
Душа прыроды не старэе
У гарадскім парку на вялікай паляне пасадзілі маленькую ліпу. Дрэўца было тоненькае і яшчэ зусім слабенькае. Але кожную вясну ліпка ажывала. Напэўна, яна была бязмерна радая таму, што з яе набрынялых почак з'яўляюцца на свет сотні маленькіх светла-зялёных лісточкаў. Непрыкметна ішоў час. Ліпка падрастала. З кожным годам дрэўца паднімалася на некалькі галінак угару да неба. А ў нябесных абшарах гэтак жа, як і раней, свяціла сонейка, і плылі белыя пухнатыя аблокі.
Хутка ці не, праляцела шмат гадоў. Кожную вясну свайго жыцця ліпа сустракала з радасцю і задавальненнем. Яна прыгажэла і цягнулася да неба, каб быць бліжэй да сонца. Калісьці такая маленькая, цяпер жа ліпка ператварылася ў высокае і прыгожае дрэва. Яе доўгія зялёныя галіны засланялі ад пякучага летняга сонца людзей, якія гулялі па парку.Аднак узрост не састарыў дрэва. Яно цешылася жыццю, і кожны год увесну яго агрубелыя старыя галіны выпускалі на свет са сваіх набрынялых почак далікатныя маладыя лісточкі.
Паблізу ад дрэва ў розныя гады яго жыцця нарадзілася і вырасла шмат дзетак – такіх жа, як і яно, ліп. Дрэўцы раслі і прыгажэлі, яшчэ зусім маладзенькія і такія падобныя на сваю маці…
Аднойчы ўвесну бабуля прывяла на шпацыр у парк свайго аднагадовага ўнука. Яна адразу ж звярнула ўвагу на вялікае магутнае дрэва, якое расло на паляне ў асяроддзі маладых дрэў. Бабуля падышла бліжэй да ліпы і пагладзіла рукой яе ствол, пакратала тонкія ліпкія лісточкі і падумала: "Колькі ж гэта ганарлівая і мудрая прыгажуня пабачыла на сваім вяку! І ні якія вятры, ніякія буры не зламалі яе. Яна жыве, таму што яе душа пяшчотная і маладая, як гэтыя цудоўныя маленькія лісточкі".
Бабуля стаяла каля ліпы і глядзела на дрэва, а яе вельмі цікаўны ўнучак бегаў тутака ж. Але разглядаў ён зусім іншую "птушку" – сароку-белабоку, якая пералятала з галінкі на галінку маладзенькага дубочка.
Потым бабуля ўзяла дзіця за руку і павяла па дарожцы парку далей, удыхаючы цудоўны водар квітнеючых дрэў. Яна думала пра тое, што, не гледзячы на скарацечнасць жыцця і непазбежнасць старасці цела, нішто ніколі не прымусіць пастарэць нашу душу, калі жыццё дорыць нам магчымасць любавацца вечна маладой прыгажосцю душы зямной прыроды.
Гэта казка на рускай мове
12.02.22