Нахабныя восы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нахабныя восы
Нахабныя восы
Досвіткам Светлячка абудзіла адчайнае гудзенне. Але гэта была не Крапіўніца. Да Валуна падляцела Пчала і штосьці ўсхвалявана яму тлумачыла. Аказваецца, на пчол, якія жылі ў дупле на высокай сасне, сталі нападаць восы. Яны кралі сабраны пчоламі мёд і кусалі маладых нявопытных пчолак. Пчолкі захворвалі і нават маглі памерці. Бессаромныя восы ўжо некалькі дзён атакавалі пчалінае гняздо, не даючы дарослым працавітым пчолкам магчымасці спакойна лятаць на кветкавыя паляны і збіраць нектар. Пчолка распавяла, што ва ўваходзе ў вулей і дзень, і ноч стаіць ахова з найдужэйшых і адважных пчол. Але яны не спраўляюцца з нахабнымі восамі. Знаёмы Чмель параіў пчолам звярнуцца да Светлячка, з якім ён нядаўна пазнаёміўся.      – Чмель казаў, што Светлячок – сапраўдны чараўнік. Ён умее ствараць яркае свячэнне, якім можа моцна напалохаць вос і адвадзіць іх ад дупла. Дзядуля Валун, дапамажы нам, калі ласка, – жаласна прагудзела Пчолка. – Папрасі Светлячка прыляцець пад вечар да самай высокай хвоі, якая расце на ўскрайку, недалёка ад Ракі. Уверсе, на хвоі, ён убачыць дупло, гэта наш дом. Мы сустрэнем яго там.
     – Добра, дарагая Пчолка, – прашаптаў Валун. – Цяпер Светлячок яшчэ адпачывае, але калі прачнецца, я распавяду яму пра вашу бяду і папрашу дапамагчы пазбавіцца ад нахабных вос.
     Падзякаваўшы Валуну, Пчолка паляцела. Светлячок чуў усю гэтую гутарку як бы спрасонку, і яму захацелася яшчэ трохі паваляцца ў сваім ложачку з мяккай сухой лістоты. На гэты дзень у яго не было запланавана ніякіх важных мерапрыемстваў, таму малыш вырашыў нікуды не адлучацца з дому да вечара. "Якія ў лесе жывуць шкодныя істоты! – думаў ён, хаця ніколі не бачыў, як выглядаюць восы. У сваім уяўленні ён маляваў іх вялікімі і страшнымі. – Але я абавязкова спраўлюся з імі. Чароўнымі пражэктарамі так напалохаю злыдняў, што ім мала не здасца", – вырашыў сонны Светлячок і неўзабаве зноў заснуў.
     Прачнуўшыся, ён успомніў пра Пчалу, якая патурбавала іх раніцай, і папрасіў старога падрабязней распавесці пра тое, што адбылося. І тады Валун вырашыў расказаць малому ўсё, што сам ведаў пра вос і пчол.
     – У нашым лесе жыве шмат пчол, – пачаў свой аповед стары. – Яны – добрыя працаўніцы. Высока на дрэве, у пустым дупле, пчолы самі будуюць вялікае гняздо для жыцця ўсяго сямейства. Уцяпліўшы яго, пчолы шпаклююць знутры ўсе шчыліны так, каб у ім можна было зімаваць. Затым пачынаюць ляпяць соты – маленькія ячэйкі з воску. Матка, галоўная гаспадыня пчалінага сямейства, адкладвае ў соты яйкі. Улетку з яек вылупляюцца малюсенькія пчолкі. Дарослыя пчолы кормяць малянят мёдам, і тыя хутка растуць. Потым пчолкі-дзеткі набіраюцца вопыту ў сваіх родных, вучацца лятаць і працаваць разам з усімі. Да зімы пчолы напаўняюць мёдам усе соты вулля, запасяць яго сабе для ежы на халодную і галодную зіму. Мёд атрымліваецца з кветкавага нектару, які пчолы збіраюць з вясны да восені.
     І вось цяпер, – працягваў распавядаць Валун, – зладзюжкі восы вырашылі адабраць у пчол іх мёд, бо восы гультаяватыя, і самі мала назапасілі мёду на зіму. З выгляду восы падобныя на пчол, такія ж рудыя і паласатыя, але яны дужэйшыя, могуць моцна пакусаць.
     – Я бачыў Чмяля, а пчол і вос не бачыў, – сказаў Светлячок. – Яны падобныя на Чмяля?
     – Падобныя, толькі трохі меншыя па памеры.
     – Тады я не спалохаюся вос, наадварот, я паспрабую іх напалохаць, – упэўнена адказаў малыш.
     – Я таксама так думаю, – падтрымаў яго Валун. – Ты ж чароўны, у цябе ёсць сіла Неба, цябе нікому не перамагчы.
     Не чакаючы цемры, Светлячок адправіўся ў лес шукаць пчалінае дупло. Яго спінка яшчэ не свяцілася, ён ляцеў, пільна ўзіраючыся ў расліны і адшукваючы самую высокую хвою. На ўскрайку, недалёка ад Ракі, ён убачыў яе. Такую хвою ні з чым не зблытаеш. Яна велізарнай вышыні і здаецца, што галінамі ўпіраецца ў самае неба.
     Светлячок падляцеў да дрэва і пачаў паднімацца ўгару ўздоўж яе ствала так, як вучыла Страказа. У яго гэта нядрэнна атрымалася, і неўзабаве ён дабраўся да дупла, побач з якім раіліся маленькія рудыя стварэнні з паласатым брушкам. Яны пахлі кветкавым нектарам, і Светлячок зразумеў, што гэта і ёсць пчолы.
     – Прывітанне, – гучна абвясціў ён свой прылёт. – Я – Светлячок. Вы мяне клікалі?
     – Так, – узрадаваліся пчолы, – мы чакаем цябе! Хутка прыляцяць гэтыя жудасныя зладзейкі, яны не даюць нам спакойна жыць. Ты дапаможаш пазбавіцца ад іх?
     – Паспрабую, – паабяцаў малыш.
     – Лезь да нас, мы цябе пазнаёмім са сваім домам, – забзыкалі пчолы і пацягнулі Светлячка ва ўнутр дупла.
     – Не палохайцеся, калі я ўключу свае пражэктары, – папярэдзіў іх малыш. – Тут у вас даволі цёмна.
     – Цяпер не ўключай, – папрасілі пчолы. – Уключыш, калі наляцяць восы. Яны павінны спалохацца. Мы ўсе разам загудзім, а ты будзеш свяціцца. Добра?
     – Добра, – пагадзіўся Светлячок. – Вы прыдумалі добры план дзеянняў.
     Ох, што там было, нават цяжка апісаць! Калі прыляцелі злыя восы, пачалася сапраўдная бойка. Яны ўляцелі ў вулей без дазволу і ўжо хацелі накінуцца на пчол, але тут пачалося тое, што гэтыя зладзейкі нават не маглі сабе ўявіць. Пчолы ўладкавалі неверагодны шум і гам, Светлячок кідаў іскры і нават полымя, а бедныя восы ледзь на памерлі са страху. Яны куляй вылецелі з дупла і зніклі ў цемры.
     – Як страшна было! – прызналіся пчолы. – Але мы ўсё вытрымалі і прагналі вос.
     – Спадзяюся, што яны больш не з'явяцца ў вашам доме, – засмяяўся Светлячок. – Мы выдатна іх напалохалі.
     – Дзякуй табе, чароўны Светлячок! – падзякавалі пчолы малому.
     А ён яшчэ трохі пагаварыўшы з імі, паляцеў дамоў, злёгку асвятляючы дарогу сваім незвычайным свячэннем. У гэты час на небе свяцілася Поўня, яна чакала вяртання малыша, даведаўшыся ад Валуна, што той паляцеў дапамагаць пчолам.
     – Ты вярнуўся? – спытаў стары. – Як там, што было?
     – Было такое прадстаўленне, якое восы не забудуць ніколі! – прызнаўся малыш. – Больш ніхто ім яго не пакажа, – засмяяўся ён.
     – І што гэта за прадстаўленне? – пацікавілася Поўня. Яна слухала гутарку, і ёй стала таксама цікава, чым такім займаецца яе сынок.
     – Я праганяў з пчалінага дупла вос, мамачка. Было даволі страшна, – сказаў Светлячок. – Восы кралі мёд у пчол. Трэба было іх так напалохаць, каб гэта больш не паўтарылася.
     – І ты асляпіў іх месяцовымі праменьчыкамі, – здагадалася Поўня.
     – Я асляпіў іх магутнымі пражэктарамі! – пахваліўся малыш. – Калі я захачу, святло атрымліваецца вельмі моцнае.
     – Малайчына, – пахваліла яго Поўня. – Я люблю цябе, маё дарагое дзіця, за тое, што ты бескарысліва дапамагаеш усім, хто патрапіў у бяду.
     – Так і трэба жыць на белым свеце, – падтрымаў гутарку стары Валун. – Жыць толькі для сябе не цікава. Калі ты здольны дапамагчы іншым, дапамажы, твае добрыя справы запомняць тыя, для каго ты іх здзяйсняў і з падзякай будуць думаць пра цябе. Я рады, што ты ў нас такі, Светлячок!
     – Дзякуй вам, – збянтэжыўся малыш. Аднак яму было вельмі прыемна, што пра яго так думаюць тыя, хто для яго бліжэй за ўсіх – мама і Валун.
     Стомлены маленькі Светлячок хутка заснуў. У гэту цёплую летнюю ноч яму сніліся добрыя ласкавыя сны, таму што Поўня разам з цёмным Небам і яркімі зоркамі засцерагалі яго сон.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22