Восеньскія прыкметы
Светлячок і сам стаў заўважаць набліжэнне восені.
– Восень, гэта калі з дрэў ападае сухое пажоўклае лісце? – спытаў ён у сонечнага Праменьчыка.– Так, гэта першая прыкмета таго, што восень ужо блізка, – адказаў той.
– І ночы становяцца халаднейшымі, – працягваў разважаць малыш.
– Гэта таксама прыкмета, – падтрымаў яго сонечны Праменьчык.
– А што яшчэ? – спытаў Светлячок.
– Яшчэ шмат усяго, але гэта ўсё прыходзіць паступова. Напрыклад, пачынаюць ліць дажджы, але не такія, як улетку, не навальніцы, а халодныя доўгія дажджы, якія імжаць бясконца. Уся зямля становіцца волкай і доўга не прасыхае. Затое ў гэтую пару года ў лесе нараджаецца шмат грыбоў. Яны хутка растуць.
– Ведаеш, я бачыў у лесе грыбы нават цяпер, калі ішоў на кветкавую палянку, – сказаў малыш. – Яны растуць у цяньку, пад ялінкамі і бярозкамі. У іх карычневыя і ярка-чырвоныя капялюшыкі.
– Напэўна ты сустрэў у лесе баравік, чырвонагаловік або падбярозавік, – выказаў здагадку сонечны Праменьчык. – А яшчэ ўлетку ў лесе можна сустрэць сыраежку, лісічку, апеньку, махавік. Гэта ядомыя грыбы. Але ў лесе растуць і атрутныя грыбы, якія ні ў якім разе нельга збіраць.
– Імі можна атруціцца? – спытаў Светлячок.
– Яшчэ як! Але лясныя жыхары: птушкі, вавёркі, мышкі, вожыкі добра ведаюць гэтыя грыбы і ніколі да іх нават не дакранаюцца. Такія хітрыя грыбы вельмі прывабныя. Яны прыдумалі сабе ўпрыгажэнні на капялюшыку і пад ім. У мухамораў – ярка-чырвоны капялюшык у белую крапінку, у бледнай паганкі – бялёсы з абадком на шыйцы.
– А якія ядомыя грыбы растуць увосень? – спытаў малыш.
– Некаторыя летнія грыбы растуць і ўвосень на добра асветленых палянках, якія сонца ўжо не так моцна сагравае, як улетку. Так увосень у лесе можна сустрэць цэлыя сем'і лісічак, апенек, груздоў.
– Як цікава! – захапіўся малы. – А мае знаёмыя жыхары кветкавай палянкі, што яны будуць рабіць увосень, калі ты не так часта будзеш прылятаць туды? – пацікавіўся Светлячок.
– Гэта яшчэ адна прыкмета восені, – сказаў сонечны Праменьчык. – Усе расліны, казуркі і нават некаторыя жывёлы, якія жывуць у лесе, увосень будуць рыхтавацца да зімовай спячкі.
– Да зімовай спячкі? – здзівіўся Светлячок. – І мне таксама трэба рыхтавацца?
– Ты – гэта іншая справа. Ты ж чароўны, табе не трэба сілкавацца ежай ці "піць" сонечнае святло. А расліны не могуць без яго абыходзіцца. Яны мерзнуць ад холаду і таму кладуцца спаць, ім так зручней.
– І спяць дакуль?
– Спяць да наступнай вясны, пакуль не пацяплее. Ты яшчэ не ведаеш, што пасля восені прыходзіць зіма са снегам і марозам. Тады ўвесь лес укрывае снег. Пад ім хаваюцца завялыя кветкі, трава і казуркі. Пад снегам ім трохі цяплей і зручней спаць.
– Тады ўзімку я таксама буду спаць пад снегам, – вырашыў Светлячок. – Пабудую сабе снежны будан.
А цяпер "запоўніўшы" сваю галоўку такой незвычайна цікавай інфармацыяй, ён развітаўся з сонечным Праменьчыкам і паляцеў дамоў, каб усю яе "пераварыць" у спакойных абставінах разам з сівым Валуном.
– Ведаеш, я сёння даведаўся шмат цікавага пра тое, што нас з табой чакае наперадзе, – шматзначна прамовіў Светлячок, зручна ўладкаваўшыся побач з цёплай каменнай спіной.
– Так што ж? – спытаў стары.
– Хутка будзе восень, а потым прыйдзе зіма, – Светлячок шырока расплюшчыў свае вочкі і з цікаўнасцю паглядзеў на Валуна. – І што я буду тут рабіць, калі ўсе будуць спаць? З кім я буду сябраваць, да каго хадзіць у госці?
– Загадзя не перажывай. Няхай усё ідзе сваім парадкам. Калі ж наступіць восень, тады і будзем думаць.
– Не! Мне трэба ўсё спланаваць загадзя, – адказаў малыш. – Я так не магу жыць.
– Ты ніколі не бачыў восень, не ведаеш, што такое зіма, як жа ты будзеш планаваць?
– Можа ты і маеш рацыю, але сонечны Праменьчык мне сёння казаў, што ўвосень будзе холадна, і ўсе расліны лягуць спаць. А ўзімку ўсю зямлю атуліць снег.
– Так і ёсць.
– Тады я для сябе зраблю снежны будан і буду спаць разам з усімі. Ты ж таксама заснеш?
– Можа і не засну, бо Зямля не спіць, і Неба не спіць, і Поўня не спіць, і зоркі не спяць.
– Тады і я не буду спаць, узімку таксама можна знайсці сяброў! – узрадаваўся Светлячок.
Гэта казка на рускай мове
07.09.22