Мінскае гета (аповед-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мінскае гета (аповед-быль)
Мінскае гета (аповед-быль)
Вялікая Айчынная вайна... Колькі няшчасця яна прынесла, колькі мірных нявінных жыхароў Мінска загінула, колькі дзяцей не дажыло да вызвалення роднага горада ад ненавісных акупантаў!      Цяпер шмат хто з нас, жыхароў сталіцы, нават не здагадваецца, праходзячы па вуліцы Каллектарнай, Сухой, Караля, Романоўскай Слабадзе, Ракаўскай, Дзімітрова, Замкавай, Юбілейнай плошчы, што калісьці гэта цэнтральная частка горада была абгароджана высокім штыкетнікам з калючым дротам, і туды зганялі яўрэяў для таго, каб потым знішчыць, як нелюдзяў, нявартых жыць на белым свеце. Колькі параненых, напаўжывых, знясіленых людзей было закатавана тут і асуджана на страшную смерць!
     З усяго гэтага апраметнага пекла, якое мела назву Мінскае гета, удалося ўцалець зусім нямногім. І яны да канца жыцця былі ўдзячныя сваім выратавальнікам, якія хавалі іх ад немінучай смерці ў падвалах дамоў, на гарышчах, у іншых патаемных месцах альбо дапамагалі дабрацца да партызан у лесе.
     Пасля вайны на Юбілейнай плошчы быў пабудаваны кінатэатр "Беларусь", на вуліцах, якія знаходзіліся на тэрыторыі Мінскага гета, збудаваны новыя жылыя дамы. У вызваленым Мінску нарадзілася шмат малышоў. Дзеці падрасталі, хадзілі ў дзіцячыя сады і школы, паступалі вучыцца сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нажаль, бацькі і настаўнікі зусім мала расказвалі ім пра тую трагедыю, якая яшчэ не так даўно адбылася ў родным горадзе, пра акупацыю Мінска і жахах Мінскага гета. Людзям, якія перажылі страшную вайну і спазналі шмат гора, не хацелася азмрочваць шчаслівае жыццё сваіх дзяцей.
     Але час ідзе, і жыццё змяняецца. Адноўлены пасля вайны намаганнямі працавітых і цярплівых людзей горад Мінск з кожным годам прыгажэе, расце і напаўняецца новымі клопатамі і радасцямі. Вось толькі нікому з нас нельга забываць пра той страшны час, калі тысячы бязвінных людзей, змучаных і галодных, гінулі ад рук катаў тут, у цэнтральнай частцы горада, у Мінскам гета.
     У наш час у кінатэатрах горада часта ідуць дакументальныя і мастацкія фільмы пра вайну, у музеях праводзяцца выставы, прысвечаныя памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Падрастаючая моладзь даведваецца пра подзвігі сваіх прадзедаў, разглядаючы ўзнагароды герояў вайны, фатаграфіі таго часу, слухаючы ці чытаючы іх успаміны. Амаль у кожнай беларускай сям'і ёсць хтосьці са сваякоў, хто загінуў на фронце, у партызанах ці быў закатаваны фашыстамі. А як усе яны, у той час яшчэ зусім маладыя людзі, хацелі жыць, радавацца мірнаму жыццю ў сваёй роднай краіне, быць шчаслівымі! Нам, хто жыве цяпер на святой беларускай зямлі, застаецца толькі верыць у тое, што памяць пра кожнага чалавека, які не дажыў да перамогі, будзе заўсёды захоўвацца ў сэрцах яго нашчадкаў.
     Галоўнае для ўсіх нас цяпер – зберагчы мірнае вольнае жыццё на роднай зямлі, ніколі не ўпускаць ворага-акупанта ў свой дом, рабіць усё дзеля таго, каб не паўтарылася тая жудасная трагедыя, якая адабрала жыцці ў мільёнаў людзей.
     
     Даведка:
     З 20 ліпеня 1941 па 21 кастрычніка 1943 года ў Мінскім гета з 120 тысяч вязняў загінула 105 тысяч. Самым вядомым і значным месцам памяці Мінскага гета з'яўляецца мемарыяльны комплекс "Яма". 2 сакавіка 1942 года падчас аднаго з пагромаў тут былі расстраляныя каля 5 тысяч чалавек, частка з іх была скінута ў гэту глыбокую яму.
     У гады Вялікай Айчыннай вайны загінула 3 мільёна беларусаў – кожны трэці. Вайна дашчэнту разбурыла 209 гарадоў, з твару зямлі агнём было сцёрта больш за 11000 населеных пунктаў. Шмат жыхароў гэтых вёсак згарэлі жыўцом. Страшны час не літаваў нікога. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы правялі 140 буйных карных аперацый. Сведчанні зверстваў – больш за 580 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Вязнямі канцлагераў станавіліся нават маленькія беларусы.
     1418 дзён і начэй жорсткай і страшнай бітвы за сваю Радзіму, за мір, за жыццё.
     
      Гэта апавяданне на рускай мове
25.01.22