Радасць сустрэчы з сябрамі і роднымі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Радасць сустрэчы з сябрамі і роднымі
Радасць сустрэчы з сябрамі і роднымі
Назаўтра па дарозе ў дзіцячы сад Алеся зноў шукала сваіх сяброў. Але іх нідзе не было.      – Кот Васька знік, – пажалілася дачка, калі мама прывяла яе ў дзіцячы сад. – Вараняня Гоша таксама.
     – Не хвалюйся, знойдуцца, – супакоіла яе мама.
     А тым часам з яе зніклымі ўлюбёнцамі адбывалася дзіўная гісторыя. Яны вярталіся дамоў з Чароўнай краіны Дабрыні і Міласэрнасці.
     – Як тут цёмна! – здзівіўся Васька, калі яны з Гошам апынуліся ў сваім родным скверы поруч пухнатай прыгажуні Елкі. – Там у гэты час было яшчэ светла, – сказаў кот.
     – Але ў Чароўнай краіне цяпер лета. А тут – зіма, – растлумачыў яму Гоша. – Ты ж ведаеш, што ўзімку дні карацейшыя, чым улетку, вось і цямнее хутчэй.
     – Які ты разумны! – захапіўся кот. Ён асцярожна ішоў па мяккім, але халодным снезе, аглядаючыся па баках.
     У гэты вячэрні час у скверы было немногалюдна. На арэлях ніхто не катаўся, толькі ўдалечыні ішлі два чалавека – вялікі і маленькі. Кот паглядзеў на Елку, яна таксама, моўчкі, глядзела на яго і, здавалася, хітра ўсміхалася. Ніякіх ёлачных цацак на ёй не было, толькі сняжынкі ўсё валіліся і валіліся з неба, хаваючы тонкую верхавіну і пухнатыя галінкі.
     – Я паляцеў да сваіх. Пакуль, Васька, да сустрэчы, – каркнуў Гоша і схаваўся ў цемры.
     "Мне тут не падабаецца. Холадна", – падумаў кот, падтульваючы хвост, баючыся яго намачыць у ледзяной вадзе. Лапкі ў гаротніка змакрэлі, а шэрстка скурчылася і пацямнела ад вільгаці. Васька ўжо хацеў бегчы да свайго дома, каб заскочыць там у цёплы падвал, як раптам пачуў знаёмы голас.
     – Мама! Глядзі, гэта наш Васька! Сапраўды, гэта ён! – радасны голас Алесі разнёсся па ўсім скверы. – Дзе ты быў? Я цябе так доўга шукала, – спытала дзяўчынка ў ката, нагінаючыся да яго і гледзячы на яго мокрае азяблае цельца.
     Кот ад радасці, што ўбачыў сваю гаспадыню, ледзь не страціў прытомнасць. Ды не ж, ён і не думаў валіцца, проста ў яго моцна-моцна ад радасці забілася сэрцайка.
     – Мяу-ў-у! – жаласна мяўкнуў Васька.
     – Мама! Глядзі, як яму дрэнна, ён можа памерці. Давай возьмем яго да нас дамоў. Ён чысты, у яго проста ад голаду баліць жывот.
     Дачка з такім смуткам і надзеяй глядзела на маму, ёй так хацелася ўгаварыць яе, што мама не змагла адмовіць.
     – Добра, мы возьмем яго. Толькі не бяры рукамі. Зараз я пасаджу яго ў торбу, а дома мы яго адмыем ад бруду.
     – Ура! Ты будзеш у нас жыць! – узрадавалася Алеся, калі мама пасадзіла ў торбу ката.
     А ён пакорліва слухаў дзяўчынку, разумеючы, што хутка ў яго пачнецца добрае жыццё.
     Прайшло некалькі дзён. Ката Ваську зараз было не пазнаць. Чысты, аблашчаны, з яскравымі ад шчасця вачамі ён глядзеў у акенца і шукаў там свайго сябра Гошу. Але ў акно вараняняці было цяжка разглядзець, бо дрэвы раслі не побач з домам, а на пагорку – у скверы.
     Дык як жа ўладкаваўся Гоша пасля вяртання з Чароўнай краіны? Ён не адразу адшукаў сваіх родных. У старым гняздзе на ліпе іх не было. Вараняня палятала над дрэвамі, але не змагло нікога ўбачыць на халодных змёрзлых галінах. Аказваецца, усе птушкі пахаваліся на гарышчах старых двухпавярховых дамоў, якія абкружылі сквер з чатырох бакоў. Прысеўшы на халодную галінку старой ліпы, Гоша ўжо не ведаў, што яму рабіць. Хацелася спаць і есці. Раптам з іншага боку сквера ён пачуў гучнае "Кар-р-р"!
     – Дзе вы! Кар-р-р! – адклікаўся Гоша. А з іншага боку сквера зноў пачуўся гучны голас яго старэйшага брата.
     "Так, гэта мяне кліча брат", – зразумела вараняня і паляцела на кліч.
     – Дзе ты быў, мы так шукалі цябе паўсюль! – з усіх бакоў гарышча панесліся радасныя галасы сваякоў Гошы. Яны ўжо некалькі месяцаў шукалі яго, ляталі нават на звалку і ў найбліжэйшы лес. А цяпер зоркі браток заўважыў, як Гоша прысеў на галінку:
     – Гэта ён, я пазнаю яго! – крыкнуў брат. – Ён шукае нас!
     Якой радаснай і шчаслівай была сустрэча зніклага вараняняці! Усе птушкі радаваліся, яны абкружылі Гошу, саграваючы яго сваім цяплом і, вядома ж, пакармілі прыхаванымі запасамі ежы.
     А на наступную раніцу Гоша паляцеў да дома Алесі, спадзяючыся там сустрэць яе і Ваську. Убачыўшы ката ў акенцы, птушка трохі пазайздросціла свайму сябру. Але калі яго заўважыла Алеся, Гоша ўзрадаваўся: "Яна пачастуе мяне печывам". А дзяўчынка скакала ад радасці, ізноў сустрэўшы свайго ўлюбёнца. Збіраючыся ў дзіцячы сад, Алеся не забылася ўзяць з сабой любімы ласунак Гошы. І зараз ужо кот Васька назіраў, як яго сябар схапіў круглае печыва і панёсся ў сквер. "Ён такі добры, сам не з'есць, лепш пачастуе сваіх малодшых братоў", – падумаў кот.
     Вось так і скончылася гісторыя пра вараняня Гошу і ката Ваську. Ці пабывалі яны ў Чароўнай краіне Дабрыні і Міласэрнасці, зараз цяжка сказаць. Але тое, што на свеце жывуць добрыя і чулыя сэрцы, якія гатовыя дапамагчы ў бядзе іншым, у гэтым можна не сумнявацца.
     Прайшло некалькі гадоў. Кот Васька ўсё гэтак жа шчасліва жыве ў сям'і Алесі, а Гоша падрос, стаў дарослым, моцным і адважным. Ён набраўся вопыту і добра зразумеў, як яму трэба жыць на белым свеце, каб быць шчаслівым.
     А мы з вамі, дарагія мае чытачы, пажадаем Ваську і Гошу, ды і не толькі ім, а ўсім, хто жыве побач з намі, быць шчаслівымі і ўдачлівымі, а таксама не шкадаваць сваёй Дабрыні і Міласэрнасці для іншых.
     
      Гэта казка на рускай мове
3.02.23