
Хто жыве на кветкавай палянцы?
Малыш не бачыў Крапіўніцу цэлых дзесяць дзён, а яна сама не прылятала. "З ёй штосьці здарылася", – перажываў Светлячок, але не разумеў, як у вялікім лесе адшукаць сваю сяброўку. Стары ведаў, дзе жыве Крапіўніца, яна сама яму пра гэта сказала, калі адпачывала на яго цёплай каменнай спіне. І тады Валун падрабязна распавёў Светлячку, як дабрацца да кветкавай палянкі:
– У глыб лесу вядзе вузенькая сцяжынка. Дзеці часта ходзяць па ёй у лес. Яна вядзе да светлых лясных палянак, на іх летам багата суніц. Такія палянкі людзі завуць сунічнымі. Ты ляці ўздоўж сцяжынкі і патрапіш на тую самую палянку.– А кветкі на ёй растуць?
– І кветкі на ёй растуць, а як жа? У лесе ды без кветак, – растлумачыў стары.
– Сёння я наведаю Крапіўніцу, – усміхнуўся Светлячок. – У такі выдатны сонечны дзень яе аксамітавыя крылцы будуць яшчэ больш прыгажэйшыя.
І ён адправіўся ў лес. Не прайшло і дзесяці хвілін, як Светлячок апынуўся на светлай палянцы. "Якая тут прыгажосць! – захапіўся малыш. – Уся зямля ў кветках яркага пунсовага колеру, а пах, проста цуд!"
Што ж насамрэч убачыў Светлячок? Так, уся палянка была абсыпана чырвонымі, але не кветачкамі, а сунічкамі! Буйныя сакавітыя ягадкі так і прасіліся ў рот. На палянцы было таксама шмат лугавых кветак: блакітныя незабудкі і званочкі, белыя рамонкі і стакроткі, жоўтыя кветкі кураслепу, святаянніку, сухацвету і, вядома ж, бэзавыя гронкі верасу. Ах, гэты верасовы мёд, яго так любяць дзеці!
Светлячок не ведаў, што Крапіўніца захварэла і хаваецца ад пякучага летняга сонца ў цяньку, пад кусцікам крапівы. Прыгледзеўшыся, ён убачыў не яе, а знаёмую Пчолку, тую, з якой не так даўно размаўляў у дупле на высокай хвоі.
– Прывітанне! – прамовіў малыш, падляцеўшы да Пчолкі, якая сядзела на кветцы верасу. Яна прыляцела на палянку за кветкавым нектарам, але, заўважыўшы Светлячка, разгаварылася з ім.
– Ой, гэта ты, малыш! Кагосьці шукаеш? – спытала яна.
– Так, я шукаю сваю сяброўку Крапіўніцу, яна дзесьці тут жыве.
– Я ведаю яе, але яна цяпер хварэе і хаваецца ў цяньку, пад кусцікам крапівы.
– Крапіўніца, да цябе госць! – паведаміла Пчолка, падляцеўшы да зялёнага кусціка.
– Гэта я, Светлячок, – сказаў малыш, разглядзеўшы пад кусцікам знаёмае аблічча. Крапіўніца сядзела нерухома, склаўшы крылцы. Убачыўшы малога, заварушыла вусікамі і паглядзела на яго.
– Вітаю цябе, Светлячок! Я прастыла, трохі хварэла, – сказала яна. – Дзякуй, што ты наведаў мяне.
– Папраўляйся, сяброўка, я знудзіўся, мне хочацца зноў гуляць з табой.
– Я ўжо паздаравела, мы можам нават сёння пагуляць, – адказала красуня. – Але лепш я пакажу табе свае любімыя кветкі. Хочаш?
– Хачу.
– Тады паляцелі.
Крапіўніца ўзмахнула крылцамі, а яны, спачатку непаслухмяна, але затым усё хутчэй і хутчэй замахалі і панеслі яе на асветленую сонцам палянку. Светлячок паспяшаўся следам.
– З акрыяннем, дарагая! – зазвінелі ледзь чутныя галасы кветак. Яны паварочвалі яркія галоўкі насустрач красуні і ўсміхаліся. Крапіўніца падляцела да невялікай кветкі бэзавага колеру.
– Мілая Фіялка, як ты, акрыяла? – спытала яна.
– Так, мне ўжо лепш. Бачыш, я выпрасталася і расправіла свае пялёсткі.
– Разумніца! – пахваліла яе Крапіўніца.
І яна распавяла Светлячку, што адбылося тут, на гэтым месцы, тыдзень назад:
– Я размаўляла з Фіялкай, седзячы на яе пялёстках, і тут аднекуль наляцеў люты Віхар. Ён закруціў нас ваўчком, ды так, што ледзь не вырваў з коранем Фіялку з зямлі. У мяне ж магла зламацца спінка. Мы з Фіялкай цудам засталіся жывыя…
– Гэта так сумна, – паспачуваў Светлячок. – Калі б я быў побач з вамі ў гэты час, то абавязкова прагнаў бы гэтага злога Віхру, асляпіў яго сваімі пражэктарамі.
– На шчасце, мы ўжо акрыялі, – усміхнуліся Фіялка і Крапіўніца.
А ўсе кветкі і сунічкі на кветкавай палянцы таксама ўсміхнуліся ім у адказ.
– Ура! – крыкнуў Светлячок. – Мы ўсе здаровыя і вясёлыя! Тады будзем гуляць!
У гэта імгненне кветкавая палянка стала яшчэ выдатней. Усе яе насельнікі заблішчалі ў прамянях сонечнага святла, бо над палянкай закруціліся сонечныя праменьчыкі.
Адзін сонечны Праменьчык, такі ж адважны і няўрымслівы, як Светлячок, падляцеў да яго і шапнуў на вуха:
– Прывітанне! Я – сонечны Праменьчык, пасябруем?
– Вядома! У мяне ніколі не было сонечных сяброў. Гуляй з намі, у нас весела!
Што было далей? А тое, што цяжка пераказаць. Столькі радасці і шчасця ніколі не было на кветкавай палянцы. Пэўна, таму што з кветкамі, Крапіўніцай і сунічкамі гулялі сапраўдныя чараўнікі – Светлячок і сонечны Праменьчык. Яны размалёўвалі палянку ў дзіўныя прыгожыя колеры, стваралі ў небе феерверкі, скакалі і ляталі, смяяліся і жартавалі. Крапіўніца не вытрымала такога танцавальнага рытму і прысела на траву. А сонечны Праменьчык і Светлячок, яшчэ не найграўшыся, усё ляталі і балбаталі пра сваё чараўніцтва, пра тое, як умеюць ствараць цуды.
– Я ратую ўсіх, хто мяне просіць, – сказаў Светлячок.
– А я саграваю ўсіх і размалёўваю ў яркія сонечныя колеры, – растлумачыў сонечны Праменьчык.
– Тады мы падобныя, бо робім добрыя справы, – засмяяўся Светлячок.
– Сонечны Праменьчык, паспяшайся, нас чакае Сонца. Яно там, за лесам, – крыкнулі іншыя сонечныя праменьчыкі, пралятаючы над кветкавай палянкай.
Сонца і сапраўды ўжо амаль схавалася за лесам. Пачало цямнець.
– Да сустрэчы, сябры! – схамянуўся сонечны Праменьчык і хутка паляцеў у той бок, дзе яшчэ віднелася Сонца.
– І мне пара дамоў, – сказаў Светлячок. – Да спаткання, Крапіўніца, кветкі і сунічкі! Мне вельмі спадабалася ваша кветкавая палянка. Тут так хораша і весела!
Малыш паляцеў, а Крапіўніца ізноў уселася на лісток крапівы, каб адпачыць да раніцы.
Гэта казка на рускай мове
07.09.22