Чароўныя гномікі-валанцёры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўныя гномікі-валанцёры
Чароўныя гномікі-валанцёры
Гоша, там хтосьці ёсць, – лісліва мяўкнуў кот, зазірнуўшы ў акенца сваёй хаткі. А там сапраўды хтосьці нябачны наводзіў парадак і штосьці раскладваў на століку.      – Гоша, у нашай хатцы злодзеі! – раззлаваўся Васька.
     Ён ціхенька падкраўся да дзвярэй і прыадчыніў іх. Усё, што тым часам там адбывалася, было падобна на сапраўдны цуд. Малюсенькія чалавечкі ў спартыўных гарнітурчыках з чырвонымі каўпачкамі і яркімі зорачкамі на галоўках здзяйснялі цуды. У пакоі ўсё само расстаўлялася па патрэбных месцах, да таго ж, нібы ніадкуль, на століку з'явіўся посуд з духмянай ежай. Прайшло не больш за трыццаць секунд, і ўсё было гатова. Чароўныя гномікі адзін за адным кудысьці непрыкметна зніклі, і толькі апошні, мабыць, яшчэ не зусім вопытны Гномік, замарудзіўся. І тут ва ўваходныя дзверы ўварваўся Васька і схапіў уцекача за канец доўгага шаліка.
     – Хто ты такі! – грозна мяўкнуў кот і вытарашчыў на Гноміка свае яскравыя зялёныя вочы.
     – Я… – разгубіўся Гномік. – Мы валанцёры, працуем па просьбе Чароўнай Феі. Не бойся, Васька, я нічога не ўкраў.
     – Так ты чароўны Гномік! – зразумеў кот. – З Чароўнай краіны Дабрыні і Міласэрнасці?
     – Менавіта так, – прапішчаў Гномік тоненькім галаском. – Мы навялі ў вашым пакоі парадак і прынеслі пачастункі.
     – Вялікі дзякуй, Гномік! Вы вельмі добр-р-ыя, – каркнуў Гоша. – Ён, у адрозненне ад ката, усё хутка зразумеў. Вараняняці захацелася пагаварыць з Гномікам, пакуль ён яшчэ не ўцёк з іх хаткі. – Скажы, калі ласка, колькі гномікаў працуе ў Чароўнай краіне, а дзе вы самі жывяце? – пасыпаліся на Гноміка пытанні вараняняці.
     Але той не стаў на іх адказваць.
     – Гэта сакрэт, мы не павінны выдаваць таямніцы Чароўнай краіны, каб у яе не пракраліся шкоднікі, – адказаў малюсенькі чалавечак. – Жывіце і ні пра што не хвалюйцеся. Мы ўсё зробім для вас, – сказаў ён і тут жа знік.
     – Якія яны малюсенькія! – захапіўся Васька. – А як хутка працуюць, проста дзіва нейкае!
     – Так яны ж чароўныя, чаму тут дзівіцца, – сказаў Гоша. – Лепш паглядзі, што яны нам прынеслі паесці.
     – Ах, маё любімае курынае мяса, як смачна пахне! – аблізнуўся кот.
     – А мае любыя арэшкі і хрумсткае печыва! – узрадавалася вараняня.
     Наеўшыся, сябры тут жа ўлегліся адпачываць. Іх дзённы сон быў нядоўгім, але вельмі прыемным. Гошу снілася вясна і квітнеючыя дрэвы ў скверы, мама і браты ў гняздзе на высокай ліпе, а Ваську – Алеся і яе добрыя ласкавыя словы. Трохі адпачыўшы, сябры прачнуліся ў выдатным настроі. "Цікава жыць у Чароўнай краіне, але мне хочацца дахаты", – падумаў Гоша, а Васька толькі сумна ўздыхнуў, успамінаючы заснежаны двор і бабулю, у якой ён раней жыў.
     – Вось бы нам з табой паглядзець на тую самую чароўную Фею, якая жыве дзесьці тут, – сказаў Гоша.
     Ён паглядзеў у акно. Не, Сонейка ён там не ўбачыў, яно ўжо сплыло на іншы бок хаткі і асвятляла яе памяранцавым святлом. Затое на галінах дрэў яшчэ сядзелі райскія птушкі, і Гоша пачуў іх пяшчотную, але трохі сумную песню. "З-за чаго ім смуткаваць? – падумаў ён. – Яны ж усе чароўныя, і будуць заўсёды жыць у гэтай цудоўнай краіне. Аднак, гэта трохі сумна. Нашым родным сапраўдным птушкам цікавей жыць на свеце. Яны лятаюць, дзе хочуць і нават могуць паляцець на край света".
     
      Гэта казка на рускай мове
3.02.23