Чороўная дудачка
У аднаго селяніна было тры дарослых сына. Зямля, на якой яны вырошчвалі сабе пшаніцу ды авёс, зусім спустошылася. Перастала на ёй расці не толькі пшаніца, але нават простая гародніна давала бедны ўраджай. Вось паклікаў неяк селянін сваіх сыноў і кажа:
– Цяжкім стала наша жыццё на зямлі. Не магу я вас ужо пракарміць. Састарэў я, ды і надышоў час вам сваёй справай заняцца. Адпускаю вас, мае сыны, на ўсе чатыры бакі. Ідзіце ў свет і жывіце, як зможаце.Апусцілі сыны галовы, прызадумаліся, ды нічога не зробіш. Пагадзіліся яны з рашэннем бацечкі і назаўтра адправіліся ў дарогу па беламу свету свой хлеб здабываць. Першы сын, якога Сцяпанам звалі, быў кемлівым і на рукі ўмелым. Не доўга хадзіў ён па свеце, хутка сцяміў да незнаёмага каваля ў вучні папрасіцца. Ды так у яго і застаўся. Кажуць, з цягам часу добры каваль са Сцяпана выйшаў. Другі брат, якога Васілём звалі, па дарозе натрапіў на хатку сельскага краўца. І яму пашанцавала ў краўца застацца і яго майстэрству вывучыцца. Кажуць, нядрэнны кравец з Васіля атрымаўся. А трэці сын, Іван, ні да каго так і не прыладзіўся. Можа, розуму ды хітрасці не хапіла, бо з дзяцінства яго ўсе дурнем звалі. Але, усё-такі, быў у хлопца ад роду адзін цудоўны дар. Умеў ён музыку лесу чуць і свае песенькі складаць. Але што гэта ўменне яму можа даць у жыцці, чым дапаможа, Іван нават не здагадваўся. Папраходзіў ён сто дарог, гарады нагамі стаптаў, аднак, усё-такі, да сваёй роднай добрай зямлі-матухны вараціўся, туды, дзе рэчка цячэ, ды лес шуміць, птушачкі і ручайкі песенькі спяваюць на розныя галасы.
Ішоў па лясной сцяжынцы Іван, стаміўся, прысеў адпачыць каля высокага дрэва, абапёрся на яго, ды так і заснуў. Раніцой прачнуўся, агледзеўся. А дрэва тое схілілася да яго і кажа:
– Штосьці не ладзіцца ў цябе, Іванушка. Я – старая Таполя, шмат чаго пабачыла на сваім вяку, хачу дапамагчы табе. Бачу, што сябруеш ты з птушкамі ляснымі, любяць і шкадуюць яны цябе, песні твае мне часта напяваюць. Вазьмі маю галінку, тую, што больш мякчэйшая, ды гладчэйшая. Змайструй з яе дудачку, ведаю, будзе яна табе ў бядзе памочніцай.
Нахіліла Таполя сваю галінку ўніз да зямлі і падарыла Івану звонкую дудачку. Усміхнуўся хлопец, зайграў на таполевай дудачцы, а ногі яго самі ў скокі пайшлі. Птушачкі пачулі, як дудачка спявае, і тут жа падпяваць ёй сталі. Сеў Іван пасярод вялікага ляснога лужка, на чароўнай дудачцы грае, а тая развесялілася, разыгралася цудоўнымі галасамі і ўпрыгожыла ўвесь лужок кветкамі нябачанай прыгажосці. Прыляцелі пчолкі, сабралі нектар і ў лясны вулей панеслі.
Увечары прыносяць Івану цэлы гарлачык салодкага мёду, дзякуюць:
– Дзякуй, табе, Иванушка, за выдатны нектар з чароўных кветак, паеш нашага мёду.
Не змог адмовіцца ад падарунку хлопец, схаваў гарлачык з мёдам у сваю торбачку і далей пайшоў. Так хадзіў ён па лясах, па лугах, музыку іграў, а лясныя пчолы мёд яму ў падарунак прыносілі. Прадаў Іван мёд на рынку, грошы атрымаў, бацьку свайму аднёс. Пагасцяваў трохі ў старога і далей у дарогу адправіўся.
Усё лета хадзіў музыка па свеце, нядрэнныя грошы зарабляў, сябе карміў, ды і старому бацьку дапамагаў, у адрозненне ад прагных братоў сваіх. Але тут ужо і восень наступіла. Дрэвы лісце скінулі, трава і кветкі звялі. А Іванова дудачка ўсё гучыць, ды так, што на халодным лузе чароўныя кветкі расквітаюць.
Неяк, незнарок, міма квітнеючага лугу Кароль праязджаў і вельмі здзівіўся ўбачанай казцы:
– Што гэта за цуд такі? Мароз на двары. А тут – кветкі і не вянуць, пчолы кветкавы нектар збіраюць? – прамовіў ён.
І наказаў Кароль слугам даведацца, хто такі цуд стварае. Пабеглі сышчыкі па ўсёй акрузе, усіх распытваць ды аб усім разнюхваць сталі. І даведаліся, што ў беднага селяніна, у якога ў гародзе нічога акрамя гародніны не расце, мёд на паліцах у каморы стаіць, а пчальніка нідзе няма.
– Адкуль ты мёд узяў? – спыталі ў яго слугі Караля. – Твой гарод пусты, ды і пчол у цябе ніколі не было. Значыць, ты – злодзей, цябе арыштаваць трэба.
Схапілі яны старога і да Караля на допыт павялі. І прыйшлося прызнацца бацьку, што яго малодшы сын усё лета прыносіў у хату мёд, ды яшчэ і на рынку ім гандляваў, дапамагаў грашыма старому. І што дудка чароўная ў сына ёсць, яна ва ўсім вінаватая.
– Зараз жа адшукаць гэты інструмент, раз ён чароўны, толькі я магу ім валодаць, – загадаў Кароль.
Пабеглі сышчыкі на пошукі чароўнай дудкі. Ды не так проста аказалася яе знайсці і адабраць у Івана. Хлопец даведаўся пра гэта раней, чым шпікі да яго прыйшлі. Сінічкі, дзятлы, вавёркі аб усім яму паведамілі і схавалі ў вавёрчыным дупле яго дудку. Як ні шукалі шпікі, не змаглі яны знайсці чароўны інструмент.
Але Кароль на тым не супакоіўся. Дачакаўся ён вясны, калі сын старога дастаў з дупла сваю чароўную дудачку, і ўначы выкралі слугі Караля яе ў Івана, калі той спаў.
Прынеслі Каралю, а ён у рукі ўзяў, да вуснаў паднёс, але ніводнага гуку з дудачкі так і не выняў.
– Прывядзіце музыку, хай ён навучыць мяне іграць на чароўным інструменце, – загадаў Кароль.
Схапілі слугі хлопца і прыцягнулі да Караля.
Але, як ні вучыў Іван Караля дудзець на чароўнай дудцы, нічога з гэтага не выйшла. Не захацела чароўная дудачка ў чужых руках граць.
– Раз так, – сказаў Кароль, – ты сам будзеш служыць мне і іграць на дудцы, усе лугі і палянкі ў лясах вакол майго палаца кветкамі ўпрыгожваць. І тады толькі ў маіх каморах будзе самы салодкі мёд на зайздрасць усім суседнім каралеўствам!
– Добра, – адказаў Іван, – хай так і будзе. Толькі за гэта вы, ваша вялікасць, аддасце мне ў жонкі сваю малодшую дачку, прынцэсу Ганну.
А трэба сказаць, што юная прынцэса, толькі адзін раз паглядзеўшы на Івана, у той жа момант у яго закахалася. І гэта адбылося нашмат раней, яшчэ мінулым летам, калі яна шпацыравала ў лесе са сваімі прыслужніцамі. Іван, выпадкова сустрэўшы прынцэсу, захапіўся яе прыгажосцю і падарыў ёй букет чароўных кветак. Юнак і дзяўчына былі зачараваны адно адным, але ўтойвалі свае пачуцці, не вырашаючыся пра іх распавесці. Цяпер жа прынцэса выйшла да каханага і разам з ім папрасіла благаславення ў бацькі.
На шчасце, Кароль доўга не ўпарціўся. Ён даволі хутка пагадзіўся на гэты шлюб, тым больш, што годнага для дачкі жаніха ў суседніх каралеўствах не было.
З тых часоў прайшло шмат гадоў. Кажуць, што потым Каралём у гэтым каралеўстве стаў Іван, бядняцкі сын. І ўсё таму, што нарадзіўся ён, як кажуць, у кашулі. І жонку прыгажуню займеў, і дзяцей каралевічаў выхаваў, і на свайго старога бацьку не забыўся, да старасці даглядзеў. Ды і два брата ў яго служылі, адзін – галоўным кавалём, другі – галоўным краўцам. А сам Іван знакамітым музыкам стаў. Шмат добрай музыкі склаў і па свеце разаслаў. І дагэтуль яго музыку людзі і птушкі любяць, на музычных інструментах іграюць, яго талент услаўляюць.
Гэта казка на рускай мове
30.04.22