
Дзе ты, мая палавінка?
Ціхім і пагодлівым летнім дзяньком на лясную палянку заляцеў Ветрык. У яго быў такі лёгкі і выдатны настрой, калі вельмі хочацца каго-небудзь пакахаць. Выпадкова яго позірк спыніўся на Стакротцы. Яна здавалася такой прыгожай і пяшчотнай! "Я буду кахаць і засцерагаць яе", – вырашыў Ветрык. Ён абляцеў вакол кветкі, лашчачы яе галоўку, і, расцягваючы словы ад хвалявання, прамовіў:
– Стакротка! Якая ты прыгожая! Твая сярэдзінка, як маленькае Сонейка, а пялёсткі – быццам яго светлыя праменьчыкі. Ты мне вельмі падабаешся!– Я падобная на яснае Сонейка таму, што вельмі кахаю яго, а яно кахае мяне і дорыць мне макулінкі сваёй прыгажосці, – адказала Стакротка.
"Не, – падумаў Ветрык, – не патрэбна мне гэта закаханая дурніца". І паляцеў далей.
Наперадзе ён убачыў пухнатую маладзенькую Ялінку. Яе зялёныя галінкі паціху заварушыліся ад подыху Ветрыка і засвяціліся на сонцы. Ялінка здалася Ветрыку такой чароўнай, што ён мімаволі падумаў: "Здаецца, я закахаўся!" Абляцеўшы вакол лясной прыгажуні і абдзімаючы яе мяккія іголачкі сваім цёплым дыханнем, ён ласкава прагаварыў:
– Ялінка! Ты такая цудоўная! Твае іголачкі зіхацяць, нібы сонечныя іскрынкі. Як ты мне падабаешся!
– Але ўсё гэта таму, што я кахаю чырвонае Сонейка, а яно кахае мяне і напаўняе кожную маю іголачку яркім сонечным святлом.
"І яна ўжо паспела закахацца!" – з прыкрасцю падумаў Ветрык.
Тут ён заўважыў, што па краі лясной палянкі тонкай стужачкай уецца пяшчаная Сцяжынка. Самыя буйныя яе пясчынкі пераліваюцца на сонцы, і ўся яна, нібы памяранцавы раўчук, віхляе паміж высокай травы, уцякаючы ўдалячынь. Ветрык падумаў: "Можа гэта маё каханне?" І з надзеяю прамовіў:
– Мілая Сцяжынка! Ты таксама самотная, як і я. Давай будзем сябраваць!
Затым Ветрык злёгку і вельмі асцярожна падзьмуў на гарачы пясок, а той, доўга не думаючы, падняўся над лясной палянкай і замуціў усё вакол – сонца, неба! Потым ён абсыпаўся на кветкі і дрэвы, пакрыўшы іх дробным брудным пылам і ў адно імгненне адабраўшы ў іх усю прыгажосць.
– Эх, Ветрык! Які ж ты зануда! – у адзін голас усклікнулі ўсе вакол. – Хіба ты не бачыш, што Сцяжынка кахае зусім не цябе, а Сонейка, якое сагравае яе жоўтыя пясчынкі? А якая карысць ад твайго кахання? Ты толькі ганяеш пыл!
Пачуўшы такія крыўдныя і несправядлівыя словы, Ветрык сціснуўся ў камячок і ўзляцеў высока-высока, далей ад усёй гэтай жорсткасці і неразумення. Ён вырашыў, што больш ні за што не паляціць уніз да гэтых самаўлюбёных стварэнняў….
Бязмежнае неба было празрыстае і чыстае. Па ім лётала адна адзіная светла-блакітная яснавокая Аблачына. Яна весела пырхала па небе і ўсміхалася сваёй беласнежнай усмешкай. Аблачына адразу ж спадабалася Ветрыку. Ён падляцеў да яе, дакрануўся да яе пухнатай спінкі сваёй цёплай далонькай і сказаў:
– Ты такая прыгожая і лёгкая! Ты так хутка ляціш! І ты мне вельмі падабаешся!
– Добры Ветрык! Ты мне таксама вельмі падабаешся! Ты такі пяшчотны і цёплы! Давай будзем сябраваць!
"Як добра! – узрадаваўся Ветрык. – Напэўна, лепшага сябра, чым Аблачына, мне не знайсці. Яна такая ж лёгкая і хуткая, як і я. Быць можа, яна зразумее мяне, і мы пасябруем на ўсё жыццё!"
Гэта казка на рускай мове
21.06.23