Месяцовае святло - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Месяцовае  святло
Месяцовае святло
Вера ехала з працы дахаты ў перапоўненым аўтобусе. Вакол яе стаялі людзі. У гэтыя марозныя дні ўсе імкнуліся лепш апрануцца. Захутаныя ў непаваротлівыя футры і кажухі, курткі з капюшонамі пасажыры думалі – кожны пра сваё.      Працяглы мароз парадкам паднадакучыў, і людзям хацелася цяпла. Але штодзённыя падрабязныя прагнозы надвор'я па радыё і тэлебачанню ніяк не прадвяшчалі хуткага пацяплення.
     – Будзем цярпець, – казаў дыктар радыё. – Сябры, не расслабляйцеся! Апранайцеся цёпла, бо такіх працяглых халадоў не было з 1981 года.
     Да выхаду прапіхваліся дзве маладыя дзяўчыны. Вера мімаволі пачула абрыўкі фраз: "Калі б мая машына не замерзла, хіба я б паехала ў гэтым аўтобусе? Гэта ж не паездка, а проста мучэнне!"
     Аўтобус спыніўся, і адчыніліся дзверы. Вера, якая сядзела побач з імі, паглядзела на шкло дзвярэй у прасвеце вулічных ліхтароў і шырока расплюшчыла вочы – якая прыгажосць!
     Як жа яна, праехаўшы амаль усю дарогу, не заўважыла такі цуд? Усе шыбы ў аўтобусе, акрамя шыбы ў кабіне вадзіцеля, былі размаляваны дзіўнымі ўзорамі. Як жа Мароз папрацаваў! Так размаляваць "пад крышталь" не зможа ніводны мастак на свеце. Такія галінкі, пялёсткі і чароўныя ўзоры! На сваім прыпынку Вера выйшла з аўтобуса і абвяла яго позіркам. Не аўтобус, а проста казка!
     Жанчына ішла праз падземны пераход і нахлынуўшыя думкі перапаўнялі яе. "Чаму ж усе мы так паглыблены ў свае асабістыя праблемы і не заўважаны той прыгажосці, што дорыць нам прырода?" – думала яна...
     
     А жыццё ідзе, непрыкметна пралятаюць дні. Ты жывеш, як робат, і толькі часам раптам трапіць думка – як нікчэмна мала шчаслівых імгненняў было ў тваім жыцці.
     Але чароўны Месяц свеціць усім! І дарожка месяцовага ззяння спускаецца з неба да кожнага з нас. Гэта святло рамантыкі і кахання, шчасця і радасці. І не мае значэння – здаровы ты ці хворы, багаты ці бедны, самотны ці не – тваёй душы неабходна чароўнае месяцовае святло. Паглядзі ўгару! Бачыш? Гэтая светлая месяцовая дарожка – твая. Так ляці ж па ёй да сваёй радасці, да свайго шчасця, да свайго натхнення!
     
      Гэты аповед на рускай мове
5.02.22