Дзіўныя навагоднія ператварэнні - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзіўныя навагоднія ператварэнні
Дзіўныя навагоднія ператварэнні
Самым любым святам у Алёшкі заўсёды быў Новы год. Гэта свята любіла і яго малодшая сястрычка Настачка. Навагодняя Ёлка на яе малюнках станавілася чароўнай, а цацкі на ёй проста ажывалі.      – Ты будзеш мастачкай! – захапляўся сястрычкай Алёшка.
     А дзяўчынка нічога не адказвала, а толькі ўсміхалася ў адказ. Ёй было ўсяго чатыры годзікі.
     Тата, заўважыўшы такое зачараванне дзяцей навагоднямі святамі, заўсёды з камандзіровак прывозіў ім у падарунак ёлачныя аздабленні. А таму што камандзіроўкі ў таты былі далёкія, замежныя, то і ёлачныя цацкі аказваліся вельмі дзіўнымі, заморскімі.
     Калі надыходзіў час упрыгожваць навагоднюю Ёлку, Алёшка даставаў з вялікай скрынкі з ёлачнымі цацкамі ў першую чаргу найноўшыя і таму самыя прывабныя цацкі. Іх ён змяшчаў на галоўныя ёлачныя месцы – туды, дзе яны былі добра бачныя. Вось і цяпер, напярэдадні Новага года, Алёшка старанна ўпрыгожваў прынесеную татам з ёлачнага базару зялёную прыгажуню. Па вялікім пакоі "разліваўся" яе водар – пах свежай ігліцы, а сама Ёлка разам з дзецьмі жыла ў прыемным чаканні навагодняга цуду.
     – Маю Сняжынку павесь на галінку! – папрасіла Настачка, працягваючы брату самаробную Сняжынку. Такія сняжынкі, а іх было некалькі, дзеці выразалі напярэдадні з бліскучай фальгі.
     – Пачакай, – прабурчаў хлопчык, – нашы сняжынкі мы ў самым канцы пад Ёлку пакладзём.
     – Не, я хачу на галінку! – заўпарцілася Настачка і сама паклала сваю Сняжынку на ніжнюю галінку Ёлкі.
     Цацкі блішчалі, пераліваліся і, здавалася, нават усміхаліся, гледзячы на дзяўчынку. Такія выдатныя ёлачныя цацкі: саламяны скандынаўскі козлік, нямецкі шчаўкунок, баранчык, эльф, анёлачак, індыйскі слонік, малпачка, мышка, птушачка, блазан, алавяны салдацік, зайчык, вавёрачка, вожык, рыбка, шарыкі, ліхтарыкі і банцікі былі захапляльнымі, апынуўшыся на пухнатых зялёных галінках Ёлкі.
     На дне скрынкі з цацкамі яшчэ заставалася некалькі старых непрывабных прабабушкіных цацак. Іх Алёшка таксама павесіў, але толькі на іншым боку Ёлкі. Гэта былі кардоннае медзведзяня, качаня, пеўнічак, матрошка ў гафраванай спадніцы з папяроснай паперы і рыжы шкляны Сабачка.
     "Ах, калі б такога Сабачку, толькі жывога, мне падарыў на Новы год Дзядуля Мароз!" – падумаў Алёшка, гледзячы ў вялікія чорныя вочкі шклянога Сабачкі. А ён, вы не паверыце, зразумеў яго мары, бо гэты час быў чароўны, пераднавагодні! А Дзядуля Мароз, збіраючы ўсім дзецям падарункі да Новага года, падумаў і пра Алёшку з Настачкай. Ён папрасіў сваіх памочнікаў непрыкметна паставіць пад Ёлку ў іх хаце два падарунка, якія абавязкова спадабаюцца дзецям...
     
     Нарэшце, у вялікім пакоі, дзе стаяла цудоўна прыбраная Ёлка, пазбіралася ўся Алёшкіна сям'я – мама, тата, бабуля і яго сястрычка Настачка. І хаця бабуля жыла ў асобнай кватэры, Новы год яна вырашыла сустрэць разам са сваімі роднымі. Агледзеўшы прыбраную Ёлку з усіх бакоў, яна адразу ж заўважыла знаёмыя ёй з дзяцінства ёлачныя цацкі.
     – Як добра, што яны яшчэ захаваліся ў вас, – узрадавалася бабуля, гледзячы на дзяцей. – Яны нагадаюць вам пра вашу прабабулю, якая купляла гэтыя цацкі. Калісьці я была такой жа маленькай, як і вы, і таксама ўпрыгожвала Ёлку да Новага года.
     Бабуля нават не заўважыла, што старыя цацкі вісяць з іншага боку Ёлкі, поруч сцяны, бо яны абудзілі ў ёй шчаслівыя дзіцячыя ўспаміны. Бабуля расхвалявалася і яшчэ доўга распавядала ўсім, якое добрае было ў яе дзяцінства, нягледзячы на тое, што такіх выдатных цацак, якія ёсць у дзяцей цяпер, у яе не было, вось толькі радасці і шчасця было вельмі шмат.
     Алёшка слухаў бабулю і падумаў аб тым, што трэба захоўваць усе навагоднія цацкі, таму што яны прыносяць радасць успамінаў. Яму было трошкі нязручна за тое, што ён паспрабаваў схаваць за Ёлку старыя цацкі, але хлопчык быў рады, што бабуля гэтага не зразумела.
     А потым усе ўселіся за святочны стол, каб праводзіць стары і сустрэць Новы год. Дзеці глядзелі на гадзіннік і чакалі, калі дзве стрэлкі сыдуцца разам на лічбе 12. І вось, нарэшце, наступіла тое самае чароўнае імгненне, калі ўсім трэба загадваць запаветныя жаданні! Падбегшы да Ёлкі, Алёшка і Настачка знайшлі пад ёй дзве вялікія скрынкі. І што ж у іх было схавана?
     Дзядуля Мароз адгадаў думкі дзяцей і падарыў ім самыя жаданыя падарункі – жывога пухнатага рыжага чарнавокага шчанюка і выдатную ляльку ў навагоднім уборы і серабрыстай кароне з крыштальных сняжынак на галоўцы.
     – Ура! – узрадаваліся дзеці, разглядаючы чароўныя падарункі. – Вялікі дзякуй, Дзядуля Мароз!
     Маленькі шчанюк прыціскаўся да хлопчыка, а Настачка абдымала сваю казачную ляльку. Дзеці радаваліся, вось толькі шклянога Сабачкі на Ёлцы ўжо не было і чароўнай Сняжынкі таксама. Яны ператварыліся ў Навагоднія падарункі, аднак ніколечкі аб гэтым не пашкадавалі.
     
     p.s. З Новым годам, сябры, з новым шчасцем!
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.04.21