Шчаслівы Тэлефон (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шчаслівы Тэлефон (чытае Ліка Пташук)
Шчаслівы Тэлефон (чытае Ліка Пташук)
У шафе таты Веранікі пыліўся старэнькі дыскавы Тэлефон. Дзеці, магчыма, нават не ведаюць, як з ім раней абыходзіліся. Растлумачу. Такім тэлефонным апаратам карысталіся вашы бабулі і прабабулі, дзядулі і прадзядулі. Гэтак жа, як вы цяпер набіраеце нумар на сваім хатнім тэлефоне з дапамогай кнопак, тады людзі набіралі патрэбны нумар тэлефона з дапамогай тэлефоннага дыска. Неабходна было паставіць палец у вочка з першай лічбай нумара і павярнуць дыск па гадзіннікавай стрэлцы да ўпору. Паслядоўна з дапамогай дыска набіраліся ўсе лічбы, у трубцы пасля гэтага раздаваўся гудок, значыць тэлефон дазваніўся да абанента.      Вось такі Тэлефон ярка чырвонага колеру яшчэ захаваўся ў шафе таты Веранікі. Колькі часу ён там прастаяў, Тэлефон не ведаў. Але, відаць, вельмі доўга. Пра гэта можна было меркаваць па пласце пылу, які пазбіраўся на яго пластмасавым корпусе. "Ох, як мне надакучыла тут знаходзіцца!" – уздыхаў Тэлефон. Ён думаў пра былыя шчаслівыя часы свайго жыцця і пра тое, як ён дапамагаў сваім гаспадарам тэлефанаваць сябрам, знаёмым, у паліклініку, у тэатральныя касы, на пошту, на вакзал і ў іншыя патрэбныя ім месцы. Зараз жа Тэлефону толькі і засталося, што ўзгадваць сваё пражытае працоўнае жыццё. "Магчыма, я б і цяпер мог працаваць, калі б мяне падключылі да тэлефоннай сеткі…" – марыў Тэлефон.
     Нарэшце, аднойчы здарыўся цуд, які ён так чакаў. Яго дасталі з шафы! І хто ж гэта зрабіў? Вядома, яго выратавальніца Вераніка. Яна з-за цікаўнасці адкрыла дзверцы шафы і ўбачыла яго.
     – Тата! Што гэта? – спытала Вераніка і паказала на Тэлефон.
     – Гэта наш стары Тэлефон, – адказаў тата. – Яго мы ўжо даўно не выкарыстоўваем.
     "Тады навошта ён тут стаіць? Давай выкінем яго", – магла сказаць дзяўчынка. Але яна гэтага не зрабіла. Наадварот, Вераніка ўзяла анучку , акуратна працерла Тэлефон ад пылу і з дазволу таты дастала яго з шафы.
     Так Тэлефон апынуўся ў пакоі Веранікі, і яна пачала з ім гуляць у тэлефонныя званкі. За дзень дзяўчынка здзейсніла цэлых дзесяць тэлефонных званкоў: да сваіх сябровак, да бабуль і ў іншыя цікавыя месцы.
     "Ура!" – узрадаваўся Тэлефон. І хоць усё тое, што адбывалася, было толькі гульнёй дзяўчынкі, ён быў невымоўна рады, што зноў апынуўся ў нечых руках і працуе, хай нават не па-сапраўднаму. Нарэшце ў канцы гульні дзяўчынка сказала тату, што пазваніла да бабулі Насці, і тая запрасіла яе ў госці разам з Тэлефонам.
     У нядзелю адбыўся новы цуд, Тэлефон апынуўся ў кватэры сваёй старэнькай гаспадыні, бабулі Насці. Вы не паверыце! Тэлефон і бабуля ў гэты дзень былі неверагодна шчаслівымі. Бабуля ўзгадвала, як купіла Тэлефон і прынесла яго ў сваю кватэру, а потым размаўляла па гэтым тэлефоне з сябрамі з іншых гарадоў і нават краін.
     Кажуць, што старыя рэчы, якія захоўваюцца ў нашых кватэрах, часам могуць дапамагчы нам успомніць і зноў пацешыцца шчаслівым момантам свайго жыцця.
     
      Гэта казка на рускай мове
11.03.22