Непрыгожая Ялінка (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Непрыгожая Ялінка (чытае аўтар)
Непрыгожая Ялінка (чытае аўтар)
Напярэдадні навагодніх свят ля гарадскога супермаркету адкрылі Ёлачны кірмаш. Пухнатыя лясныя прыгажуні дастаўлялі на грузавых аўтамабілях з лясніцтва, размешчанага за горадам. Невысокія ялінкі каштавалі танней за высокіх елак. Але маленькія дрэўцы людзі, усё-такі, лепш куплялі, бо ў гарадской кватэры ім трэба менш месца. Ёлачны кірмаш да канца дня пусцеў, новыя елкі падвозілі з ранку. Толькі некалькі несамавітых ялінак ніхто не купляў, колькі б іх не рэкламаваў прадавец.      – Яны непрыгожыя, – казалі пакупнікі.
     Аднак, шчасце ўсміхнулася дзвюм з трох "непрыгажунь". Іх, нарэшце, купілі! Засталася апошняя Ялінка, самая непрыгожая, з негустыми галінкамі і абламанай верхавінай. "Гэту ўжо ніхто не купіць", – вырашыў прадавец і паставіў яе поруч смеццевай скрыні.
     Непрыгожая Ялінка вельмі засмуцілася. Яна вырасла ў густым лесе, дзе небарацы таксама не ўсміхалася шчасце. Дрэвы, якія абкружалі яе з усіх бакоў, сваімі галінамі засланялі ад яе сонца, нават улетку ў лесе Ялінцы было цёмна і няўтульна. Яна дрэнна расла і часта хварэла.
     "Няўжо, гэта праўда? – цешылася Ялінка, калі яе ссеклі і павезлі ў горад на вялікай машыне. – Мяне паставяць у светлым пакоі і ўпрыгожаць чароўнымі цацкамі! А потым будзе вясёлае навагодняе свята з карагодамі, песнямі і вершамі. Ах, як я мару ўбачыць радасныя ўсмешкі дзетак, пачуць іх вясёлы смех!" Але калі Ялінку выкінулі ў смецце, яна зразумела, што яе запаветнай мары ніколі не спраўдзіцца. Усю ноч небарака праплакала, яе галінкі зусім паніклі, пакрыліся ледзяной скарынкай, у дадатак іх зацерушыў снег.
     Надышла раніца, і раптам Ялінка адчула, што нечая цёплая рука падняла яе, стрэсла з галінак снег і панесла. Неўзабаве стары з добрым тварам прынёс Ялінку да сябе дамоў. А яна яшчэ не верыла ў цуд, ёй здавалася, што ўсё гэта толькі сон.
     – Дарагая, глядзі, што я табе прынёс, – сказаў стары, уваходзячы ў кватэру і зачыняючы за сабой дзверы.
     Яго жонка, такая ж бабулька, як і ён, падышла да Ялінкі, памацала яе зялёныя галінкі і ціха прамовіла:
     – Чароўная Ялінка прыйшла да нас з лесу, а пахне, проста цуд! Яна нагадала мне маё дзяцінства, навагоднія ранішнікі і падарункі. Як добра, што ты, мой родны, прынёс у нашу кватэру сапраўдную высакародную Ёлку. Але ўпрыгожваць яе будзеш сам, у мяне шмат спраў на кухні. Заўтра Новы год, а я яшчэ не спякла святочны торт.
     – Вядома, я абавязкова ўпрыгожу яе, ты толькі дай мне нашы ёлачныя цацкі, – пагадзіўся стары.
     Да вечара непрыгожая Ялінка ператварылася ў прыбраную навагоднюю прыгажуню. Старыя ёлачныя цацкі, якія праляжалі некалькі гадоў у шафе, цяпер радасна зіхацелі і пераліваліся на яе галінках, а на абламанай верхавіне заззяла цудоўная перламутравая Зорка.
     – Заўтра прыйдзе Аліса, будзеш цешыць яе, – сказаў Ялінцы, усміхнуўшыся, стары.
     Да вечара наступнага дня навагодні стол быў накрыты, гаспадары чакалі гасцей. І вось раздаўся званок у дзверы. Унучка Аліса з мамай і татам вясёлыя і разрумяненыя ад марозу ўвайшлі ў пярэдні пакой. Яны прыйшлі да бабулі з дзядулем каб разам, усёй сям'ёй, сустрэць Новы год. Вось толькі Ялінка раптам збянтэжылася, ды так, што ад страху ледзь не звалілася на падлогу. Яна расхвалявалася, спалохаўшыся, што не спадабаецца гэтым маладым людзям, вельмі падобным на тых, што падыходзілі да яе на кірмашы.
     – Што з табой? – цяпер ужо спалохаліся ёлачныя цацкі. Яны зазвінелі і загайдаліся на Ялінцы, ледзь утрымаўшыся, каб не зваліцца і не разбіцца аб падлогу.
     – Усё добра, супакойцеся! – прашаптаў цацачны Дзед Мароз, які шмат чаго пабачыў на сваім вяку. Ён стаяў унізе, пад дрэўцам, і скоса, нахмурыўшыся, паглядзеў на ўсхваляваныя цацкі.
     І тут да Ялінкі падышла Аліса.
     – Бабуля! У вас сёлета сапраўдная жывая Ёлачка! Яна так пахне лесам!
     – Так, гэта твой дзядуля прынёс яе для цябе, – сказала бабуля. – Яна падабаецца табе, унучачка?
     – Яшчэ як! – адказала дзяўчынка. – Ваша Ёлачка – сапраўдная навагодняя Прынцэса з казкі.
     
     Вось так спраўдзілася запаветная мара маленькай лясной Ялінкі. Яна стала жаданай госцяй у кватэры добрых людзей і яшчэ доўга цешыла Алісу і яе родных у чароўнае навагодняе свята.
     
      Гэта казка на рускай мове
24.12.21