Дуэт Ручайка і Салавейкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дуэт Ручайка і Салавейкі
Дуэт Ручайка і Салавейкі
Пасярод светлага бярозавага гаю жыў вясёлы Ручаёк. Яго ведалі лясныя птушкі. Яны прыляталі да яго, каб напіцца і нават выкупаць у яго чыстай вадзіцы свае хвосцікі і крылцы. Ручаёк сябраваў з усімі птушкамі, але больш за ўсіх ён любіў Салавейку. Дзіўны голас гэтай маленькай птушачкі вельмі падабаўся Ручайку. Пачуўшы пошчакі Салаўя, Ручаёк пачынаў журчаць весела і звонка. Яго бліскучыя кропелькі іскрыліся на сонцы і нават струменіліся і падскоквалі ўгару ад шчасця!      Аднойчы вясной Салавейка пасяліўся побач з Ручайком. Ён звіў сабе гняздзечка на высокай бярозе і цэлымі днямі цешыў Ручаёк і яго наведвальнікаў сваімі песнямі. Усё лета Ручаёк жыў у такой цудоўнай музычнай казцы і так прывязаўся да Салавейкі, што адлёт восенню на поўдзень любай птушкі стаў для Ручайка вялікім горам.
     Ён засмуткаваў ад адзіноты ды так, што вадзіца ў ім перастала цурчэць і пацямнела ад смутку. А затым прыйшла марозная зіма і пакрыла Ручаёк тоўстай скарынкай лёду. Усю зіму гараваў Ручаёк. Яму цяжка было дыхаць пад лёдам. Але зямелька, хоць і мёрзлая, усё-такі, пашкадавала і зберагла Ручаёк, не замарозіла яго вадзіцу і не ператварыла ў лёд. Заснуў Ручаёк да самай вясны. І сніліся яму казачныя сны, у якіх ён спяваў песні разам з Салаўём.
     Увесну, прачнуўшыся, Ручаёк адтаў, але не пачуўшы пошчакаў Салаўя, ізноў засмуткаваў.
     – Ён хутка прыляціць, – распавялі яму чорнакрылыя ластаўкі. Яны першымі вярнуліся з далёкіх краін і паспяшаліся да Ручайка напіцца яго вадзіцы пасля цяжкага і доўгага пералёту.
     Ручаёк падумаў: "Я буду спяваць і клікаць Салавейку. Тады ён хутчэй вернецца ў сваё старое гняздо". Падбадзёрыўшыся, звонкі Ручаёк зацурчаў на ўвесь бярозавы гай:
     Мілы дружа, прылятай, прылятай, прылятай!
     Тут цябе чакае гай, цёплы гай, светлы гай.
     Будзем песні пець з табой, мы з табой, мы з табой.
     Прылятай хутчэй дамоў у родны гай, мілы мой.
     
     І вось наступіў той радасны дзень, калі ў сваё гняздо на прыгожай бярозе вярнуўся Салавейка. Зараз усё лета да восені ўвесь бярозавы гай будзе атрымліваць асалоду ад песень Салаўя і Ручайка. Яны навучыліся спяваць разам дуэтам. Так спяваць больш не ўмее ніхто ў гэтым бярозавым гаі.
     
     Малюнак Насці Балыш
     
     
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
19.05.21