Вясновыя мроі (казка-прытча) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясновыя мроі (казка-прытча)
Вясновыя мроі (казка-прытча)
Ох, і добра ж тут! – пажылы чалавек з асалодай удыхаў паветра, напоўненае водарам вясновых кветак. Злёгку пастукваючы кіем, ён павольна ішоў да сваёй любай лаўкі ў самым зацішным кутку цяністага парку. Па абодва бакі ад алеі раслі высокія дрэвы з вялікімі разгалістымі кронамі. Іх калісьці даўным-даўно пасадзілі добрыя людзі. Але гэтых людзей ужо няма, а дрэвы жывуць і захоўваюць памяць пра былыя часы.      – Прыгажуны! – чалавек залюбаваўся цудоўным светла-зялёным адзеннем старых клёнаў і таполяў, бяроз і ліп. Яркае сонечнае святло, праймаючы наскрозь маленькія тонкія лісточкі, надаваў парку незвычайнае вясновае зачараванне. Вось і яго запаветная лаўка. Акуратна паставіўшы кій, стары прысеў на край лаўкі. І зноў, як гэта здаралася кожны раз, калі ён прыходзіў сюды, адчуў, што пазбаўляецца ад грузу нядаўніх клопатаў і праблем, як ад непатрэбнага смецця, і паглыбляецца ў цудоўнае сапраўды чароўнае жыццё каханага парку...
     Лёгкі Ветрык далікатна дакрануўся да яго твару і прашаптаў:
     – Адгадай, хто гэта спявае?
     – Дрозд.
     – А цяпер хто?
     – Берасцянка.
     – Адчуваеш пах Бэзу?
     – Так.
     – Ён ўжо зацвёў. Бачыш, вунь там, каля альтанкі!
     – Бачу.
     – А тое маладое дрэўца памятаеш?
     – Вядома, гэта Акацыя.
     – І яна зацвітае. Упершыню!
     – Ох, якая малайчына!
     – А яшчэ я табе пакажу маладзенькую Яблыньку. Яна расце на палянцы. Яе нядаўна пасадзілі. Хочаш паглядзець?
     – Хачу.
     – Тады пайшлі!
     Стары ўважліва слухаў аповед няўрымслівага Ветрыка, а душа яго сагравалася ў прамянях яркага вясновага сонейка. Потым ён устаў і падышоў да Акацыі:
     – Разумніца, зацвіла! – стары з пяшчотай дакрануўся да пругкай галінкі.
     – А як жа, – адказала дрэўца. – Мне ўжо трэба ў нявестах хадзіць.
     – З Богам, мілая. Красуйся! Цяпер такая выдатная вясновая пара!
     Стары пайшоў па сцяжынцы далей. Яму захацелася прывітацца і пагаварыць са сваімі даўнімі сябрамі, Ліпай і Клёнам – мудрымі стогадовымі дрэвамі. І яшчэ, паглядзець на Яблыньку, тую, што пасадзілі на сонечнай палянцы. А парк, ветліва сустрэўшы дарагога госця, ізноў паглыбіўся ў свае думкі, у свае адчуванні, у сваё вясновае жыццё...
     Юны Клён, які рос ўбаку ад квітнеючай Акацыі, чуў ўсю гутарку Ветрыка з чалавекам. Ён зірнуў на квітнеючае дрэўца і быў мімаволі зачараваны яго прыгажосцю. "Як я хачу пазнаёміцца з ёй, бо яна выдатная!" – падумаў Клён.
     Але што ж рабіць Бярозцы, яго дарагой сяброўцы дзяцінства? Той, што ўсё жыццё расце побач і дзеліць з ім папалам ўсе беды і радасці. Той, чые галінкі і днём і ўначы, быццам тонкімі пальчыкамі, далікатна дакранаюцца да яго галін. Як жа ўсе тыя казкі і гульні, іх добрае дзіцячае сяброўства! Яно знікла назаўжды? І ён забыўся пра сваю сяброўку, удыхаючы чароўны водар квітнеючай Акацыі?
     Белая Бярозка ўмомант зразумела, што яе сябар ужо ў думках пра іншую, яе саперніцу. Лёгкая халодная дрыготка пабегла па юнаму дрэўцу, тонкія галінкі апусціліся ўніз.
     – Што з табой, Бярозка! Ты ўся дрыжыш! Захварэла? – гэта сказаў Ветрык, гэта ён, чулы і ласкавы, прыляцеў да яе на дапамогу. Вось ён, сапраўдны сябар!
     – Не, я не захварэла. Толькі Клён… Ён мне здрадзіў. Ён ужо не сябруе са мной.
     – Як жа так! Зараз я разбяруся з гэтым здраднікам, – свіснуў Ветрык і паспяшаўся да Клёна, каб адцягнуць яго нявопытнае сэрцайка ад духмяных чараў прынцэсы Акацыі.
     
     У жыцці шмат спакус. Але нельга забываць пра тое, што ў цябе ёсць самыя блізкія і родныя сэрцы, што сваімі неразумнымі паводзінамі можна балюча параніць іх.
     І вось ужо сябры зноў разам. Клён вінавата глядзіць на Бярозку і лёгенька сцірае мяккім лісцікам кропелькі-слёзкі з яе белага ствала…
     
      Гэта казка на рускай мове
7.09.21