Травеньскія дзьмухаўцы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Травеньскія дзьмухаўцы
Травеньскія дзьмухаўцы
У цёплы травеньскі дзянёк на чыстым блакітным небе свяціла Сонейка. Яму былі рады ўсе, хто жыў у гарадскім парку: птушачкі, мушкі і жучкі, травінкі і кветачкі. Вось толькі дзьмухаўцы, якія вельмі любілі глядзець на Сонейка, былі рады яму больш за ўсіх. Іх ярка-жоўтыя галоўкі распушыліся ад шчасця і сталі падобныя на маленькія сонейкі.      – Не, вы не сонейкі. Сонейка гарачае, а вы – халодныя, – сказала Сарока–белабока. Яна важна расхаджвала па зялёнай траве побач з дзьмухаўцамі.
     – Навошта разваж-ж-жаць, – прагудзеў бліскучы Хрушч. – Яны ж малыя дзеці. А ўсе дзеці падобныя на сонейкі, яркія і прамяністыя.
     – Прамян-н-істыя, ха-ха-ха! – каркнула шэрая Варона, усеўшыся на траву. – Яны ж выраслі з зямлі. Проста ў іх з галовак тырчаць жоўценькія нітачакі-язычкі.
     – Няпраўда, дзьмухаўцы прыгожыя, – запярэчыў цудоўны Матылёк з аксамітавымі крылцамі. – Я люблю гэтыя кветачкі.
     – Што вы там раскр-р-рычаліся, – затрашчаў Дрозд-дзяраба. – Хутка сцямнее. Мая жонка ўкладвае птушанят спаць. А вы шуміце!
     – А я і не заўважыў, што ўж-ж-жо вечарэе, – схамянуўся Хрушч і, расправіўшы крылцы-прапелеры, паляцеў дадому начаваць.
     Матылёк таксама неўзабаве пырхнуў кудысьці, Сарока з Варонай разляцеліся ў розныя бакі.
     На зялёным лузе стала зусім ціха. Дзьмухаўцы паглядзелі на неба. Яно ўжо не было такім яркім, як днём. І ўсё таму, што Сонейка пакацілася кудысьці ўніз. Відаць, яно вельмі стамілася і зразумела – надышоў час адпачыць. Здаецца, і дзьмухаўцам захацелася спаць. Яны ўспомнілі, што ўначы спяць літаральна ўсе: мошкі, жучкі, птушаняты, нават дарослыя птушачкі. "Мы таксама будзем спаць", – вырашылі дзьмухаўцы і схавалі свае ярка-жоўтыя галоўкі пад зялёныя пялёсткі.
     – Дабранач усім, – прашамацеў вясновы Ветрык. Ён абляцеў "соннае царства", якое ўладкавалася на адпачынак на зямлі і на дрэвах, а потым знайшоў для сябе зручнае мястэчка і, згарнуўшыся ў клубочак, заснуў там да ранішняга світанку.
     Ранкам Ветрык прачнецца самым першым, палётае ля галовак птушачак, жучкоў, матылькоў і кветак, не вырашаючыся іх разбудзіць. Але, як толькі Сонейка асветліць краёчак неба, яны прачнуцца самі. Птушачкі схамянуцца і тут жа заспяваюць ранішнія песні, Хрушч забзыкае крылцамі, Матылёк яшчэ толькі памкнецца кудысьці ляцець. А дзьмухаўцы хутка распушаць свае ярка-жоўтыя галоўкі і зноў стануць падобныя на маленькія сонейкі, каб увесь ясны травеньскі дзень глядзець на любае Сонейка.
     
      Гэта казка на рускай мове
23.05.22