Добрае святло Светлячка не згасне - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Добрае святло Светлячка не згасне
Добрае святло Светлячка не згасне
Напярэдадні Светлячок нацягаў сухіх галінак, моху і саломы, і з іх пабудаваў маленькі будан побач з Валуном. Усярэдзіне будана малыш паслаў на зямлю сухое сена і апалую лістоту.      – Бачыш, стары, якую добрую хатку я збудаваў, – пахваліў сябе Светлячок.
     – Малайчына, табе ў ёй будзе цёпла нават у мароз, – сказаў Валун.
     А халодная восень ужо на ўсю моц разгулялася на зямлі. Светлячок быў рады, што ў яго цяпер ёсць укрыццё, у якое не пранікнуць кроплі дажджу, ды і ад моцнага ветру будан таксама выратуе.
     У сонечныя восеньскія дзянькі ў госці да Светлячка часта завітваў сонечны Праменьчык. Яму не заміналі восеньскія халады, і ён любіў пажартаваць, пабалбатаць, палятаць і павесяліцца разам з малышом. Стары Валун быў рады, што ў Светлячка такі добры сябар. А мама Поўня, нажаль, не магла пазнаёміцца з сонечным Праменьчыкам, бо прыходзіла да сыночка толькі ўначы, Праменьчык жа наадварот – днём.
     – Табе весела і днём, і ўначы, – жартаваў стары Валун. – А да мяне не прылятаюць, на мяне не садзяцца адпачыць ні жучкі, ні матылькі, ні птушачкі. Халодны я стаў і нікому не патрэбны.
     – Не праўда, мне ты патрэбны заўсёды, – падбадзёрваў яго Светлячок. – І табе я патрэбны.
     – Так і ёсць, – згаджаўся Валун.
     Часам, па начах, калі старога мучала бяссонніца, ён мог цэлую ноч прагаварыць з зоркамі пра сусветныя праблемы. Светлячку былі не вельмі зразумелыя іх развагі, і тады ён імкнуўся заснуць, уткнуўшыся ў падушку з пахкага сена. Гэту падушку ён сам зрабіў, сабраўшы на кветкавай палянцы ўсе пялёсткі завялых кветак. Цяпер, у такі халодны і тужлівы час года, кветкавы водар саграваў маленькае добрае сэрцайка Светлячка і абуджаў успаміны пра цёплае лета.
     – Як ты ў сваім будане, не змёрз? – пытала мама Поўня, наведваючы малыша ў бясхмарныя ночы.
     – Мне цёпла, не хвалюйся, матуля, – адказваў Светлячок.
     Але вось аднойчы ранкам на зямлю паваліў снег. Светлячок спачатку нават не зразумеў, што гэта валіцца з неба. Снег быў мокры і зусім не прыемны. Ён засыпаў будан, луг, атуліў дрэвы і кусты ў лесе. Нават на спіне Валуна з'явіўся мокры снежны камяк.
     – Лепш бы ішоў дождж, – прабурчаў Валун. – Але, як гаворыцца, у прыроды няма дрэннага надвор'я. Усе яе капрызы трэба прымаць.
     Светлячку было цікаўна ўсё. Мокры снег, які зваліўся з неба, ён пакратаў, нават панюхаў.
     – Гэты снег пахне свежасцю, – сказаў ён Валуну. – Мне падабаецца.
     Праз нейкі час з неба пасыпаўся іншы, сухі і калючы снег. Гэта адбылося пасля таго, як на сырой зямлі з'явіліся першыя льдзінкі, сведкі марозу, які апусціўся з нябёс. Цяпер ужо зіма на ўсю моц разгулялася на зямлі. Яна і яе памочнікі – мароз і завіруха – добра выконвалі сваю працу. Вельмі хутка ўсё вакол пакрылася тоўстым пластом хрумсткага снегу, які складаўся з мільярдаў малюсенькіх ажурных ледзяных сняжынак. А завіруха скуголіла па начах, раскідваючы снег па акрузе, замятаючы сцежкі ў лесе, дарогі на полі і лузе, усюды ствараючы вялікія гурбы са снегу.
     Аднойчы, прачнуўшыся ранкам, Светлячок нават не змог вылезці з будана. Яго будан разам з Валуном завіруха ператварыла ў адзін снежны ўзгорак.
     – Табе цёпла пад снегам? – спытаў Валун.
     – Цёпла, – адказаў Светлячок.
     – Тады і сядзі там, не вылазь, а то завіруха панясе цябе куды-небудзь далёка адгэтуль і загубіць.
     Светлячок і не думаў вылазіць. Ён змірыўся, разумеючы, што з лютай зімой ваяваць дарэмна. Калі ж усё супакоілася, і неба ачысцілася ад снежных хмар, да Светлячка наведаўся сонечны Праменьчык.
     – Вас з Валуном так атуліў снег, што зараз не выбрацца, – сказаў ён. – Будзеш там сядзець?
     – Не, я хачу выбрацца, растапі снег, калі ласка, – папрасіў малыш.
     Ох, ужо гэтыя сябры! Калі моцна захочацца сустрэцца, знойдуць выйсце з любой самай нязручнай сітуацыі. Варта было сонечнаму Праменьчыку як след пасвяціць на будан, як у ім утварылася праталіна і Светлячок выбраўся з яго.
     – Ура! Мы перамаглі завіруху, – малыш піснуў ад радасці, што апынуўся на волі.
     – А мяне не адтанеце? Хоць бы вочы, каб бачыць вас, – папрасіў стары.
     Гарачы прамень хутка выправіў і гэта нязручнае становішча.
     – Паляцелі! Паглядзім на Раку, як яна, змёрзла? – прапанаваў Светлячок.
     Так да самага вечара яны і ляталі над заснежанай Ракой, потым па лесе, паўкрываным снегам, наведваючы хаткі сваіх сяброў. У мурашак усё было звычайна, яны "закаркаваліся" і нават не прасілі іх адчыніць. Таксама было і ў пчол, бо яны баяліся халоднага паветра. А Крапіўніца, Багоўка, Конік, Цвыркун і Чарвяк нават не адгукнуліся на кліч. Мабыць, яны вельмі дужа заснулі.
     Калі сонечны Праменьчык паляцеў дамоў, і надышла ціхая бязветраная ноч, Светлячок яшчэ доўга не хаваўся ў свой будан. Ён асвятляў чароўнымі ліхтарыкамі далікатныя цельцы ажурных сняжынак і захапляўся іх прыгажосцю. А яны, нібы малюсенькія нябесныя зорачкі, свяціліся і пераліваліся, паблісквалі перламутравымі агеньчыкамі і шапталі Светлячку, што зіма – самая лепшая пара года. У гэту пару здзяйсняюцца ўсе самыя запаветныя жаданні.
     – Я б жадаў атрымаць у падарунак яшчэ адзін чароўны ліхтарык, – аднаго разу сказаў сняжынкам Светлячок.
     Можа, гэты цуд здарыўся сам, ці яго прынеслі ўначы Светлячку чароўныя гномікі, не вядома. Але аднойчы, прачнуўшыся ў сваім будане, малыш адчуў, што на яго спінцы з'явіўся яшчэ адзін больш яркі чароўны ліхтарык.
     – Дзякуй сняжынкам, што падарылі мне ліхтарык! – прашаптаў Светлячок.
     А тыя толькі ўсміхнуліся, маўляў гэта не мы, гэта чараўнік, які жыве на Небе.
     – Я думаю, што ліхтарык табе падарыла нейкая чароўная Зорачка, якая ведае тваю маму і цябе, – выказаў здагадку Валун.
     Светлячок так і не даведаўся, хто яму падарыў ліхтарык, але ён быў вельмі ўдзячны гэтаму чараўніку за яго дабрыню.
     "Я таксама імкнуся рабіць дабро ўсім, хто мяне папросіць, – думаў ён, лежучы ў сваёй цёплай пасцельке і ўдыхаючы водар лясной травы. – Вось прыйдзе вясна, а за ёй лета, і я буду зноў дапамагаць усім старым і нават новым сябрам. А па-іншаму я не змагу жыць на белым свеце".
     Пажадаем жа і мы з вамі шчаслівага жыцця на Зямлі ў асяроддзі сяброў і родных маленькаму чароўнаму Светлячку. І няхай ніколі не згаснуць яго чароўныя ліхтарыкі дабра і кахання.
     
     
     Пасляслоўе
     Дарагія дзеці! Калі вы, шпацыруючы па лесе ці па лузе, убачыце маленькага жучка, які ўмее свяціцца, то, магчыма, гэта той самы чароўны Светлячок з незвычайна чулым сэрцайкам. Кажуць, ён усё яшчэ лятае па свеце і імкнецца рабіць добрыя справы, дапамагаць усім маленькім казуркам і нават птушкам, якія жывуць побач з ім.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22