Багоўка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Багоўка
Багоўка
Не, у мяне не было такіх дзяцей, – адказала Поўня, калі Светлячок распытаў яе пра светлякоў.      – Светлякі даўно жывуць у нашым лесе, – прамовіў сівы Валун. – Кажуць, што на жывоціку ў іх ёсць адмысловыя клеткі, якія свецяцца пры кантакце з кіслародам. Святло атрымліваецца жоўта-зялёнага колеру, у цябе ж яно серабрыстае. Але, убачыўшы цябе, калі ты нарадзіўся і пачаў свяціцца, я назваў цябе Светлячком, таму што чуў гэтую гісторыю пра светлякоў, – растлумачыў стары.
     – Вось як? – здзівілася Поўня. – Значыць ты, сівы Валун, хросны бацька нашага малога?
     – І не толькі, – загадкава адказаў стары.
     – Усё гэта вельмі цікава, – сказаў Светлячок. – Але шкада, што на Зямлі ў мяне няма братоў.
     Назаўтра ён ізноў адправіўся на ўзлесак. А там ужо ішло спаборніцтва. Конікі насіліся ўздоўж лясной сцяжынкі, кожны з іх хацеў стаць чэмпіёнам. Але суддзя быў няўмольны. Ён усё правільна вывяраў і нікому са спартсменаў не дадаў у вынік бегу ніводнай лішняй секунды гэтак жа, як і не адняў яе з выніку.
     – Ты вельмі справядлівы суддзя, – пахваліў яго Светлячок.
     Але яму не хацелася доўга затрымлівацца на спаборніцтве, і таму малыш адправіўся далей, вырашыўшы сам пашукаць карысных жукоў, тым больш, што ўжо штосьці даведаўся пра іх, пагутарыўшы з Сінічкай.
     Яе ён сустрэў раніцай, калі ляцеў да конікаў. Яна распавяла, што ў лесе водзяцца карысныя жукі, якія дапамагаюць птушкам вынішчаць пражэрлівых шкодных вусеняў, жукоў, тлей, медзяніц, смаўжоў, якія псуюць лясную расліннасць.
     – Гэта багоўкі, жужалі, жукі-пажарнікі, – паведаміла Сінічка.
     – А якая яна, Багоўка? – спытаў Светлячок. – Я яе ніколі не бачыў. У яе ёсць штосьці запамінальнае ў выглядзе, па якому я б пазнаў яе?
     – Ёсць, вядома, ёсць, – адказала Сінічка. – Па-першае, яна невялікая, круглай формы. Яе крылцы чырвонага колеру ў чорную крапінку, вочы вялікія чорныя, і яна вусатая.
     – Дзякуй, Сінічка, за інфармацыю, – падзякаваў Светлячок. – Калі яна такая прыкметная, я абавязкова сустрэну яе ў лесе.
     І вось цяпер, пралятаючы па лесе, малыш ўважліва глядзеў на траву і лісце, каб не прапусціць там Багоўку. І яму пашанцавала. Ён адшукаў яе. Малая сядзела на лісціку падбелу, склаўшы крылцы.
     "Яна адпачывае", – зразумеў Светлячок, спусціўшыся ўніз да шырокага зялёнага лісціка травы.
     – Добрага дня, – паціху прамовіў ён, гледзячы ў вочы прыгажуні.
     – Прывітанне, а хто ты? – спытала Багоўка.
     – Такі ж жучок, як і ты, толькі ўмею свяціцца. Я – Светлячок, – адказаў малыш і памігцеў сваімі яркімі фарамі. – Можна з табой пазнаёміцца?
     – Калі ласка. Мяне клічуць Багоўка.
     – Я здагадаўся, што гэта ты, мне распавяла пра цябе Сінічка.
     – Так? Гэта мая сяброўка. Дзе ж ты яе сустрэў?
     – На лузе, каля лесу.
     – А мне тут вельмі сумна, няўтульна, – прызналася малая. – Мае сябры разляцеліся па ўсім лесе. Я нават не ведаю, куды мне ляцець, каб адшукаць іх.
     – Так, тут вельмі цёмна, – сказаў Светлячок, агледзеўшыся вакол. – Сонца не прабіваецца скрозь густыя галіны дрэў. У гэтай цемры можна захварэць.
     – Вось, вось, ты праўду кажаш. Паглядзі на дрэвы, іх лісце аб’ядае моль, тля і іншыя шкоднікі. Я ж стараюся дапамагчы бедным дрэвам, лячу іх.
     – Ты – сапраўдная выратавальніца лесу, – пахваліў яе малыш. – Мне так казала Сінічка.
     – Дзякуй. Сінічка такая ж працаўніца, як і я, – засаромелася Багоўка.
     – Ты працуеш тут з самай раніцы? – спытаў Светлячок.
     – Так, з раніцы.
     – Але хутка будзе вечар, я прапаную табе да цемры прыемны адпачынак на кветкавай палянцы.
     – На кветкавай палянцы? Я там даўно не была, шмат працавала тут, у густым лесе, – прызналася Багоўка.
     – Тады табе абавязкова трэба адпачыць і пабыць на сонейку, – сказаў Светлячок.
     І яны, узмахнуўшы сваімі крылцамі, падняліся і паляцелі ўздоўж сцяжынкі на светлую кветкавую палянку, каб там сустрэць сваіх сяброў і пагуляць з імі, пакуль яшчэ не скончыўся гэты выдатны сонечны летні дзянёк.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22