Добры прыклад сябра
Пеця і Паўлік – сябры-аднагодкі. Усё сваё свядомае жыццё яны жывуць у адным і тым жа пад'ездзе шматкватэрнага дома толькі на розных паверхах. У іх шмат агульных інтарэсаў, яны ходзяць адзін да аднаго ў госці, і ў свае пяць гадоў добра знаёмыя з камп’ютарам. Да таго ж, у хлопчыкаў даўно ўзнікла адна агульная мара. Сябры марылі пра свайго ўласнага сабаку.
Але калі Паўліку на дзень нараджэння тата з мамай, нарэшце, падарылі пародістага шчанюка, Пеця моцна расхваляваўся. Цяпер яму чамусьці не вельмі хацелася гуляць у двары з сябрам і яго шчанюком. Аказваецца, хлопчык страшна зайздросціў Паўліку і нават раўнаваў яго да шчанюка па мянушцы Пальма. А той, ні пра што не здагадваючыся, тыкаўся на шпацыры халодным носам у Пеціну далоньку і нават лізаў язычком яго твар.Паўлік так прывязаўся да свайго сабачкі, што ўвесь вольны час праводзіў з ім, вучыў шчанюка розным разумным камандам і часам забываў патэлефанаваць сябру Пецю.
– Я таксама хачу сабаку, такога, як у Паўліка, – казаў Пеця сваёй маме.
Але яна нічога не абяцала сыну. Мабыць ёй не вельмі хацелася няньчыцца дома яшчэ з адным малышом – прыбіраць за ім, карміць, выгульваць.
– Я буду сам выгульваць сабаку, – кожны дзень абяцаў Пеця.
Толькі мама заўсёды казала ў адказ:
– У тваім пакоі ніколі няма парадку, а з'явіцца сабака – будзе яшчэ горш.
Пасля такіх папрокаў Пеця тут жа станавіўся акуратным, але не надоўга, і таму гутарку пра сабаку ўжо не заводзіў.
– Мама не хоча купляць мне сабаку, – пажаліўся Пеця маме Паўліка, калі быў у яго ў гасцях.
– Чаму? – спытала тая.
– Я неакуратны.
– Гэта дрэнна. Значыць ты не вельмі хочаш мець такога сябра, – усміхнулася мама Паўліка, паказваючы на Пальму.
– Хачу.
– Тады стань акуратным. Паўлік усё робіць сам, я не прыбіраю ў яго пакоі, – сказала яна. – Бачыш, гэта пакой Паўліка.
Пеця зазірнуў у пакой сябра і са здзіўленнем выявіў там поўны парадак. Ложак быў акуратна засланы, усе рэчы ляжалі на сваіх месцах, нішто не валялася на падлозе.
"Калі я буду так рабіць, – зразумеў хлопчык, – тады мне таксама купяць сабаку".
Сказаў – зрабіў. Вярнуўшыся дахаты, Пеця тут жа ўзяўся за ўборку…
Вынік не прымусіў сябе чакаць. Мама, назіраючы поўны парадак у пакоі сына на працягу некалькіх месяцаў запар, паабяцала, што да дня нараджэння купіць яму сабаку. Матуля стрымала сваё абяцанне. Да шасцігоддзя сына ў яго пакоі з'явіўся маленькі пухнаты камячок з добрымі вочкамі і доўгімі вушамі.
З тых часоў Пеця гэтак жа, як і яго сябар Паўлік, гадуе і выхоўвае свайго сабачку па мянушцы Бобік. У двары Пальма гуляе з Бобікам. Яны, як і хлопчыкі, сталі сапраўднымі сябрамі.
І ўжо ніхто нікому не зайздросціць.
Гэты аповед на рускай мове
30.07.21