Чароўны Гузічак (навагодняя казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўны Гузічак (навагодняя казка)
Чароўны Гузічак (навагодняя казка)
У той год Зіміца-Зіма спусцілася на зямлю вельмі рана. Восеньскі час яшчэ не скончыўся, дрэвы не паспелі скінуць з сябе ўсе прыгожыя залацістыя і барвовыя лісточкі, як з неба на іх пасыпаўся першы снег. Лістота, якая, усё ж такі, паспела апасці на зямлю, намокла і пабялела, ды і пакінутая на галінках зрабілася белай. А праз некалькі дзён з неба павалілі буйныя белыя шматкі са снегу. Яны без вялікіх намаганняў змаглі хуценька паўкрываць усю зямлю тоўстым пухнатым дываном з мяккага снегу.      – Ура! – радаваліся дзеці. – Выпаў снег, можна катацца з горкі на санках і лыжах.
     А Зіма не марудзіла. Неўзабаве яна абудзіла Дзеда Мароза, які яшчэ адпачываў у сваёй рэзідэнцыі, і загадала яму падмарозіць мяккі снег і ўкрыць лёдам рэкі і азёры.
     – Ура! – ізноў узрадаваліся дзеці, – хутка зальюць каток, і мы будзем коўзацца на каньках.
     Вось так хутка ў той год Зіміца-Зіма завалодала зямлёй, пацясніўшы з яе Восень. Ну, што тут скажаш! Раз ужо прыйшла Зіма, трэба цёпла апранацца, каб не адмарозіць сабе нос ці пальчыкі, не застудзіць горлачка. Аднак, дзеці заўсёды радуюцца прыходу Зімы, асабліва марознай і снежнай. Яны жывуць у прадчуванні навагодніх свят, марачы атрымаць ад Дзядулі Мароза патаемныя, вельмі жаданыя падарункі. Вось толькі Дзядуля ўжо старэнькі. Каб выканаць усе пажаданні дзятвы, яму патрэбна памочніца, такая, якая і працаваць умее, і весяліцца не лянуецца, танчыць і спявае, усіх дзетак у госці кліча.
     У той год Дзед Мароз адразу прыгадаў сваю памочніцу Снягурку і паслаў да яе ганца – Зайчаня. А жыла дзяўчына-прыгажуня далёка ў заснежаным лесе ва ўтульным церамку. Шустрае Зайчаня хутка дабралася да яе хаткі, пастукала лапкай у акенца і разбудзіла Снягурку.
     – Прачынайся, цябе Дзядуля Мароз загадаў разбудзіць. Збірайся, хутка Новы год!
     Прачнулася юная дзяўчына, на свой гадзіннічак з календаром паглядзела і дзівіцца, што яшчэ толькі канец лістапада, а за акенцам ужо снег ляжыць.
     "Штосьці рана мяне Дзядуля Мароз абудзіў", – падумала яна, але спаць ёй чамусьці перахацелася. "Буду збірацца. Мой стары навагодні ўбор трэба прывесці ў парадак. Падол падшыць там, дзе ён адарваўся, каўнерык памяняць на новы, прыгажэйшы, ды вось і гузічак адзін адарваўся. Дзе цяпер такі ж знайсці…", – засмуцілася Снягурка.
     Два тыдні яна поркалася з сукенкай: рамантавала, новы яркі каўнерык з чароўных пацерак майстравала, а гузічак не знайшла. Страціўся дзесьці летась па дарозе да малышоў серабрысты гузічак. "Як я буду без гузічка на маім навагоднім уборы, неакуратна гэта, што Дзядуля Мароз падумае?" – перажывала Снягурка, гледзячы ў акенца на перламутравыя сняжынкі, якія зіхацелі ў прамянях месяцовага святла.
     – Не гаруй, прыгажуня, – раптам пачула яна голас Месяца. – Вось, вазьмі мой Гузічак. Ён чароўны, з ледзяной сняжынкі зроблены. Ты яго да сукенкі не прышывай, а проста прыкладзі, ён не зваліцца.
     Узрадавалася Снягурка, падзякавала Месяцу за дабрыню яго нябесную, узяла ледзяны Гузічак і да сукенкі прыклала. А чароўны Гузічак месяцовым святлом ззяе-пераліваецца, навагодні ўбор Снягуркі яшчэ больш прыгажэйшым робіць!
     На наступны дзень да яе зноў Зайчаня прыбегла:
     – Дзядуля Мароз цябе тэрмінова кліча. Надышоў час падарункі развозіць дзецям. Мы, зайчаняты, яму дапамаглі, усе падарункі сабралі. А ты як, гатовая?
     – Так, я толькі апрануся і тут жа прыеду, – паабяцала Снягурка і праз пару гадзін прыбыла ў месца прызначэння.
     – Малайчына, не спазнілася, – пахваліў яе Дзед Мароз, сустракаючы каля варот сваёй ледзяной хаты. – Ідзі ў двор, садзіся ў мае крыштальныя сані, тыя, у якія тройка гнядых коней запрэжана.
     Дзядуля Мароз – сам у белым футры да пят, вышытым ледзянымі ўзорамі, з бліскучым ледзяным кіем у руцэ – з цікаўнасцю разглядаў убор Снягуркі і адразу ж заўважыў невялікія змены ў ім.
     – Гэта чароўны Гузічак, – прызналася прыгажуня. – Стары гузічак страціўся, новы мне падарыў Месяц.
     – Вось і добра, – усміхнуўся стары. – Паехалі! – і яны адправіліся ў дарогу па заснежанай зямлі ў хуткіх санях з мяшкамі навагодніх падарункаў.
     Дзед Мароз усе падарункі раздаваў па спісе, які ляжаў у яго кішэні. А Снягурка сачыла, каб ён нікога з дзяцей не забыўся павіншаваць. Віншаваў Дзядуля не толькі людскіх дзетак, маленькія звераняты і птушачкі, якія сядзелі з бацькамі ў дуплах і норках, таксама атрымлівалі навагоднія падарункі. Але вось аднаго маленькага Мышаня Дзед Мароз і Снягурка забыліся павіншаваць, нягледзячы на тое, што падарунак малому ляжаў у мяшку.
     Разумны чароўны Гузічак (ён жа, па-сапраўднаму, жывая Сняжынка) не ўмеў размаўляць, але сачыў за Дзедам Марозам і падглядваў ў яго спіс. "Ах, а Мышаня? Яму нічога не пакінулі!" – схамянуўся ён, калі тройка коней прамчалася міма мышынай норкі. "Я палячу да Мышаня і павіншую яго!" – раптам вырашыў чароўны Гузічак, адарваўся ад сукенкі і паляцеў да норкі. А Мышаня ўжо прыгатаваўся заплакаць, калі ўбачыў, што сані Дзеда Мароза едуць міма яго норкі. Але тут да яго прыляцеў падарунак – чароўная Сняжынка! Яна кружылася, звінела і не раставала!
     – Ах, Дзядуля Мароз! Мой Гузічак паляцеў кудысьці… – раптам заўважыла Снягурка, калі яны ўжо ад'ехалі ад мышынай норкі на цэлых дзесяць кіламетраў.
     – Ну-ка зірні! Ці не забыліся мы кагосьці павіншаваць, – зразумеў Дзед Мароз.
     – Так, Мышаня не павіншавалі.
     – Трэба вярнуцца, – папракнуў сябе стары за такі промах.
     Вось так чароўны Гузічак дапамог Дзеду Марозу і Снягурцы, хоць і не ўмеў гаварыць. Павіншаваўшы Мышаня, Снягурка зноў прымацавала Гузічак да сваёй сукенкі.
     Пасля заканчэння навагодніх і Калядных свят Снягурка вярнулася ў свой церам. Яна зняла навагодні ўбор, але перад тым, як павесіць яго ў шафу да наступнага Новага года, прыгажуня доўга з любоўю гладзіла чароўны Гузічак і захаплялася яго кемлівасцю.
     Кажуць, што чароўны Гузічак дагэтуль ззяе на навагоднім уборы Снягуркі. І яго заўважаюць малышы. Яны просяць у Снягуркі дазволу дакрануцца да чароўнага Гузічка і пагладзіць яго. А чароўны Гузічак (ён жа чароўная месяцовая Сняжынка) заўсёды з радасцю дазваляе гэта зрабіць і жадае малышам здзяйснення ўсіх запаветных мар і жаданняў.
     
      Гэта казка на рускай мове
15.09.22