Цуды Чароўнай краіны
Калі Гоша з Васькам выйшлі са сваёй хаткі, яны адразу былі зачараваны прыгажосцю Чароўнай краіны. Сябры з захапленнем разглядалі ўсё вакол сябе. Невялікія ўтульныя хаткі з надпісамі абкружалі квітнеючыя фруктовыя сады і ружоўнікі, кветнікі з яркімі кветкамі. Паветра было чыстае і напоўненае водарамі кветак і травы, на галінах дрэў сядзелі райскія птушкі. Іх апярэнне было размалявана ў яркія колеры нябеснай вясёлкі, а галасы дзівілі слых сваёй пяшчотай і прыгажосцю.
"Якія цудоўныя птушкі! – падумала вараняня. – Але яны ніколі не прылятаюць да нас, таму што чароўныя. Вельмі шкада, што я не здолею спяваць так, як яны. Мой голас зусім іншы".– Ты чымсьці занепакоены? – спытаў Папугай. Ён заўважыў засмучаны позірк Гошы. – Табе не падабаецца гэта краіна?
– Падабаецца, – адказаў Гоша. – Тут вельмі добра, толькі ў мяне дома не можа быць такой прыгажосці, бо яна чароўная.
– Ты запомніш гэту краіну і зможаш распавесці пра яе, калі вернешся да сваіх родных. Дабрыня і міласэрнасць жывуць не толькі ў прыгожых казках, яны ёсць у рэальным жыцці і ў добрых чулых сэрцах. Ты адшукаеш такіх сяброў, абавязкова пазнаёмішся і пасябруеш з імі, – растлумачыў Папугай.
– Мае сябры – гэта мая сям'я, мае браты і сёстры, мая мама. Усе мы таксама дапамагаем адно аднаму, але нам не так проста жыць на белым свеце, таму што ежу і ўсё астатняе мы знаходзім самі, у нашым жыцці няма чараўнікоў, – цвёрда адказаў Гоша. – Але ў мяне ёсць сяброўка, дзяўчынка. Яе імя Алеся. Яна любіць мяне, а я яе. Дзяўчынка часам частуе мяне смачным печывам і яечным жаўтком.
– Цяпер ты яшчэ малы, але хутка вырасцеш і навучышся сам здабываць сабе ежу, – сказаў Папугай. – Ты ж нарадзіўся на гэтай зямлі і не баішся халоднай зімы, як я.
– Гэта так, – адказаў Гоша. – А як жа ты? Твая ж радзіма – гарачая Афрыка?
– Мне трохі не пашанцавала. Мяне прывёз у вашу паўночную краіну чалавек. Цяпер ён мой гаспадар, я не змагу выжыць без яго. Узімку я проста змерзну, калі застануся без даху над галавой.
– Як жа твой гаспадар змог кінуць цябе? – пашкадаваў Папугая Гоша.
– Калі б я не сустрэў Гноміка, які дапамог мне патрапіць сюды, я б памёр. Але добрыя чараўнікі выратавалі мяне. Яны сказалі, што калі мой гаспадар будзе шукаць мяне, то яны вернуць мяне да яго, а калі не, я застануся тут і буду далей працаваць экскурсаводам, як цяпер.
– Гэта выдатна! – сказаў Васька. – Я б таксама жадаў тут застацца назаўжды і працаваць экскурсаводам.
– Ты хітры, Васька, – засмяяўся Гоша. – Але гэта месца ўжо займае Папугай.
– Так… – засмуціўся кот.
– Не хвалюйся, Васька, – падтрымаў ката добры Папугай. – Мы цябе не пакінем у бядзе. Калі твая заступніца Алеся акрыяе, мы зробім так, каб яе мама дазволіла дзяўчынцы ўзяць цябе ў хату. Там ты будзеш жыць прыпяваючы, забудзешся пра ўсе свае нягоды.
– Сапраўды? – ашаламіўся кот. – Няўжо ўсё так адбудзецца?
– Абавязкова, паглядзіш. Алеся ўжо практычна здаровая. Яна яшчэ паспее патрапіць на навагодняе свята ў дзіцячым садку. А гэта таксама казка, але іншая, навагодняя, якую любяць усе – дзеці і іх бацькі. Пад Новы год здяйсняюцца ўсе жаданні. Алеся загадае запаветнае жаданне, каб усё атрымалася так, як я сказаў, і ты апынешся ў яе хаце. Яна любіць цябе, а ты яе. Вы будзеце лепшымі сябрамі!
– Наша Алеся вельмі добрая, мы гэта ведаем, – пацвердзіў Гоша. – А цяпер мы ўсё яшчэ знаходзімся ў Чароўнай краіне, так пакажы нам яе!
– Добра, мы трохі адхіліліся ад тэмы, але зараз працягнем экскурсію, – схамянуўся Папугай. Ён распушыў свае ярка-зялёныя крылы і паляцеў наперад. Гоша пырхнуў і паляцеў услед за ім, а Васька паспяшаўся за шустрымі птушкамі па мяккай зялёнай траўцы.
Гэта казка на рускай мове
3.02.23