Хітры Дзед Мароз
У сям'і Веранікі і Настусі, як і ўсюды, ужо сустрэлі Новы год. Ды і Калядныя святы падышлі да канца. Але прыбраная Ёлка яшчэ цешыла дзяўчынак. Шакаладныя цукеркі і мандарынкі, якія сястрычкі развешвалі разам з мамай на пухнатыя галінкі Ёлкі, ужо, нажаль, былі з'едзены. Засталося толькі некалькі карамелек. Цудоўныя ёлачныя цацкі ўсё яшчэ зіхацелі на Ёлцы і захаплялі дзяўчынак сваёй казачнай прыгажосцю. Хіба можна было не заўважыць Дзеда Мароза ў абсыпанай перламутравымі іскрынкамі пухнатаай навагодняй футры і ў такой жа шапцы ды не ўсміхнуцца, гледзячы ў яго вясёлыя вочы? А які прыгожы быў на Ёлцы Шчаўкунок, а Алавяны Салдацік, а Снягурка – гэта навагодняя прынцэса з дзівоснай каронай на галоўцы.
Каток, Сабачка і Качаня, Мышаня, Конік і Аленяня, яшчэ шмат цудоўных яркіх навагодніх цацак кожны дзень клікалі дзяцей да сябе і распавядалі ім займальныя гісторыі са свайго чароўнага жыцця. Яны, праляжаўшы цэлы год у цеснай скрынцы на антрэсолях, так знудзіліся, што сустрэча Новага года на Ёлцы ў асяроддзі блізкіх сяброў была для іх самай радаснай падзеяй года.Але зараз, калі Новы год і Калядныя святы падышлі да канца, цацкі пачалі турбавацца. "Хутка нас знімуць з Ёлкі, загорнуць у сурвэткі і пакладуць у скрынку" – перажывалі Каток і Сабачка, Качаня і Мышаня, Конік і Аленяня, Шчаўкунок і Алавяны Салдацік, Снягурка і нават сам Дзед Мароз. Усім цацкам быў прыгатаваны адзін і той жа лёс, і яны ведалі гэта.
У суботу мама была дома і вырашыла, што, нарэшце, трэба прыбраць навагоднія ўпрыгажэнні. Новы год ужо прайшоў, варта навесці парадак у кватэры. І пакуль тата з дзяўчынкамі хадзіў у кіно, справа была зроблена – цацкі змешчаны ў скрынку, а штучная Ёлка – у вялікі цэлафанавы пакет. "Як жа мне не падабаецца гэта праца – разбіраць навагоднюю Ёлку, прыбіраць яе было куды цікавей", – падумала мама. Але, складваючы цацкі ў скрынку, яна, як бы інтуітыўна, усё-такі, адчула, што з імі адбываецца штосьці незразумелае. Ёй нават здалося, што навагоднія цацкі жаласна шапталіся пра нешта, з нудой гледзячы на яе. Нібы бездапаможныя птушаняты ці кацяняты, яны не жадалі сыходзіць са сваёй "Ёлачнай хаты", ад сваёй мамы Ёлкі, на якой ім усім так падабалася зіхацець і весяліцца цэлых тры тыдні святочнага жыцця. "Няма дурных, – вырашыла мама, – добрага патрошку. Бывайце, мае мілыя, да наступнага Новага года".
– А дзе наша Ёлка? – пачула яна разгубленыя галасы дочак, якія вярнуліся са шпацыру.
– Усё. Яна ўляглася спаць да наступнай зімы, – пажартавала мама.
– У-ў-у, – разраўліся дзяўчынкі. – А цукеркі, там яшчэ заставаліся карамелькі!
– Вунь, яны на стале ляжаць.
Цэлы вечар і нават цэлую раніцу сястрычкі гаравалі па навагодняй Ёлцы і цацкам. Але, калі яны падышлі да акна і ўбачылі на ім незвычайныя ўзоры з лёду, то зноў акунуліся ў казку. У нейкі момант ім здалося, што Дзед Мароз, той, што быў пад Ёлкай, нейкім неверагодным чынам апынуўся за акном, у іх двары.
– Гэта Дзед Мароз намаляваў нам ледзяныя ўзоры на акне! – усклікнула Вераніка.
– Так, той самы, што быў пад Ёлкай! – захоплена прашаптала Настуся.
– Яму, чараўніку, нічога не каштавала схавацца ад мамы і ўцячы на вуліцу. І вось за ноч ён нам намаляваў такую прыгажосць на акне! – цешылася Вераніка. – Пэўна, і Снягурку ён узяў з сабой. Яны там разам. Гэта так, іх няма ў скрынцы!
– Яны ўцяклі ад цябе. Яны намалявалі нам узоры, – паведамілі дзяўчынкі маме, з дакорам гледзячы на яе.
– Хто? – спытала яна.
– Дзед Мароз і Снягурка!
– Праўда?
– Так-так!
– Добра, хай пажывуць там зіму, – усміхнулася мама. – Але потым, увесну, ім некуды будзе дзецца. Яны зноў вернуцца і ўлягуцца спаць у скрынку.
– Пакуль ты не дастанеш іх і не паставіш пад Ёлку? – спыталі дзеці.
– Відаць, так, – пагадзілася мама. – А зараз, калі яны сыплюць снег і марозяць, можна пакоўзацца на санках. Пойдзем?
– Пойдзем! – узрадаваліся дзяўчынкі і пабеглі апранацца.
Гэта казка на рускай мове
25.01.22