Развітанне з сябрамі да вясны - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Развітанне з сябрамі  да вясны
Развітанне з сябрамі да вясны
У апошнія дні лета падзьмулі сіверы. Сонца схавалася за аблокамі, і на ўскрайку лесу, дзе ляжаў вялікі зарослы мохам камень, стала неяк ціха і няўтульна.      – Зараз побач са мной табе не сагрэцца, – сказаў Светлячку Валун. – Тваю пастельку варта ўцяпліць апалым лісцем і сухім сенам.
     Малыш памацаў каменны бок, а ён і сапраўды стаў халаднейшы:
     – Добра, я нацягаю сухой лістоты, – вырашыў Светлячок.
     На шчасце, неўзабаве дажджы спыніліся, і зноў у лес вярнуліся цёплыя сонечныя дзянькі, але з даволі халоднымі начамі.
     – Гэта да нас прыйшло бабіна лета! – цешыўся сонечны Праменьчык, калі ў чарговы раз прыляцеў на кветкавую палянку наведаць сяброў.
     Аднак сваім вясёлым настроем ён не супакоіў лясных жыхароў. Кветкі на палянцы, не вытрымаўшы начных замаразкаў, паніклі і пажоўклі. Зямлю пад дрэвамі ў лесе панакрываў пярэсты дыван з апалай лістоты, змоўклі галасы стрыжоў, жаўрукоў, салаўёў, пеначак, берасцянак, ластавак і іншых пералётных птушак.
     – Яны паляцелі зімаваць на поўдзень. Маленькім птушачкам стала холадна начаваць у лесе, ды і машкары для харчавання ім зараз не адшукаць, – сумна прашапталі Светлячку дрэвы.
     Аднойчы, прачнуўшыся на досвітку, Светлячок убачыў у небе чараду пералётных птушак. Высока пад аблокамі разлівалася іх развітальная песня:
     – Кур-р-лы, кур-р-лы, кур-р-лы, – крычалі жураўлі.
     "Яны ляцяць зімаваць у паўднёвыя краіны", – зразумеў малыш і панёсся на бераг Ракі, каб паглядзець, ці не паляцелі на поўдзень яго знаёмыя качкі з качанятамі.
     – Бачыш, мы ўжо пазбіраліся ляцець, – паведаміў Светлячку Качар, важак качынай чарады. – Нашы дзеткі падраслі, навучыліся лятаць, яны павінны вытрымаць далёкі пералёт. Дзякуй табе, малыш, за тваю дабрыню і дапамогу. Да спаткання, да сустрэчы ў наступным годзе!
     Качкі падняліся ў неба ўлед за важаком і, выстраіўшыся клінам, паляцелі наўздагон жураўлям. Светлячок толькі і змог, што на развітанне пажадаць ім шчаслівай дарогі.
     "Качкі адляцелі, – смуткаваў ён, гледзячы на поле, дзе нядаўна каласавала пшаніца. – Вось і пшаніцу камбайны прыбралі з поля, траву на лузе скасілі. Тут у траве жыў мой сябар Цвыркун, дзе ён цяпер?"
     – Цвыркун, адклікніся, калі ты жывы! – крыкнуў малыш.
     – Я тут, не бойся, не знік, – адказаў той, вылазячы з норкі і праціраючы заспаныя вочкі. – Ты мяне больш не турбуй, я буду спаць да вясны, – распавёў ён Светлячку.
     – І больш не будзеш цвыркаць?
     – Не буду. Па начах наверсе мне холадна, у норцы цяплей.
     – Тады выбачай, што патурбаваў, – сумна сказаў малыш і паляцеў далей.
     "Як жа там мае сябры конікі, што яны робяць, а як жывуць мурашкі?" – падумаў Светлячок і вырашыў усіх іх наведаць.
     Прыляцеўшы на ўзлесак, малыш убачыў знаёмага Коніка. Той грэўся ў прамянях сыходзячага сонца, прыхінуўшыся да сухой карчагі.
     – Прывітанне! – узрадаваўся Светлячок. – Ты яшчэ не залёг у спячку?
     – Уначы я сплю, але ў добрае надвор'е выходжу са свайго сховішча, каб пагрэцца на сонцы. Аднак хутка я надоўга засну ў норцы і не буду вылазіць адтуль на паветра да вясны. Мая норка тут, недалёка ад пня, – Конік паказаў на маленькую шчылінку.
     – Шкада, што вы ўсе ўвосень і ўзімку так многа спіце, – пашкадаваў Светлячок. – Калі так, то бывай да вясны! – развітаўся ён з Конікам і паляцеў далей, да знаёмых мурашак.
     А тыя ўжо працавалі на ўсю моц, рыхтаваліся да зімы. У глыбіні мурашніка рабацягі-мурашкі вырылі глыбокія камеры, у якія склалі на захоўванне ежу – насенне, арэшкі і іншую смачніну. Зверху ўвесь мурашнік яны вырашылі яшчэ лепш уцяпліць зямлёй, глінай, лісцем, травой, невялікімі галінкамі.
     – Сцены нашага мурашніка вельмі тоўстыя, – распавёў Светлячку Мурашка-ахоўнік. – Узімку ўсе мы будзем жыць у сярэдзіне мурашніка, там нашмат цяплей. Запасы ежы на гэты час ужо прыгатаваны намі. Да маразоў мы яшчэ будзем працаваць і выходзіць з мурашніка ў лес. Але калі стукне мароз, наглуха зачынім усе ўваходы-выйсці з мурашніка для таго, каб з яго не выцякала цяпло. Будзем сядзець усярэдзіне, а каб не захварэць, узімку ўсе мы робім зарадку і трохі перасоўваемся па мурашніку.
     – Жадаю вам шчасліва перажыць зіму! Да сустрэчы ўвесну! – сказаў на развітанне Светлячок і, узмахнуўшы бліскучымі крылцамі, паляцеў да яшчэ адных сваіх добрых сяброў, а менавіта, да пчол.
     На вялікай хвоі ў пчаліным дупле кіпела праца. Што ж тым часам пчолы рабілі там? А яны гэтак жа, як і мурашкі, уцяплялі сваё жыллё. Але толькі будаўнічым матэрыялам у іх была не гліна і зямля, не галінкі і лістота, а пропаліс і воск. Воскам пчалы рамантавалі сцены дупла знутры, а пропалісам – абмазвалі іх для засцярогі ад мікробаў. Гэтак жа, як і ў мурашак, у пчол быў ужо прыгатаваны запас прадуктаў на зіму – соты з пчаліным мёдам і пропалісам.
     – Я хачу пачаставаць цябе нашым мёдам, – сказала Светлячку знаёмая Пчолка. – Мы памятаем, як ты дапамог нам пазбавіцца ад надакучлівых вос.
     – Вялікі дзякуй, – падзякаваў Светлячок за маленькае вядзерца з духмяным верасовым мёдам.
     Пажадаўшы пчолам паспяховай працы і шчаслівай зімоўкі, ён паляцеў на кветкавую палянку, бо вельмі хваляваўся пра сваю добрую сяброўку Крапіўніцу.
     – Як ты, здаровая? – спытаў ён і перадаў ёй падарунак пчол. – Гэта мёд, яго мне далі пчолы.
     Светлячок разумеў, што сяброўка ўжо не можа сабраць з кветак смачны нектар, таму што ўсе лугавыя кветкі звялі. Восеньскія халады не пашкадавалі іх.
     – Дзе ты будзеш зімаваць? – спытаў ён.
     – Атулюся ў сваёй хатцы пад апалым лісцем, – адказала Крапіўніца і паказала на маленькі буданчык, збудаваны побач з кустом шыпшынніка. – Цяпер там спіць мая сяброўка Багоўка. Ёй, небарацы, ледзь удалося выратавацца з лап крыважэрнага Павука. Гэты нягоднік хацеў яе з'есці!
     – Дзе і як гэта адбылося? – спытаў Светлячок.
     – Багоўка працавала ў глухім лесе, лячыла дрэвы ад тлі, стамілася, вырашыла трохі перадыхнуць. Яна забралася пад кусты чарнічніку і тут убачыла, што злы Павук накідвае на яе павуцінне. Малая спалохалася, стала клікаць на дапамогу і імкнуцца вырвацца ад нягодніка. На шчасце, у павуцінавай сетцы была дзірка, праз якую Багоўка змагла праслізнуць, а затым прыляцець сюды. Я паклала яе ў ложак у маім будане.
     – Ты сапраўдная сяброўка, бо добрая, спачуваеш іншым, – пахваліў яе Светлячок. – На тваім месцы я б зрабіў тое ж самае.
     – Дзякуй, але зараз мне так хочацца спаць! – сказала Крпіўніца, салодка пазяхнуўшы. – Светлячок, жадаю табе ўсяго добрага, больш не прылятай да мяне. Твой мёд я схаваю ўсярэдзіне будана, і мы з Багоўкай будзем патроху яго есці.
     – Ты будзеш прачынацца ўзімку і вылятаць з укрыцця? – спытаў Светлячок.
     – Не, не трывож мяне да вясны, – папрасіла Крпіўніца.
     Такім чынам, наведаўшы ўсіх сваіх сяброў, малыш паляцеў дамоў. Бабіна лета яшчэ не скончылася. Па дарозе Светлячку сустракаліся павуцінкі, вытканыя павучкамі-рамантыкамі. Нібы тонкія залацінкі, яны лёталі па паветры, пабліскваючы ў прамянях сыходзячага сонца. "На свеце жывуць павукі, – пралятаючы праз лес, разважаў малыш. – Але не ўсе яны злыя і крыважэрныя. Сярод іх ёсць вясёлыя павучкі, якія любяць рабіць добрыя справы".
     З заўтрашняга дня Светлячок вырашыў пачынаць рыхтавацца да марознай зімы. "Уладкую сабе маленькае гняздзечка ў выглядзе будана, падобнага на будан Крапіўніцы, – разважаў ён. – І буду ў ім зімаваць. Мая хатка будзе цёплая, я яе ўцяплю, як гэта робяць мурашкі".
     – Ура! – з усяе сілы крыкнуў Светлячок. І рэха ад яго тонкага галаска панеслася па лесе. – Зіма! – яшчэ раз крыкнуў малыш. – Я цябе не баюся!
     Звонкі галасок дзіцяці пачулі Неба, Поўня і нават зоркі.
     "Разумнік, мой сынок, – падумала Поўня. – Нічога не баіцца. Ён адважны. Вось толькі я дарма перажываю і хвалююся. Усё ў яго будзе добра".
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22