Стары Гармонік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары  Гармонік
Стары Гармонік
Дзесьці на краю вялікай вёскі ў драўлянай хаце жыў-пажываў стары Гармонік трохрадка. Ціхую і даволі сумную частку свайго доўгага жыцця ў гэтай хаце ён праводзіў у маленькім светлым пакоі на стале ля акна. А таму што Гармонік адрозніваўся вельмі цікаўным характарам, ён часта заглядваў у акно і таму быў ў курсе ўсяго, што адбывалася ў двары. Гэты двор быў невялікі, але заўсёды акуратна прыбраны гаспадаром хаты. Гармонік назіраў, як поруч плота, распушыўшы яркія пёры на крылах і хвасце, выходжваў малады Пеўнічак – залаты грабеньчык, засцерагаючы ад злых чужынцаў сваіх сябровак курачак. У будцы побач з брамкай часта нудзіўся без справы вялікі рыжы Сабака, а на лузе за плотам пасвілася белая барадатая Каза. Часам, жадаючы трохі перадыхнуць ад цяжкай працы ў гародзе і на полі, стары браў у свае натруджаныя рукі Гармонік і, з любоўю гледзячы на яго, казаў:      – Зайграем, мой дарагі, павесялім сябе і нашых сяброў!
     І тады ўсе, хто быў у двары – Пеўнічак і куры, Сабака і Каза – слухалі натхнёны дуэт адданых любай музыцы сэрцаў – старога Гармоніка і старога музыкі.
     Часам гэты знаёмы вяскоўцам гарманіст заходзіў у сельскі клуб, дзе па нядзельных вечарах збіралася моладзь. Усміхаючыся, ён ускідваў рамяні Гармоніка на плечы і, расцянуўшы яго мяхі, пачынаў іграць. І тады гукі Гармоніка то далікатныя і пераліўчатыя, то вясёлыя і заліхвацкія, разліваліся па зале і несліся па акрузе, напаўняючы шчасцем і радасцю сэрцы маладых людзей. Яны любілі свайго гарманіста, яго музыка дарыла ім вясёлы настрой. Дзяўчаты і хлопцы бадзёра падхоплівалі знаёмыя мелодыі песень, прыпевак, якія не змаўкалі да позняга вечара. А як прыемна было маладым людзям станцаваць пад звонкі голас Гармоніка вальс, танга, ды і свае народныя танцы – лявоніху, крыжачок, польку.
     Позна ўвечары стомлены музыка, сціснуўшы мяхі Гармоніка і падхапіўшы яго падпаху, вяртаўся дахаты ў свой ціхі прыстанак. І зноў стары Гармонік апыняўся на стале ля акна. Усю ноч ён не мог заснуць і ўспамінаў мінулы шумны вечар. Гармонік быў задаволены, што разам са сваім гаспадаром падарыў свята добрым людзям. Ён ганарыўся сабой, яго мяхі паціху падрыгвалі ад шчасця, кнопкі ўзгадвалі цяпло пальцаў музыкі.
     І вось аднойчы ў жыцці Гармоніка адбылася такая грандыёзная падзея, пра якую ён нават не марыў. Яго гаспадара запрасілі на выступленне. І куды б вы думалі? У гарадскую музычную школу!
     Столькі не падобных адзін на аднаго музычных інструментаў, якія ўмелі незвычайна хораша іграць, Гармонік яшчэ ніколі не бачыў. Гэта былі скрыпкі і віяланчэлі, балалайкі і домры, гітары і флейты, кларнеты, раяль, цымбалы, труба, барабаны. На школьнай сцэне выступалі дзеці, яны выконвалі незнаёмыя Гармоніку вельмі прыгожыя творы. А потым на сцэну выйшлі вясёлыя хлопчыкі з музычнымі інструментамі, падобнымі на яго самога. Але гэта былі не гармонікі…
     – Выступае ансамбль баяністаў і акардэаністаў, – абвясціла дзяўчынка з вялікімі бантамі ў косах.
     І тут адбыўся цуд! Хлопчыкі, усеўшыся на крэслах, расцягнулі мяхі музычных інструментаў і зайгралі ўсе разам, націскаючы на кнопкі і клавішы. Выдатнае выступленне ўдзельнікаў ансамбля зачаравала Гармонік. Седзячы на каленях у гаспадара, ён зусім збаяўся, падумаўшы, што так ярка і пранікліва, як гэтыя музычныя інструменты, ніколі не змог бы гучаць на вялікай канцэртнай сцэне.
     Але раптам нечакана для сябе Гармонік сам апынуўся на гэтай сцэне перад сотняй незнаёмых гледачоў! Гаспадар злёгку прыціснуў яго да сябе і зайграў бадзёра і натхнёна. Адчуўшы цяпло знаёмых рук, Гармонік тут жа супакоіўся і заспяваў гучна і выразна! Да таго ж, твор, абраны гарманістам для канцэрта, быў вельмі добрым. "Ура! Я таксама магу выступаць на сцэне, мой голас не горшы за галасы тых разумных інструментаў", – узрадаваўся стары Гармонік.
     А калі за кулісамі ён пазнаёміўся з Баянам і Акардэонам, то даведаўся, што нашмат старэйшы за іх па ўзросце.
     – Нас змайстравалі людзі пазней, калі такія гармонікі, як ты, ужо гучалі ў шматлікіх кутках Зямлі, – распавялі музычныя інструменты. – Ты – наш тата. Усе мы, як і ты, – язычковыя інструменты, бо гучым з дапамогай паветра, якое раздзімаецца скураной камерай, а затым праходзіць праз металічныя язычкі. Бачыш, колькі на нашых бакавых секцыях кнопак і клавіш! На правай клавіятуры гучыць мелодыя, на левай – басы. У нас нават ёсць рэгістры, пераключаючы якія можна змяняць тэмбр гуку і выконваць даволі складаныя творы. Не крыўдуй, але мы ведаем нашмат больш нот, чым ты.
     – Гэта таму, што вы жывяце ў музычнай школе, а я не, – сказаў Гармонік. – Вы – пісьменныя інструменты. А мой гаспадар не вучыўся нідзе, ён самавучка, але ведае на памяць шмат песень і танцаў, якія я яму дапамагаю выконваць, – растлумачыў Гармонік.
     Вось такой была гэтая гутарка. Дома стары Гармонік яшчэ доўга ўспамінаў сваё незвычайнае вандраванне і быў рады знаёмству з Баянам і Акардэонам. Звычайнае вясковае жыццё Гармоніка не давала яму столькі яскравых эмоцый, але цешыла тым, што ў гэтым ціхім лясным краі жылі яго добрыя сябры, якія вельмі любілі голас старога Гармоніка і заўсёды чакалі сустрэчы з ім.
     Аднойчы ў хату да гарманіста зазірнуў хлапчук з суседняй вёскі. Стары гарманіст пазнаёміўся з ім у лесе, калі хадзіў па грыбы, і запрасіў яго да сябе ў госці.
     – Гэта музычны інструмент? – спытаў хлопчык, гледзячы на Гармонік.
     – Так, гэта мой неразлучны сябар Гармонік, – адказаў стары.
     – Дзед, ён такі ж, як мой? – хлопчык паказаў на маленькі губны гармонік, які трымаў у руцэ.
     – Падобны, але толькі вялікі.
     – І ты навучыш мяне на ім іграць? – спытаў хлопчык.
     – Навучу. А зараз давай сыграем, ты – на сваім, а я – на сваім.
     Стары і хлопчык уселіся на канапу і зайгралі разам. І ўсе, хто ў гэты час быў у двары – Пеўнічак і куры, Сабака і Каза – слухалі і весяліліся, таму што гукі вялікага і маленькага гармонікаў зліваліся разам у гарэзлівую мелодыю, пад якую хацелася спяваць, а ногі самі так і рваліся ў скокі.
     
     p.s. А вы ведаеце, што першы гармонік з'явіўся на свет крыху больш за 200 гадоў назад.
     
     Малюнак Насці Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
8.04.21