Чаканне радаснай сустрэчы
Шкада, што дні ідуць так павольна", – думаў Мяўка, уткнуўшыся носікам у халоднае шкло акна. А за ім скакала маленькая птушачка. Гэта была Сінічка. Птушачкі часта прыляталі ў іх двор. Яны ўсаджваліся на кармушку і дзяўблі ежу. Насця кожны дзень раніцай падсыпала ў яе зярняткі, калі ішла ў школу. Катку было цікава глядзець на птушак, з адной з іх ён нават умудрыўся пагаварыць на птушынай мове, калі выходзіў пагуляць у двор. Праўда гэта малышка не захацела з ім сябраваць, яна толькі сядзела поруч кармушкі альбо пералятала на галінку рабіны, тлумачачы гэта тым, што баіцца катоў, бо яны часта палохаюць птушак. Мяўка ўспомніў, як улетку сам узбіраўся на дрэва і цвяліў Сароку, таму ён не стаў пярэчыць Сініцы. А сам падумаў: "Зараз я не буду нікога цвяліць, бо паразумнеў, а тады быў дурны".
З таго дня, калі Насця паабяцала прынесці ў хату новага сябра, ужо прайшоў цэлы тыдзень. Вядома, бацькі дзяўчынкі былі згодны даць прытулак яшчэ аднаму кацяняці, але яны паставілі ёй умову.– Калі твае адзнакі за другую чвэрць будуць добрымі, тады прынось, а інакш, я яшчэ падумаю, – сказаў тата, а мама не асмелілася яму пярэчыць.
Насця ўжо бачыла кацяня і гэтак жа, як і Валя, прыносіла яму ежу. Да таго ж, цяпер цэлымі вечарамі яна праседжвала за падручнікамі, і, здавалася, забылася пра Мяўку. Але ён не крыўдзіўся. "Хай імкнецца добра вучыцца, тады ў мяне будзе новы сябар", – думаў ён, летуценна гледзячы за акно і назіраючы там пераднавагоднія цуды.
У яго хаце ўжо стаяла ўпрыгожаная навагодняя Ёлачка. Толькі яна была не сапраўдная, а штучная, калісьці даўным-даўно набытая ва ўнівермагу Насціным татам. Дзяўчынка паспрабавала вылучыць час і ўпрыгожыла яе. Мяўка разглядаў навагоднія цацкі, бліскучы дожджык, сняжынкі з фальгі, цацачнага Дзеда Мароза і Снягурку. З аповедаў дзяўчынкі ён пачаў разумець, што такое Новы год і Каляды, і чаму ўсе так любяць гэтыя святы. "У Новы год усе жыхары Зямлі атрымліваюць запаветныя падарункі, бо гэты дзень – самы чароўны ў годзе, – зразумеў Мяўка. – А яшчэ можна загадваць жаданні, яны абавязкова спраўдзяцца". Сваё жаданне каток на мог распавесці нікому, але верыў, што яно спраўдзіцца, і яго сябар сам прыйдзе да яго!
– Хутка канікулы, трэба будзе схадзіць на навагодняе прадстаўленне ў цырк і яшчэ столькі цікавага можна зрабіць за два тыдні адпачынку! – цешылася Насця, а Мяўка скакаў побач з ёй і віляў ад задавальнення рудым хвосцікам. Да зімы яго поўсць адрасла, стала пухнацей і адлівала залатым колерам.
Па вечарах, перад сном, Насця гуляла з ім або чытала казку. Тады Мяўка ўкладваўся ёй на калені і паціху спяваў у такт яе голасу сваю песеньку-мурлыку.
– Маё маленькае сонейка! – казала дзяўчынка і ласкава гладзіла яго па мяккай поўсці.
Па раніцах, выпраўляючы Насцю ў школу, Мяўка выбягаў услед за ёй у двор і доўга глядзеў на неба, спрабуючы адшукаць там яркі пражэктар іншапланецяніна. Затым каток згортваўся ў клубочак, прыхінаўся да ўваходных дзвярэй і слухаў ціхі шэпт чароўных крыштальных сняжынак, якія не так даўно апусціліся з неба на зямлю. Іх аповеды пра цікавыя вандраванні па свеце былі чароўнымі і незвычайнымі для Мяўкі. "Ім добра, – с зайздрасцю думаў каток, – вунь колькі іх, і ўсе яны сяброўкі!" Халодны вецер абдзімаў яго поўсць і прымушаў вярнуцца ў хату, як бы насвістваючы такія словы: "Не зайздросць ім. У цябе цёплая хата і добрая гаспадыня. А ў сняжынак толькі ледзяное неба і зямля. Не хвалюйся, ты хутка сустрэнеш сябра!"
Гэта казка на рускай мове
25.12.22