Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (3. Новы год у лесатундры)
Пасля некалькіх даволі цёплых восеньскіх дзянькоў неба паўкрывалі шэрыя хмары, а затым выпаў першы снег. На паўночную зямлю прыйшла зіма. Спачатку без моцнага марозу, а толькі з пухнатым снегам. Паступова мароз мацнеў, завея (яе тут завуць "цёмная завея") засыпала снегам елкі і ўсе сцяжынкі ў ельніку. Часам шэрае неба, скінуўшы на зямлю ўвесь снег, праяснялася. І тады з нябеснай цемры на схаваныя пад снегам ялінкі глядзелі зоркі і месяц, а дзесьці ўдалечыні бліскацела рознакаляровымі агеньчыкамі паўночнае ззянне.
Набліжаліся навагоднія святы. Сябры Пуф і Елавік вырашылі пашукаць у сваім яловым лесе аздабленні для навагодняй Елкі. Толькі далёка адыходзіць ад месца, дзе яны заўсёды гулялі, малыя баяліся, а побач з ім яны так і не змаглі нічога падыходзячага адшукаць. Дзе ж узяць цацкі для Елкі? Ваверчаня і шчанюк засумавалі. Снег атуліў усю зямлю, а адкапаць штосьці з-пад снегу здавалася ім нерэальным.І тут здарылася штосьці неверагоднае. Высакародная Елка, якую яны марылі ўпрыгожыць, гледзячы на занепакоеных дзетак, сама ўсё арганізавала. Яна "звязалася з небам" і дамовілася з зорачкамі, што яны паселяць на яе галінках самыя маленькія, самыя юныя зорачкі ў якасці навагодніх аздабленняў.
– Пасля Новага года я адпраўлю іх назад на неба, – паабяцала мудрая Елка.
Раніцай, прачнуўшыся, Пуф вылез з норкі і ўскрыкнуў ад нечаканасці. Іх Ёлка была абсыпана надзвычай яркімі навагоднімі цацкамі. Яны ззялі і пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.
– Гэта зорачкі, сапраўдныя нябесныя зорачкі! – зразумеў шчанюк.
Ваверчаня, пачуўшы голас сябра, прачнулася і выбралася з дупла.
– Што гэта за цуд такі!? – захоплена прашаптаў Елавік, гледзячы на Елку.
– Гэта Дзядуля Мароз, гэта ён упрыгожыў нашу Елку, – вырашыў Пуф.
– Не можа быць, Дзядуля Мароз яшчэ не прыязджаў сюды ў крыштальных санках з лёду. Я б ведаў пра гэта, – усумніўся Елавік. – Гэта хтосьці іншы зрабіў.
– Я, я сама зрабіла вам падарунак да Новага года, – зазвінела чароўнымі аздабленнямі Елка. У такім уборы яна ператварылася ў сапраўдную навагоднюю Ёлку.
– Гэта ўсё зрабіла ты сама? – ускрыкнулі сябры. – Значыць, ты чароўная!
– Я чароўная, – распушыла зялёныя галінкі Ёлка. – Нездарма ж вы мяне выбралі.
Слых пра цудоўнае ператварэнне бабулькі Елкі ў навагоднюю Ёлку, панёсся па ўсяму ельніку. Апранутыя ў пышныя футры з хрусткага снегу, суседкі-ялінкі з цікаўнасцю разглядалі навагоднюю прынцэсу і трохі зайздросцілі ёй…
Напярэдадні Новага года звяры і птушкі ельніку пазбіраліся каля навагодняй Ёлкі. Чорныя крумкачы, вавёркі, расамахі, зайцы дасталі пачастункі са сваіх зімовых камор. Нават белая Сава не вытрымала, прыляцела да сваіх сяброў на свята.
Раптам зазвінелі бомы, і высока па небе пранесліся зіхатлівыя ледзяныя санкі, запрэжаныя чароўнымі аленямі. Хто ж сядзеў у іх, Санта Клаўс ці Дзед Мароз? Гэта засталося загадкай. Але неўзабаве на снезе побач з навагодняй Ёлкай з'явіліся жаданыя падарункі для дзетак ельніку.
– Ура! – цешылася дзятва, разбіраючы пачастункі і цацкі.
Кожны знаходзіў пад навагодняй Ёлкай тое, што жадаў. Пуфу і Елавіку дасталіся салодкія ласункі: шакаладныя грыбы і ягады. Яны з задавальненнем ласаваліся імі, не забыўшыся падзяліцца з мамамі і знаёмай Савой.
– Я бачыла там, за лесам, яшчэ адну навагоднюю прыгажуню, – сказала непаваротлівая белая Курапатка. Яна трохі спазнілася на свята, таму што затрымалася ля бярозкі, якая расла на ўскрайку ельніку побач з заледзянелым азярцом.
– Дзе, якая бярозка? – спытаў Пуф.
– Самая звычайная, стройная, белая, але без лісточкаў і “завушніц”, – адказала Курапатка.
– Мама, пойдзем, паглядзім, – папрасіў шчанюк.
– Пайшлі, – пагадзілася мама. У гэту навагоднюю ноч ёй, як і ўсім жыхарам лесатундры, не хацелася спаць, а хацелася дзівіцца.
І хоць свята ля прыгажуні Ёлкі працягвалася, мама з сынам паціху падаліся на пошукі бярозкі…
– Дык вось жа яна, бачыш? – ціха прашаптала мама, заўважыўшы ля самага берага вытанчанае белае дрэўца.
Тонкія галінкі бярозкі зледзянелі і пакрыліся бліскучай шэранню са снегу. Белы ствол, зацярушаны ледзянымі сняжынкамі, зіхацеў у перламутравых прамянях далёкага палярнага ззяння. І ўся бярозка здавалася застылай ледзяной прыгажуняй.
– Яна спіць, – ціха растлумачыла мама.
– Яна не памерла? – Пуф трывожна паглядзеў на бярозку. Першы раз у жыцці ён бачыў такое дрэўца, і яму стала яго шкада.
– Не бойся, увесну яна прачнецца і ажыве. На яе галінках адрастуць зялёныя лісточкі.
– А гэта што? – спытала малое, паглядзеўшы на возера. На яго тонкім лёдзе Пуф заўважыў далікатныя белыя кветкі з ледзяных сняжынак. "Ледзяныя ружы і півоні" ўсеялі ўвесь лёд і былі падобныя на чароўны ледзяны сад Снежнай Каралевы.
– Чароўны Новы год падарыў мне ледзяныя кветкі, – прашаптаў шчанюк. – Ён ведаў, што гэта – маё запаветнае жаданне.
Пуф успомніў, як пра ледзяныя кветкі яму распавядала белая Сава, і вельмі абрадаваўся таму, што сам выпадкова ўбачыў іх. І тут яму, раптам, моцна захацелася спаць. Мама, заўважыўшы, што сынок проста "валіцца з ног", хутчэй павяла яго дахаты і паклала ў пасцельку. Раніцай Пуф узгадаў пра кветкі і павёў ваверчаня паглядзець на іх, але кветак на возеры не аказалася.
– Шкада, што ты іх не ўбачыў, – перажываў Пуф. – Але ты абавязкова яшчэ ўбачыш іх, яны з'явяцца ў самае чароўнае імгненне твайго жыцця, – паўтараў шчанюк…
Гэта казка на рускай мове
10.09.21