць яе тут жа каля брамкі. Не ведаю, як гэта адбылося, але сабак у гэты момант ля брамкі не было. Яны, мабыць, пачулі чужога і прыбеглі аднекуль з другога канца двара прама да мяне. Абкружылі з усіх бакоў і пачалі брахаць і скакаць. Я самлела ў крыку. Прыбегла гаспадыня, адагнала сабак і вывела мяне з двара. Якога колеру быў мой твар, я не ведаю. Але дахаты я ледзь прыйшла. Мама мяне паспрабавала супакоіць. Але гэты спалох не прайшоў для мяне дарма. Пасля таго я пачала па начах трызніць, уставаць і хадзіць, пра што нічога не магла ўспомніць раніцай. Мама вадзіла мяне да ўрачоў, але нічога не дапамагала. Тады яны сказалі ёй, каб яна шукала бабку. Адна вельмі старая бабуля, якая ўмела замаўляць ад спалоху, у той час жыла ў раёне чыгуначнага вакзала. Мама пайшла да яе сама, узяўшы з сабой бутэльку з вадой. Бабуля сказала:
     – Ваша дачка палохалася тройчы, два разы сабак, трэці – не ведаю чаго. У яе можа пачацца падучка. Калі мае лекі не дапамогуць, прыводзьце дачку да мяне самую.
     Мама потым успомніла, што я насамрэч адзін раз яшчэ зусім малой спалохалася гудка паравоза, другі раз – сабакі, які стаў мне лапамі на плечы і палізаў твар. Тыя зёлкі, што бабуля завязала ў хустачку, мама паклала мне пад падушку. Я піла асвечаную ваду і мне станавілася лягчэй. Тады мама павяла мяне да бабулі самую. Я памятаю старыя пакошаныя ўрослыя ў зямлю хацінкі каля чыгуначнага вакзала. Спусціўшыся па земляных прыступках уніз, я апынулася ў цёмным пакойчыку. Бабуля малілася ля абраза і дала мне з'есці ладанку. Пасля гэтага я пайшла на папраўку.
     Мая мама Вольга, гэтак жа, як і яе маці Домна, была глыбока веруючым чалавекам. Нават калі амаль ніхто ў горадзе не хадзіў у царкву, яна ўпотай заходзіла ў яе на плошчы Свабоды, малілася дома за здароўе ўсёй сваёй сям'і, заўсёды пякла да Вялікадня свае "фірменныя" булкі і, адрэзаўшы кавалачак, разам з пафарбаванымі яйкамі несла ў шесць гадзін раніцы ў царкву свяціць. Мой бацька паверыў у Бога толькі на схіле гадоў. У маладосці ён забараняў маме хадзіць у царкву, а потым не дазваляў хрысціць нас, дзяцей. Але мама ўсё роўна ахрысціла нас. Аднойчы яна дамовілася з тым жа бацюшкам, што жыў праз дарогу, і прывяла нас, сваіх дзяцей, у царкву на Ваенныя могілкі. Там бацюшка з матушкай нас і хрысцілі. Крыжыкі мы не насілі, але мама берагла іх. Той самы крыжык я цяпер нашу. Дзякуй маме, што яна зберагла яго…
     І ўсё ж самай лепшай парой года майго дзяцінства было лета. Кожны год увесну мама шыла нам з сястрой абноўкі – новыя паркалёвыя сукенкі. Для гэтага яна заўсёды выбірала ў краме самы весяленькі паркаль ці сацін. Швейная машынка ў мамы была нямецкая, такая, якія рабілі яшчэ ў дзевятнадцатым стагодзі. Яна закрывалася драўляным чахлом і размяшчалася на драўляным століку са старадаўняй інкрустацыяй. Педаль і ножкі ў стала былі зроблены з літога чыгуну і ўпрыгожаны завіткамі. Мама любіла сваю, хоць і не новую, але бездакорна працуючую швейную машынку. Яна шыла нам фуфаечкі, камізэлькі, спадніцы і блузачкі. У той пасляваенны час было вельмі цяжка ці дорага штосьці з адзежы купіць у краме. Мы бегалі па двары ў сваіх абноўках, і таму летняя пара здавалася нам яшчэ больш радаснай і шчаслівай.
     
     Радуецца Сонейка, што зямля красуецца.
     Усе травінкі, кветачкі на яго любуюцца.
     Пчолка размалёўвае брушка паласатае.
     І ляціць да вулея, рыжая, крылатая.
     
     А кароўка божая – чырвоная ў клетачку.
     Ёй катлеткамі карміць трэба сваіх дзетачак.
     У мурашак кожны дзень новая работа,
     Бо мурашнік сцерагчы – дужа важны клопат.
     
     Чмель гудзе, як шрубалёт, і “вачышчы” вылупіў.
     Як да кветкі даляцець, ён, напэўна, вылічыў.
     Даляцеў і на яе – лапкамі касматымі.
     Учапіўся за лісток вусамі рагатымі.
     
     Вось ціхоня-матылёк паглядзеў на кветачку,
     Нібы на ўзорыстую яркую сурвэтачку.
     Крылцы склаў, бо тут яго так не разглядзяць,
     Выпадкова ці знарок птушкі не з'ядзяць.
     
     Свеціць Сонейка ўвесь дзень, ад душы стараецца.
     А прыгожая Зямля яму ўсміхаецца.
     
     У цёплы летні дзень мяне цешыла дакрананне ветрыка, які абдзімаў мяне з усіх бакоў. Я хадзіла па сцежках свайго двара і ўдыхала трохі даўкі, пах лета, водары вяргіняў, садовых рамонкаў, ружаў. Над маёй галавой шамацелі і выпускалі свой водар квітнеючыя ліпы, клёны, акацыі. Падышоўшы да плота, за якім на дагледжаных градках ва ўсю набіралі сілу плады працы маёй маці і іншых гаспадынь нашага двара, я з цікавасцю назірала, як там лёталі, шамацелі сваімі перламутравымі крылцамі і варушылі незвычайна прыгожымі доўгімі хвастамі стракозы, скакалі конікі, гулі пчолкі і чмялі, як па кветкам і лісцікам пырхалі аксамітавыя матылькі, поўзалі вусені-сараканожкі. Але больш за ўсё радасці было ў мяне пры назіранні за ярка-чырвонай у белую крапінку багоўкі.
     "Багоўка! Паляці на небка! Там твае дзеткі ядуць катлеткі!" – з гэтымі словамі я адпускала сваю нявольніцу з канца пальчыка на неба і верыла, што пры гэтым абавязкова здарыцца штосьці вельмі-вельмі добрае.
     Так, двор у нас быў выдатны! Але нам з маёй сяброўкай Людкай усё-такі вельмі хацелася пагуляць і лепей разгледзець тое, што рабілася за варотамі нашага двара. Часам матулі ненадоўга адпускалі нас, і тады для нас пачыналася новая казка. Мы хадзілі па тратуару ўздоўж вуліцы і разглядалі ўсё, што было за платамі суседніх двароў. А там! Усё патанала ў зеляніне і колерах. Прырода радавалася ад шчасця. Наша вуліца Розы Люксембург у той час была яшчэ зусім вузкай, па ёй амаль не хадзіў ніякі транспарт, і таму паветра радавала сваёй чысцінёй.
     Налі-некалі матулі пасылалі нас у краму за хлебам ці малаком. Мы бралі з сабой двух ці трох літровыя бідончыкі і беглі на вуліцу Мяснікова. Там, у новым цаглянам доме, які быў пабудаваны ўжо пасля вайны, была прадуктовая крама. Часам у нас хапала грошай, каб купіць сабе “вялікі ласунак” – брыкецік сухой какавы з цукрам ці сто грам рознакаляровага бліскучага, быццам шклянога, монпансье.
     Па вуліцы Мяснікова ў той час хадзілі трамваі. Унізе, каля Нямігі, было трамвайнае кола. Мая мама распавядала, што падчас вайны на гэтым месцы быў нямецкі лагер для яўрэяў. Сюды, за плот, зроблены з калючага дроту, немцы зганялі маладых, яшчэ зусім юных прыгожых яўрэйскіх дзяцей, дзяўчын і юнакоў, ды і старэйшых яўрэяў, каб потым адправіць іх у гета. Ад гэтага кола трамвай паднімаўся ў горку па вуліцы Мяснікова да скрыжавання з вуліцай Савецкай. Тут, наверсе, стаялі чорныя дашчатыя баракі. У іх таксама жылі людзі, і ў адным з іх – мая школьная сяброўка Ларыска. Поруч баракаў стаяла светлая драўляная царква. Але яна прабыла там нядоўга. Неўзабаве яе знеслі.
     Мне запомнілася, як некалькі разоў бацька з маці ў выхадныя дні вазілі нас, дзяцей, на трамваі да Камсамольскага возера. Яго вырылі яшчэ да вайны маладыя людзі. Мая мама таксама прымала ў гэтым удзел. Вада ў ім у той час была чыстая, і ўвесь горад улетку ездзіў туды купацца і загараць.
     
      4 частка аповесці
22.08.23