Адважнае Ваўчанё - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Адважнае  Ваўчанё
Адважнае Ваўчанё
Калі Максімка згубіўся ў лесе, яго старэйшы брат Мацвей здолеў адшукаць малога. На шчасце, Максімка не далёка адышоў у бок ад старэйшага брата. Дома мама паўшчувала Максімку і забылася пахваліць Мацвея. Але ён не пакрыўдзіўся, таму што тата сказаў:      – Малайчына. Ты выратаваў свайго братка. Гэта вельмі добры ўчынак. Вы – браты, і вам заўсёды трэба засцерагаць і абараняць адзін аднаго. Нават жывёлы дапамагаюць адно аднаму і вызваляюць сваіх з бяды. Калі я быў такім жа хлапчуком, як ты, то дзядуля распавёў мне гісторыю пра Ваўчанё, якое выратавала свайго тату Ваўка. Ваўкі – вельмі дружныя звяры. Яны ходзяць на паляванне вялікімі зграямі, але часам бываюць і адзіночкі.
     Вось паслухай.
     У адной ваўчынай сям'і нарадзілася пяцёра ваўчанят. Іх тата Воўк стараўся накарміць малых і здабываў для іх ежу. Але ў тую раннюю вясну на зямлі яшчэ ляжаў снег, і адшукаць у лесе нават палявую мыш было няпроста. Усе мышы і краты хаваліся глыбока пад снегам, і спрытны белы заяц таксама быў няўлоўны. Адправіўшыся на паляванне, Воўк сустрэў Лісу. Гэта хітруга ўмела лавіць мышэй нават пад тоўстым пластом снегу.
     – Як табе ўдаецца так хутка высачыць мыш? – спытаў Воўк. – Пад снегам мыш нябачная, ды і пах яе я не адчуваю.
     – Затое я чую, як яна скрабецца, – сказала Ліса, натапырыўшы свае чуткія вострыя вушы.
     – Ух ты! – захапіўся Воўк, ён не мог у такім майстэрстве ўгнацца за Лісой.
     – Ліска-сястрычка! Дапамажы мне накарміць маіх галодных ваўчанят, – стаў прасіць Воўк. – Налаві ім мышэй, калі ласка.
     – Буду я карміць тваіх ваўчанят! У мяне свае лісяняты галодныя, – схлусіла хітруга Ліса, хаця ніякіх лісянят у яе нары яшчэ не было.
     Пабег Воўк далей шукаць хоць якую-небудзь здабычу для галодных ваўчанят. Глядзіць, наперадзе рэчка, яшчэ пакрытая лёдам. А на сярэдзіне рэчкі Рыбак сядзіць, рыбу вудай ловіць з лункі. Убачыў Рыбак Ваўка, спалохаўся і пабег прэч. А Воўк падышоў да лункі, зазірнуў у яе, заўважыў у вадзе рыбу, хацеў схапіць, ды паслізнуўся і праваліўся ў раку. Боўтаўся Воўк пад лёдам, боўтаўся і зразумеў, што не выбрацца яму з вады самому. Пашкадаваў ён, што палез у ваду па рыбу, і сабраўся ўжо паміраць. Але тут Рыбак падбег да лункі, глядзіць на Ваўка і шкада яму яго стала. Выцягнуў ён Ваўка з вады, а той так вады наглытаўся, што і памяць страціў. Прынёс Рыбак Ваўка дахаты, вылечыў яго, але ў лес выпускаць не стаў. Пасадзіў ён Ваўка ў клетку і вырашыў у хуткім часе аднесці шэрага ў заапарк. Не ведаў Рыбак, што ў Ваўка гэтага ў логаве пяцёра маленькіх галодных ваўчанят сядзяць, свайго татку чакаюць-не дачакаюцца.
     А мама Ваўчыца моцна перажывала, што Ваўка яе так доўга няма, думала, знік, загінуў іх карміцель.
     – Не хвалюйся, мама, – сказала ёй старэйшае чарнавокае і адважнае Ваўчанё. – Я ведаю, ён жывы, і пайду яго шукаць, пакуль не адшукаю!
     І пайшло Ваўчанё на пошукі бацькі. Ідзе ўздоўж дарогі ў той бок, куды тата Воўк пайшоў, і па баках глядзіць, ці не відаць там каго. А зоркая Варона на сасне сядзіць і кажа Ваўчаняці, маўляў, там, наперадзе, рака віднеецца. Шукай яго ля ракі, можа яшчэ не патануў ён там.
     Пабегла Ваўчанё да ракі, а там качкі ў палонцы плаваюць.
     – Ці не бачылі вы тут Ваўка, майго тату? – пытае Ваўчанё.
     – Бачылі, – кракнулі качкі. – Але ён ледзь не патануў у лунцы рыбацкай, яго Рыбак да сябе ў хату пацягнуў.
     Накаціліся слёзы на вочы ў Ваўчаняці, але малы выгляду не падаў і адважна пабег у кірунку да хаты рыбака. "Жывы мой тата ці не, – вырашыў ён, – усё роўна яго знайду!"
     Падбег малы да плота, глядзіць, а за плотам Сабака на прывязі сядзіць, побач – клетка, а ў ёй – яго тата Воўк. Пачакаў малыш, пакуль сцямнела, пералез праз плот і да клеткі падкраўся. Бачыць Сабака, што прыйшоў выратавальнік, сынок Ваўка, падсадзіў малыша на верх клеткі, а там – завеса. Адсунуў сынок Ваўка завесу зубамі і адчыніў клетку. Вылез Воўк з клеткі і ўцёк разам з сыночкам з гэтага двара.
     Раніцай бачыць рыбак, што клетка адчынена, і Воўк уцёк, а хто гэта зрабіў – не ведае. Так і не даведаўся бы ён ні пра што, калі б Сабака аднойчы не прывёў яго да ваўчынай нары, дзе жыў той самы Воўк. Аказваецца, Воўк з таго часу стаў прыбягаць да Сабакі, бо ён быў ўдзячны Сабаку за тое, што той не выдаў яго гаспадару. Вось так Сабака і Воўк сталі сябрамі.
     Тата Мацвея і Максімкі скончыў свой аповед.
     – Якое Ваўчанё разумнае і адважнае аказалася! – захапіўся Мацвей. – Ды і Сабака таксама разумны, не выдаў яго, разумеў, што ў Ваўка ваўчаняты ў логаве галодныя свайго тату Ваўка чакаюць.
     – Так, сяброўства і паразуменне – важныя рысы характару, якія дапамагаюць жыць не толькі людзям, але і жывёлам, – сказаў тата і абняў сваіх хлапчукоў.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.04.21