Не журыся, Чараўнік! (казка)
Жыў-быў Чараўнік. Ён умеў ствараць тысячы цудаў і выконваць жаданні. Вось толькі свайго самага запаветнага жадання ніяк не мог выканаць.
Гэтым разам у руцэ Чараўніка была простая шарыкавая ручка. Ёю ён штосьці запісваў у сшытак. Можа Чараўнік складаў казку пра няшчаснае каханне?Справа ў тым, што малады і вельмі сімпатычны, надзелены рознымі талентамі Чараўнік безразважна закахаўся ў казачную Фею. Няшчасны, ён не ведаў, што гэта зусім не Фея дабра, а Фея абыякавасці! Не наканавана было гарачаму пачуццю Чараўніка дастукацца да сэрца наравістай прыгажуні. Таму гэты Новы год, як і восемдзесят восем папярэдніх, Чараўнік сустрэў адзін, без каханай. Упрыгожаная ім ва ўласнай хаце Ёлачка, такая ж сумная, як і ён сам, жалобна глядзела на Чараўніка. А ён запальваў на ёй рознакаляровыя агеньчыкі і любаваўся прыгажосцю перламутравых сняжынак, уяўляючы сабе сваю каханую ў цудоўным навагоднім уборы.
Андак надышоў час і скончыліся святы, трэба было зняць з Ёлачкі ўвесь яе пышны ўбор. Чараўнік дастаў скрынку з-пад ёлачных цацак і пачаў здымаць усе ўпрыгожванні. Спачатку ён зняў з верхавіны зіхатлівую зорку, затым банцікі, званочкі, шарыкі, перламутравыя сняжынкі, рознакаляровы дожджык. Вядома ж, Чараўнік разумеў, наколькі яго Ёлачцы не хочацца раставацца з такой прыгажосцю! Але нічога не зробіш. Тыя шчаслівыя гадзіны, калі яна была каралевай навагодняга свята, мінулі, і цяпер трэба чакаць надыходу наступнага Новага года…
Чараўнік журыўся, яго Ёлачка таксама. І ніхто з іх не бачыў сапраўдную казку – прыгажосць, якую за акном дарылі дрэвам маленькія далікатныя, безумоўна, чароўныя сняжынкі, якія павольна і плаўна падалі з цямнеючага неба. Праз некаторы час усе дрэвы апрануліся ў цудоўнае беласнежнае ўбранне! Цяпер кожнае дрэўца ў двары чараўніка лічыла сябе сапраўднай прыгажуняй выдатнага зімовага вечара.
Чараўнік выпадкова зірнуў у акно, і яго вочы пацяплелі. У душы ажыла мара пра шчаслівы канец яго гісторыі кахання. Ён ізноў узяў ручку і хацеў працягнуць казку. Але ручка адмовілася пісаць далей, у яе стрыжні скончыліся чарнілы...
Не журыся, Чараўнік! Тым лепей. Няхай гэта будзе сюжэт для новай радаснай і шчаслівай казкі, якую ты абавязкова запішаш трохі пазней…
Гэта казка на рускай мове
7.09.21