Іншапланецянін паляцеў выконваць заданне
Іншапланецянін паляцеў выконваць заданне
Усеўшыся на падаконніку, Мяўка паказаў іншапланецяніну кветку, якая расла ў вазоне.      – Гэта тая кветка, якую ты шукаеш, – сказаў каток на іншапланетнай мове. – Яна белага колеру і падобная на зорку.
     Іншапланецянін зразумеў, што хацеў яму сказаць Мяўка і, да здзіўлення маляняці, пачаў аблятаць кветку і здзяйсняць над ёй нейкія незразумелыя віражы, то ўключаючы пражэктар, то выключаючы яго. "Ён жадае пагаварыць з кветкай", – зразумеў каток. Нажаль, кветка, якая вырасла на кактусе, ніяк не рэагавала на дзеянні малюсенькага "жучка". Урэшце, іншапланецянін зразумеў, што гэта не тая кветка, якая яму патрэбна.
     – Не, яна не разумее мяне, – паведаміў ён Мяўке. – Сігнал, які злавіла наша планета, быў пасланы з Зямлі кветкай, імя якой Эдэльвейс. Ты ведаеш, дзе яна расце?
     – Я яе бачыў па тэлевізары, але яна расце далёка, мне туды не дабрацца, – засмучана мяўкнуў каток. Ён заскочыў на часопісны столік, адкрыў глянцавы часопіс на старонцы, дзе былі намаляваны высокія горы. – У гэтых гарах растуць такія кветкі, якія шукаеш ты. Я іх бачыў па тэлевізары. Але зараз іх не пакажуць, – разумеючы гэта, Мяўка нават не стаў прасіць Насцю ўключыць тэлевізар. – Заўтра мы прыдумаем што-небудзь, – вырашыў каток супакоіць іншапланецяніна.
     – Не. У мяне тэрміновае заданне. Прабач, я павінен ляцець, – рашуча прамаўляў той.
     – Але ты ж абяцаў быць маім сябрам, і ты не ведаеш, як дабрацца да гор! – засмуціўся Мяўка.
     – Дапамажы мне, знайдзі правадыра, які правядзе мяне туды! – папрасіў іншапланецянін.
     І каток убачыў, як адчайна ўспыхнуў яго магутны пражэктар. "Я павінен дапамагчы яму адшукаць Эдэльвейс. Але як? – цяміў Мяўка. – Я ж не чараўнік. Аднак разумею, што калі падняцца ўгару на вялікую вышыню, то з космасу можна разгледзець усю нашу планету і знайсці на ёй горы!"
     – Табе трэба падняцца ўгару на вялікую вышыню і абляцець нашу Зямлю. Я паказаў табе, як выглядаюць горы, ты зможаш сам адшукаць іх на Зямлі. А потым спусцішся да іх уніз.
     – Гэта правільнае рашэнне, – пагадзіўся іншапланецянін. Ён яшчэ раз падляцеў да часопіса і ўважліва ўгледзеўся ў фатаграфію хрыбтоў высокіх заснежаных гор.
     – Глядзі! – яшчэ раз растлумачыў Мяўка. – Уверсе горы накрыты бліскучымі леднікамі, падобнымі на люстэркі. Ты адразу ўбачыш іх і будзеш арыентавацца на гэтыя бліскучыя вяршыні. Але кветкі растуць не на ледніках, а трохі ніжэй, на схілах гор, там дзе яны трохі адталі. Ты адшукаеш тую кветку, якая пасылала на вашу планету сігнал. Эдэльвейс сам наладзіць з табой сувязь і растлумачыць сваё дакладнае месцазнаходжанне, калі ты паведаміш яму пра сябе, падлятаючы да горных вяршыняў.
     – Ты маеш рацыю, – пагадзіўся іншапланецянін. – Праводзь мяне, я зараз жа адпраўлюся ў палёт. Мне нельга губляць каштоўны час.
     І ён выляцеў з пакоя, Мяўка пабег следам за ім. Развітаўшыся са сняжынкамі і з катком, малюсенькі святлівы "жучок" імкліва ўзняўся ў неба і схаваўся ў нябёсах. Мяўка зноў залез у гурбу і з нудою паглядзеў на сняжынкі. Да яго здзіўлення, тая, самая адважная Сняжынка, яшчэ не растала. Яна паварушыла тонкімі бліскучымі лапкамі і з надзеяй, што каток зразумее яе, сказала:
     – Ён адшукае кветку, таму што Эдэльвейс добра бачны з вышыні. Ён яркі і адкрыты, глядзіць прама ў неба. Да таго ж, гэта кветка чароўная, умее перадаваць сігналы ў космас. Пра гэта ведаюць усе, акрамя людзей. Высакагорныя кветкі заўсёды падтрымлівалі сувязь з Сусветам. Мабыць, штосьці вельмі важнае Эдэльвейсу трэба перадаць у космас, тое, што турбуе нашу Зямлю. Яна хворая, яе трэба лячыць, людзі псуюць клімат Зямлі.
     – Я не ведаю, я яшчэ малы, каб разумець тое, пра што вы кажаце, – адказаў Мяўка. – Мне шкада, што ён паляцеў. Я хацеў пасябраваць з ім.
     – А ты сябруй з намі. Нас шмат, і ўсе мы добрыя і вясёлыя. Паглядзі, якія мы прыгожыя і чараўныя.
     – Толькі я не чараўнік.
     – Стань ім, ты разумееш нас, гуляй з намі. Хутка будзе Новы год, тады на планету сыдзе з нябёсаў вельмі шмат чараўніцтва. Мы ведаем гэта. Кожны год мы рыхтуемся, выбіраем самыя прыгожыя сняжынкі і адпраўляем іх з неба ўніз на Калядныя Ёлкі. Яны ўпрыгожваюць іх верхавіны, ператвараючыся ў Калядныя Зорачкі.
     – Як цікава! – здзівіўся Мяўка. І гэта зразумела, бо ён яшчэ ні разу ў жыцці не сустракаў Новы год і Каляды. Але цяпер каток моцна замерз, да таго ж, яго шукала Насця. Яна ўжо прыйшла са школы і хацела пакарміць малога. – Я пабягу. Да сустрэчы, сябры! – мяўкнуў каток на мове сняжынак і пабег у свой цёплы пакой сагравацца.
     
     працяг аповесці
     
      Гэта казка на рускай мове
23.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100