Гаворачыя сняжынкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гаворачыя сняжынкі
Гаворачыя сняжынкі
За акном хутка сцямнела, узімку дні кароткія, а ночы доўгія. Але ў цёмным пакоі яшчэ лётаў іншапланетны карабель, асвятляючы ўсё вакол сябе прамянём магутнага пражэктара. Мяўка сачыў за палётам святлівага "жучка", і ў яго ад захаплення шырока расплюшчыліся вочы, адлюстроўваючы гэта незразумелае яркае святло. А калі Насця ўвайшла ў пакой і запаліла электрычнае святло, іншапланецянін усё ўжо і так даследаваў у цемры, таму загасіў пражэктар і прызямліўся на пухнатую каціную лапку. "Я стаміўся, мне трэба адпачыць", – паведаміў ён. "Пойдзем да мяне на кілімок адпачываць", – адказаў яму Мяўка і скокнуў на сваю мяккую пасцельку ў кутку пакоя. Што было далей? Яны абодва хутка заснулі моцным сяброўскім сном.      Раніцай, прачнуўшыся і не адшукаўшы на сваёй лапцы святлівага "жучка", каток падумаў, што той назаўжды знік. Ад засмучэння Мяўка ледзь не заплакаў, але потым вырашыў пашукаць уцекача ў двары. А там на асляпляльна белым тоўстым пухнатым дыване са снегу, які, відаць, атуліў зямлю ўначы, свяціўся ўчарашні "жучок". Ён асвятляў новыя крышталёвыя сняжынкі, якія ўначы спусціліся з неба на зямлю, і размаўляў з імі. Вось толькі пра што? Каток гэтага не разумеў, таму што цяпер ужо мова іншапланецяніна была іншай. Яе разумелі сняжынкі. Яны ўсё і растлумачылі незнаёмцу, распавялі пра зямны клімат, пра зямлян і яшчэ шмат таго, што нам не зразумець. Сняжынкі – нябесныя стварэнні, патрапіўшы на зямлю, яны ператвараюцца ў лёд і ваду, затым ізноў ляцяць у неба ў выглядзе вады, а там жывуць ці ў дажджавых ці ў снежных хмарах. Атрымліваецца, што сняжынкі таксама чараўніцы!
     Зразумеўшы, што сняжынкі ўмеюць размаўляць, Мяўка вырашыў навучыцца разумець іх мову. Ён, не баючыся адмарозіць свае далікатныя лапкі, ізноў заскочыў у снег, дабраўся да дзіўнага "жучка" і пачаў уважліва ўслухоўвацца ў іх гутарку.
     – Зараз вы не адшукайце тут тое, што вам трэба, – тлумачыла іншапланецяніну самая адважная Сняжынка. – Узімку на зямлі не растуць кветкі. Іх карэньчыкі схаваны ў зямлі і толькі ўвесну адтаюць і расквітаюць. А тая кветка, пра якую вы кажаце, тут наогул не расце. Вам трэба было прызямліцца ў іншым месцы, там, дзе ёсць горы. На горных вяршынях ляжаць леднікі. Ледзь ніжэй на схілах высокіх гор, дзе трохі цяплей, растуць гэтыя кветкі. Іх завуць эдэльвейсамі.
     – Я шукаю кветкі, якія падобныя на зоркі, гэта яны? – спытаў іншапланецянін.
     – Так, яны падобныя на белыя зоркі. Але яны нашмат буйнейшыя за нас, сняжынак, і не ўмеюць раставаць, як мы.
     – Зразумела. Шкада, што гэта не вы, сняжынкі. Але вы таксама вельмі прыгожыя, – адказаў іншапланецянін. – Прыйдзецца мне вяртацца назад, не выканаўшы даручэнні, – засмуціўся ён. – Сам я не змагу зразумець, як выглядаюць горы, а вы таксама не зможаце мне дапамагчы дабрацца да іх.
     – Нажаль, мы ўжо нікуды адгэтуль не паляцім, – прызналася Сняжынка.
     "Горы? Я ж бачыў іх па тэлевізары, Насця паказвала", – успомніў Мяўка і, набраўшыся адвагі, згроб "жучка" да сябе на лапку і хутка панёс у пакой. "Я сам аб усім яму распавяду. Мне не хочацца, каб ён паляцеў ад мяне, бо ён абяцаў быць маім сябрам, – хваляваўся каток. – На акне ў вазоне з кактусам зацвіла кветка. Яна падобная на белую зорку", – успомніў Мяўка, заносячы іншапланецяніна разам з караблём у пакой.
     
      Гэта казка на рускай мове
22.12.22